02:47 15.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АДЗІНАГА АПАЗІЦЫЯ АБІРАЛА ДВОЙЧЫ, АЛЕ САМА АДЗІНАЙ НІКОЛІ НЕ БЫЛА
Кіраўнік штаба адзінага ад апазіцыі-2006 Сяргей Калякін прызнае, што працаваў на кандыдата, якога не падтрымліваў.
Абіраць адзінага-2015 не толькі трэба, але, аднагалосна лічыць уся апазіцыя, можна. Але асцярожна, папярэджвае лідар левых Сяргей Калякін.
Сяргей Калякін:“Ёсць пытанні важныя: які гэта павінен быць кандыдат; з якім пасылам; з якімі палітычнымі мэтамі ён павінен ісці, гэты кандыдат; якую палітыку ён будзе праводзіць; ці ставіць ён мэту перамогі, ці не ставіцца такая мэта?”
Сваю асцярожнасць старшыня партыі “Справядлівы свет” тлумачыць тым, што яны ўжо з адным такім адзіным “апякліся”.
Сяргей Калякін: “Мы маем вельмі-вельмі вопыт такі… Калі мы працавалі на адзінага, якога мы не маглі падтрымліваць, напрыклад, па палітычных поглядах. Гэта 2006 год...”
Цікавае прызнанне, бо ў 2006 годзе Сяргей Калякін быў… кіраўніком штаба адзінага ад апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча. Фактычна, кіраваў выбарчай кампаніяй кандыдата, якога не мог падтрымліваць па… палітычных поглядах! Як у такіх умовах было самому адзінаму? Складана, прызнаецца Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч:“Некаторыя камуністы шчыра казалі: “Мы не можам за Мілінкевіча хадзіць агітаваць — у нас абсалютна розныя ідэалагічныя пазіцыі”.
Спачатку кіраўніком штаба ён планаваў паставіць Вінцука Вячорку. Але ў пошуках “палітычнай выгады” аддаў пасаду ідэалагічнаму апаненту — з мэтай “умацавання кааліцыі”. Сяргей Калякін быў сярод прэтэндэнтаў на адзінага. Прайграў, трэба было яго схіліць да супрацы. Як зараз бачна, Аляксандр Мілінкевіч мэты сваёй не дасягнуў. Адчуваць за сваёй спінай “непахісную сцяну” аб’яднанай апазіцыі не далі Мілінкевічу не толькі левыя — “былі групы, якія былі расчараваныя, што не іх кандыдат абраны, і не актыўна працавалі”.
Супернікам Мілінкевіча быў лідар АГП Анатоль Лябедзька. Яму з “мэтай умацавання кааліцыі” даручылі ўзначаліць Нацыянальны камітэт — ценявы ўрад кандыдата ў прэзідэнты. Сёння Лябедзька ўпэўнівае, што працаваў на Мілінкевіча самааддана, “ніводнага дня не прасачкаваў”. Але за ўсіх сваіх тое ж сказаць не можа.
Анатоль Лябедзька:“Ёсць людзі, якія будуць на ўсё казаць: “Так”, з першага да апошняга ківаць галавой, грукаць кулаком у грудзі, але ты ведаеш, што гэта яшчэ не ёсць гарантыя, што ўсё будзе зроблена добра і якасна”.
Адзіны на выбарах-2001 Уладзімір Ганчарык узгадвае, што ў камандзе былі такія, хто ўвогуле не стаў пачынаць працу на адзінага.
Уладзімір Ганчарык: “Адны працавалі сумленна, іншыя — рабілі выгляд, што працуюць, а трэція наогул не сталі пачынаць працу”.
А прычына была ў… асабістых крыўдах!
Уладзімір Ганчарык:“Прыходзілі і прасілі, патрабавалі: “Дайце мне тыя ці іншыя пасады ў выбарчым штабе — інакш мы не будзем працаваць!”. Яны і не сталі працаваць!”
Раздаваць штабныя партфелі “з мэтай умацавання кааліцыі” Ганчарык не стаў і атрымаў тое ж, што і Мілінкевіч — адсутнасць агульнай падтрымкі ўсіх апанентаў улады.
Зараз Мілінкевіч раіць будучаму адзінаму сабраць у асобны штаб адмыслоўцаў — паліттэхнолагаў і арганізатараў. Бо абранне адзіным аўтаматычна ўсёй апазіцыі.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме