19:45 07.10.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АКРАМЯ МАНАЕВА І ЛУКАШЭНКІ, НІХТО РЭЙТЫНГ ПРЭЗІДЭНТА НЕ ДАСЛЕДАВАЎ
Як стала вядома Еўрарадыё, сацыёлагі на гэта не маюць альбо грошай, альбо магчымасцяў, альбо жадання.
Як вядома, паводле дадзеных НІСЭПД, рэйтынг Лукашэнкі знізіўся ў 2,5 разы і зараз за яго гатовыя прагаласаваць 20,5%. Еўрарадыё даведалася, ці цікавіліся іншыя сацыялагічныя і аналітычныя цэнтры ды лабараторыі Беларусі сённяшнім электаральным рэйтынгам і рэйтынгам даверу да ўлады.Паводле слоў дырэктара Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Ігара Катлярова, яны ўвогуле ніколі (!) не высвятлялі рэйтынг даверу людзей да кіраўнікоў ды палітыкаў.
Ігар Катляроў:“Мы ўвогуле ніколі гэтым не займаліся! Электаральныя перавагі мы ніколі не вывучалі. А тым больш — у апошні час. У нас няма ні структур, якія займаюцца электаральнымі паводзінамі, ні нейкіх заданняў, ні заказаў. І ў бліжэйшы час мы не збіраемся такое рабіць”.
Праводзіць даследаванні за грошы Інстытута сацыёлагі не могуць: дорага. Катляроў адзначае, што, каб вынікі адпавядалі рэчаіснасці, неабходна апытаць каля 1,5 тысяч чалавек па ўсёй краіне. А на гэта неабходна не менш за 5 тысяч долараў. І прызнаецца: нават калі б такое даследаванне ім замовілі замежныя структуры, яны б яго правялі — дзяржава паставіла перад інстытутам задачу зарабляць грошы.
Не задавалі беларусам пытанні пра рэйтынг і давер і сацыёлагі з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта. Маўляў, прэзідэнцкія выбары прайшлі, парламенцкія — не хутка, і вывучаць палітычныя схільнасці людзей і рэйтынгі палітыкаў не мае сэнсу. Праўда, прызнаецца прэс-сакратар ІАЦ Аляксандр Філіпенка, нядаўна праводзілі апытанне, дзе падымаліся блізкія па сэнсе тэмы.
Аляксандр Філіпенка:“У нас больш ускоснае апытанне: улічваючы эканамічныя абставіны, зараз мы вельмі цікавімся, як людзі бачаць перспектывы вырашэння, з кім яны звязваюць вырашэнне, на каго яны ўскладаюць свае спадзяванні і гэтак далей”.
Але вынікамі гэтага даследавання ІАЦ падзяліцца адмовіўся.
Аляксандр Філіпенка:“Мы сацыялагічныя апытанні, як структурнае падраздзяленне Адміністрацыі прэзідэнта, аддаем кіраўніцтву. А ўжо прэс-рэліз выдае непасрэдна Адміністрацыя. Адпаведна, сацыялагічных апытанняў у нас шмат, але што пойдзе ў прэс-рэліз, мы не ведаем”.
Паведамляць жа вынікі даследавання без ухвалення кіраўніцтва яны не маюць права.
Супрацоўнікі лабараторыі НОВАК штогод праводзілі сацыялагічныя даследаванні, кшталту таго, якім займаліся калегі з НІСЭПД. Але вось ужо год як менавіта за такія тэмы яны брацца не могуць, кажа Надзея Яфімава.
Надзея Яфімава:“Гэта заўсёды было актуальна і мы заўсёды параўноўвалі гэтыя рэйтынгі. Але, на жаль, цягам апошняга года мы гэтага не рабілі. Пасля таго, як у нас была праверка, мы рэйтынгі менавіта не вымяралі”.
І толькі ў Аналітычным цэнтры ЕсооМ Еўрарадыё сказалі, што пэўныя звесткі на гэты конт у іх будуць. Але пазней. Кіраўнік цэнтра Сяргей Мусіенка запэўнівае, што правесці адпаведнае сацыялагічнае даследаванне яны мяркуюць праз некалькі тыдняў.
Сяргей Мусіенка:“Пакуль не праводзілі — дзесьці бліжэй да лістапада будзем праводзіць. Мы зараз анкету падрыхтавалі і запусцім яе тыдні праз два. Канец года — год пасля выбараў праходзіць. Год пасля выбараў — гэта і ёсць нейкая “адсечка” — сэнсу рабіць гэта часцей я не бачу”.
Затое ёсць вынікі закрытага сацыялагічнага апытання ў кіраўніка краіны. І ён іх сёння агучыў на сустрэчы з журналістамі з расійскіх рэгіёнаў.
Аляксандр Лукашэнка:“Паводле дадзеных сацапытання да жніўня месяца амаль 70% рэспандэнтаў выказалі давер кіраўніку краіны. Ужо не 80, а 70 — падзенне ёсць. 70% лічаць, што дзейнасць прэзідэнта адпавядае іх інтарэсам. 60% рэспандэнтаў пазітыўна ўспрымаюць жыццёвую сітуацыю. Не 100% — 60, а было больш за 80. Амаль 50%, падзенне значнае, упэўненыя ў заўтрашнім дні. Далей я вам не прачытаю... У 58% грамадзян пераважвае пазітыўны эмацыйны стан: упэўненасць, цярплівасць — гэта вельмі нізкі ўзровень. Але нідзе няма 20%!”
Дарэчы, каментуючы крыху раней у гэтым жа сваім выступе вынікі розных сацыялагічных даследаванняў, кіраўнік краіны заўважыў, што яны залежаць ад таго, хто гэтыя даследаванні замаўляе і колькі за іх плаціць.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме