15:32 14.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АКТУАЛЬНА ТАДЫ, АКТУАЛЬНА І ЦЯПЕР...

Гэта пісьмо “Як пражыць”  на адрас бюлетэня недзяржаўных арганізацый “Рубон”Верхнядзвінскага раёна было атрымана каля 20 год таму.

Гісторыя ж Ганны Паўлаўны –  простая, як просты кожны наш дзень, поўны прыніжэнняў, крыўдаў і  жыццёвых недарэчнасцяў. Прыводзім ейны ліст без усялякіх купюраў. Ён кажа сам за сябе.

       “Прашу апублікаваць мой ліст у вашай газеце. Піша вам пенсіянерка з Верхнядзвінску. Я адпрацавала сорак гадоў і зараз атрымліваю пенсію 133000 рублёў. Жыву адна, сын жыве ў іншым горадзе. Жыву ў прыватызаванай кватэры, дзе праведзена ацяпленне.

   За лістапад за ацяпленне  маёй кватэры я заплаціла 36000 рублёў, а за снежань – 45000. За электрычнасць – 6000 руб., за  тэлефон – 10000. А зараз падлічыце,  што застаецца мне на жыццё.

   За сваё жыццё я сабрала на ашчаднай  кніжцы 10 тысяч рублёў, і муж сабраў 7 тысяч. І ўсе грошы ў нас украла дзяржава. Выплацілі кампенсацыю 8000000 рублёў, на іх я не здолела купіць нават басаножкі. Вось як наша дзяржава ўмее рабаваць старых людзей.

   Пісала я ў Адміністрацыю Прэзідэнта Лукашэнкі А.Р. пра маленькую пенсію ды высокія цэны на камунальныя паслугі, але мне не палічылі  патрэбным адказаць. Пераслалі мой ліст у Верхнядзвінскі райвыканкам. А з выканкаму адказалі, што яны пенсіі не павялічваюць і цэны на камунальныя паслугі не змяншаюць.

   Людзі з высокімі пасадамі  атрымліваюць вялікія аклады  і цэны павышаюць адпаведна  сваім акладам. А як жывуць  простыя людзі і пенсіянеры, нікому  няма справы. Прэзідэнт абяцаў  павышэнне цэнаў паэтапна, а тут  адразу з 36000 на 45000!

   А як жыць простаму  пенсіянеру, калі заплоціш за  ўсе паслугі? Парайце, як жыць?”

Гэта жанчына не першы  год на пенсіі. Сярод іншых  пенсіянерак яна вылучаецца актыўнай  жыццёвай пазіцыяй. Ганна Паўлаўна  не апускае рукі перад цяжкасцямі,  добра разумее жыццё, ведае  свае грамадзянскія правы і  змагаецца за іх. Яна ніколі  не падала на калені перад аўтарытэтамі, не малілася на “ўсенародна абраных” куміраў і “выкарыстоўвае” іх “па прамым прызначэнні”, напамінаючы сваімі пісьмамі, тэлефоннымі званкамі ды візітамі аб іхнім адзіным абавязку – быць слугамі народу. Іншая справа, што гэтыя служкі не згодныя з тымі, хто іх выбіраў, і лічаць сябе, пэўна, абраннікамі багоў. Аднак, мяркуе Ганна Паўлаўна, гэта зусім не азначае, што трэба сцярпецца з усімі несправядлівасцямі, якія ад іх зыходзяць. Наадварот, трэба дружней насядаць на дзверы ўладных кабінетаў, каб іхнія валадары адчынілі ўрэшце дзверы насустрач праблемам простага люду.

Тое ж, што пенсіянерка  звярнулася ўрэшце да нас як  да больш справядлівай інстанцыі,  сведчыць аб тым, што мы не  дарма трацім высілкі, ідучы  на дыялог з народам. Хай  мы не выйграем канкрэтны момант у чынавенства, але разам з людзьмі мы—сіла, і будучыня – за намі, а не за панамі.

Што змянілася? Нічога, стала яшчэ горш. А сама  Ганна Паўлаўна пастарэла  на дзесятак гадоў і зараз на яе жыццёвым календары за восьмы дзесятак, а ў руках—кіёк, хворыя ногі і немагчымасць  атрымаць належнае лячэнне...”Куды ехаць? -сумна гаворыць яна...І за якія грошы?.Дзяржаве мы зараз не патрэбны...”

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме