19:16 24.01.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АДС ВЫСТУПАЕ ЗА БІПАЛЯРНУЮ БЕЛАРУСЬ
У Менску адбылося паседжаньне Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Палітыкі вызначылі задачы на 2010 год, галоўная з якіх – удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і пошук кандыдата ў прэзыдэнты. З-за адсутнасьці неабходнага кворуму не ўдалося пашырыць склад АДС. На паседжаньні не прысутнічалі прадстаўнікі Руху "За свабоду" і "Эўрапейскай кааліцыі".
На завяршэньне сваёй працы Палітрада разгледзела арганізацыйныя пытаньні.
Менавіта заяўкі арганізацыяў “Саюз—Чарнобыль- Беларусь” і “Маладая Беларусь” аб уступленьні ў АДС. Сяргей Калякін патлумачыў, што такое рашэньне згодна з рэглямэнтам прымаецца 4/5 ад усёй колькасьці Палітрады. Гэта значыць, што за рашэньне павінна прагаласаваць ня менш за 32 чалавекі. Але ў сёньняшнім паседжаньні ўдзельнічаюць толькі 28 сяброў Рады. Таму прыняць станоўчае рашэньне немагчыма. Прадстаўнікам абедзьвюх арганізацый прапанавана пакуль далучыцца да працы кааліцыйных органаў.
А вось склад прэзыдыюму Палітрады сёньня павялічыўся. Квоту ў ім атрымалі прадстаўнікі Руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” і афіцыйна незарэгістраванай Беларускай жаночай партыі “Надзея”.
У часе дыскусііПасьля выступу Вацлава Арэшкі пачалася дыскусія, ў якой прынялі ўдзел Васіль Палякоў, Анатоль Паўлаў, Юрась Хадыка, Віктар Гарбачоў, Юры Глушакоў, Сяргей Абразоўскі, Уладзімер Колас, Фёдар Муханаў, Юры Варонежцаў, Станіслаў Багданкевіч, Юры Істомін.
Станіслаў Багданкевіч: Макей абяцаў узнавіць працу Рады ў траўні
Ганаровы старшыня АГП прафэсар Станіслаў Багданкевіч распавёў пра свае ўражаньні ад апошняга паседжаньня Кансультатыўна-грамадзкай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта, якое адбылося ўвечары 22 студзеня.
Ён сказаў, што ўсе прысутныя сябры Рады выказаліся за працяг яе працы. Сваю пазыцыю Станіслаў Багданкевіч абгрунтаваў тым, што ў адсутнасьць дэмакратыі такія сустрэчы “гэта маленькая магчымасьць данесьці нашую пазыцыю да кіраўнікоў дзяржавы”.
Станіслаў Багданкевіч сказаў, што ён асабіста ўнёс тры прапановы, скіраваныя на паляпшэньне працы Рады:
- Паколькі ў складзе Рады ёсьць тры прадстаўнікі праўрадавых партыяў, я прапанаваў Уладзімеру Макею ўключыць у Раду і прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў.
- Паколькі ў раду ўваходзяць галоўныя рэдактары дзяржаўных выданьняў “СБ” і “Рэспубліка”, я прапанаваў увесьці ў склад Рады і прадстаўнікоў незалежных мэдыяў.
- І трэцяе, я прапанаваў прыдаць Радзе галоснасьць: запрашаць на яе паседжаньні журналістаў, выдаваць прэсавыя рэлізы.
Станіслаў Багданкевіч паведаміў, што Ўладзімер Макей паабяцаў узнавіць працу Рады ў траўні, пасьля правядзеньня мясцовых выбараў. І ён таксама прапанаваў сябрам Рады ўносіць канкрэтныя тэмы для далейшага абмеркаваньня.
Уладзімер Колас: кандыдата ў прэзыдэнты павінны вызначыць экспэрты
Старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас сказаў, што ўжо сёньня трэба думаць пра пэрсаналізацыю кандыдата ў прэзыдэнты.
“Трэба не праводзіць шматступенчатыя адборы, дзе кожны будзе цягнуць коўдру на сябе. Трэба стварыць экспэртную групу, каб яна ўзважыла шанцы кожнага з магчымых прэтэндэнтаў і прапанавала найлепшага.”
Сяргей Абразоўскі: І народ да нас пацягнуўся
Прадстаўнік кааліцыі з Менскай вобласьці Сяргей Абразоўскі сказаў, што прыярытэтнай праблемай АДС Міншчыны выбралі для сябе сытуацыю ў жыльлёвай гаспадарцы.
“І менавіта пасьля гэтага народ да нас пацягнуўся. І на мясцовых выбарах, якія пройдуць у красавіку, трэба таксама ставіць канкрэтныя праблемы, якія турбуюць людзей. Гэта тая ж сама камунальная гаспадарка, экалёгія, падзеньне заробкаў.
У Менскай вобласьці ўжо складзеныя ўладамі сьпісы на магчымых кандыдатаў у дэпутаты. І там ёсьць такія катэгорыі:
- катэгарычна не павінен прайсьці ў дэпутаты;
- не павінен прайсьці ў дэпутаты;
- можа прайсьці ў дэпутаты.
Але нават ведаючы пра гэта, у выбарах трэба ўдзельнічаць.
Калі мы будзем размаўляць з людзьмі пра надзённыя справы, Яны нас падтрымаюць”
Лябедзька: Ні Партыя БНФ, ні Рух “За свабоду” дакумэнтаў аб выхадзе з АДС не прадстаўлялі
Падчас дыскусіі некалькі разоў узьнікала пытаньне аб ролі ў АДС партыі БНФ і Руху “За свабоду”. Сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька патлумачыў сытуацыю:
“Ніякіх дакумэнтах аб выхадзе з АДС мы не атрымлівалі ні ад Партыі БНФ, ні ад Руху “За свабоду”. Ёсьць толькі публічныя заявы палітыкаў з гэтых структур, што мы, маўляў, больш не ў АДС. Таму эмацыйны стан некаторых сяброў АДС можна зразумець, але трэба прымаць ўзважанае і сур’езнае рашэньне.”
А Сяргей Калякін дадаў, што выключаць кагосьці з АДС з нашай ініцыятывы гэта “тупіковы шлях”.
Юры Хадыка: АДС — гэта труп
Сябра Палітрады АДС Юрый Хадыка лічыць, што Палітрада не збіралася ўжо паўтары гады і ніводзін з сустаршыняў кааліцыі сёньня ў сваім выступе не растлумачыў прычыну гэтага.
Палітык таксама зазначыў, што АДС былі створаны, каб выступаць з адзінай думкай, прадстаўляючы беларускую апазыцыю за мяжой.
"Аднак мы далі магчымасьць казаць ад імя АДС людзям, якія актыўна прасоўвалі ў Эўропе ідэю дыялёгу з уладай. Прычым АДС не давалі ім паўнамоцтваў для такіх заяў і ніяк не рэагавалі на такія дзеяньні. Гэта значыць, можна казаць, што АДС — гэта труп, які не можа рэагаваць на дзеяньні, скіраваныя на раскол самой кааліцыі", — цытуе Юрыя Хадыку.
Ён таксама падкрэсьліў, што сёньня на пасяджэньні з 40 чалавек, якія ўваходзяць у Палітраду АДС, адсутнічаюць 12, менавіта з тых структур, якія настойвалі на дыялёгу Эўропы з уладай.
"АДС павінны правесьці чыстку ў сваіх радах і ачысьціцца ад тых, хто стаў на шлях расколу дэмакратычных сіл. Калі рух "За Свабоду" мае намер рухацца, то няхай рухаецца самастойна як хоча і куды хоча, не ўносячы пры гэтым расколу ў дэмакратычныя сілы. Калі АДС не ачысьцяцца ад такіх суб'ектаў, то кааліцыя загіне", — мяркуе Хадыка.
Васіль Палякоў: патрэбны адзіны кандыдат ад усіх дэмсілаў
Першым у дыскусіі выступіў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Васіль Палякоў. Ён сказаў, што кампанія прэзыдэнцкая 2011 году ёсьць найважнейшая падзея бліжэйшага часу, але АДС у падрыхтоўцы гэтай кампаніі не павінны замыкацца ў сваім коле.
Васіль Палякоў заклікаў ужо сёньня пачынаць працу з разьлікам на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах. І важнейшай умовай гэтай перамогі павінна стаць, на яго думку, пошук кандыдата ў прэзыдэнты ад шырокай апазыцыі, а не толькі ад АДС.
Віктар Гарбачоў: Народ сьмяецца “над выбарамі”
Прадпрымальнік Віктар Гарбачоў сказаў, што “падчас размоваў з народам складваецца ўражаньне, што яны сьмяюцца над выбарамі наагул. Пра якія выбары вы кажаце? Каго ўлада захоча, таго і прызначыць дэпутатамі”.
Пры чым, падкрэсьліваў Гарбачоў, гэта словы зусім не дэмакратычных актывістаў, а самых звычайных людзей. Таму спадар Гарбачоў прапанаваў падумаць над такім варыянтам: выступіць за тое, каб 19,5 мільярдаў рублёў, якія выдзяляюцца на так званыя выбары прапанаваць скіраваць на мэдыцыну.
“Людзі, якія ўжо шалеюць ад будаўніцтва лядовых пляцовак і ў якіх няма грошай на лекі будуць нам надзвычай удзячны.”
Вацлаў Арэшка: У грамадзтве трэба дасягаць біпалярнасьці
Кіраўнік плянава-аналітычнай групы АДС Вацлаў Арэшка прааналізаваў у сваім выступе выкананьне стратэгіі дэмсілаў, якая была прынятая ў 2007 годзе. Ён сказаў, што гэтая стратэгія хаця і актуальнай, але і патрабуе адначасова сур’ёзных карэктываў:
“Галоўнае, што трэба зрабіць, гэта арыентацыя на фармаваньне ў грамадзтве біпалярнай карціны палітычнай прасторы і ўмацаваньня ролі ціску на ўладу збоку незадаволеных яе дзеяньнямі, які павінна каардынаваць апазыцыя.”
Вацлаў Арэшка сказаў, што цяпер трэба мяняць імідж апазыцыйных сілаў.
“Больш ужо ня трэба баяцца слова апазыцыя. Сёньня апазыцыя перастала быць жупалам. Яна зразумела тым, хто незадаволены дзеяньнямі ўлады. А такіх людзей ужо дастаткова многа.”
Вацлаў Арэшка падкрэсьліў, што трэба “зьмяніць вэктар з дыялёгу з уладамі на ўзмацненьне біпалярнасьці грамадзтва. Грамадзтва павінна бачыць арэлі: на адным баку ўлада, на другім – апазыцыя. Грамадзтва пабачыць, хто з іх што робіць і зробіць свой выбар.
Галоўнай палітычнай падзеяй у бліжэйшай будучыні Арэшка назваў прэзыдэнцкія выбары 2011 году. А сёлетнія мясцовыя выбары павінны праводзіцца з абавязковым улікам падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх.
Арэшка прызнаў, што дыялёгу з уладай у апазыцыі не атрымалася.
“Мы перабольшвалі значэньне дыялёгу з элітай. Яна зацікаўленая толькі ў тым, каб утрымацца ва ўладзе і мець ад гэтага свае дывідэнды. Таму, на думку аналітыка, апазыцыя павінна вярнуцца да ідэі, што з уладай трэба размаўляць з пазыцыі сілы.
Ён прапанаваў, пачынаючы ўжо з мясцовых выбараў пераносіць акцэнт з сацыяльных патрабаваньняў на палітычна-сацыяльныя.
Выступы сустаршыняў АДСАнатоль Лябедзька: Антыкрызісная плятформа надзвычай важны дакумэнт
Анатоль Лябедзька казаў, што паводле дадзеных сацыялягічнай лябараторыі “Новак” пазнавальнасьць гэтага дакумэнту складае 10% і гэта вельмі высокі паказчык для нашай краіны.
“Актывісты дэмсілаў ішлі на прахадныя прадпрыемстваў, арганізавалі шырокую кампанію папулярызацыі плятформы ў незалежных мэдыях. А Станіслаў Багданкевіч прэзэнтаваў яе на Кансультатыўна-грамадзкай радзе пры Адміністрацыі прэзыдэнта. У выніку беларускія ўлады вымушаныя былі скарыстацца шэрагам палажэньняў антыкрызіснай плятформы.”
Анатоль Лябедзька сказаў, што вельмі станоўчы эфэкт дала праграма падрыхтоўкі аныкрызісных агітатараў. Пакуль іх падрыхтавалі толькі ў трох абласьцях Беларусі, так што рэзэрв застаецца.
Анатоль Ляўковіч: У выбарах трэба ўдзельнічаць
Старшыня БСДП (Грамада) Анаталь Ляўковіч распавёў пра выбарчыя кампаніі. Анатоль Ляўковіч лічыць, што АДС абавязкова трэба ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, прызначаных на 25 красавіка 2010 году.
“Ужо зараз нам патрэбна скласьці сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, сыходзячы з прынцыпу “адна акруга – адзін кандыдат”.
На думку Ляўковіча, байкот гэтых выбараў немэтазгодны:
“Няма фактару электаральнага пратэсту і няма адзінства ўсіх дэмакратычных сіл”
Вяртаючыся да выбараў у Палату Прадстаўнікоў, якія адбыліся восеньню 2008 году, спадар Ляўковіч сказаў, што АДС мелі дзьве мэты: правесьці сваіх дэпутатаў і паказаць насельніцтву, што выбарчая кампанія ў Беларусі непразрыстая і праходзіць са шматлікімі парушэньнямі. Сустаршыня АДС прызнаў, што ўдалося выканаць толькі другую мэту, а першая нявыкананая не таму, што ў дэмсілаў былі дрэнныя кандыдаты, проста ў цяперашніх варунках сапраўдных выбараў быць не магло.
“Нідзе ў сьвеце няма такога прыкладу, каб увесь парлямэнт быў сфармаваны адразу пасьля першага туру.”
Вінцук Вячорка: Захад ужо расчараваны
Вінцук Вячорка, які адказвае за міжнародную дзейнасьць АДС, згадаў, што пра магчымы паварот аб’яднанай Эўропы да дыялёгу з уладнымі структурамі Беларусі і непасрэдна кантакту з Аляксандрам Лукашэнкам мы даведаліся ў сакавіку 2008 году. І тады была выпрацаваная супольная пазыцыя беларускай апазыцыі, пры чым складам нават шырэйшым за АДС.
“Мы прапанавалі Эўропе вымяраць лібэралізацыю не словамі Аляксандра Лукашэнкі, а ягонымі дзеяньнямі. І гэта была правільная пазыцыя. Бо цяпер усё больш заходніх палітыкаў расчараваныя вынікамі дыялёгу Эўропы з Лукашэнкам. А некаторыя замежнікі нават пачалі казаць, што гэта сама беларуская апазыцыя прасіла іх пра наўпроставыя кантакты з Лукашэнкам. Такога збоку апазыцыі ніколі не было”.
На думку выступоўцы, прыняцьце Беларусі ў Раду Эўропы можа быць добрым стымулам для краіны. Але толькі пры пэўных і значных зьменах у беларускай дзяржаве.
“Мы прапанавалі зрабіць супольную экспэртную групу разам з афіцыйнымі ўладамі, якая б падрыхтавала агульную дарожную мапу для Беларусі. Але ўрад на гэта не пайшоў”.
Сяргей Калякін: У рэгіёнах працуюць лепш
Першым са сустаршыняў АДС пра сваю працу распавёў лідэр беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін, які адказвае за арганізацыйную дзейнасьць у АДС. У сваё справаздачы ён прывёў наступныя лічбы.
“Напачатку ў АДС было 14 суб’ектаў. Цяпер іх засталося 11, але Партыя БНФ і рух “За свабоду” занялі мала зразумелую пазыцыю. Яны фактычна ня ўдзельнічаюць у працы прэзыдыюма АДС, але і з кааліцыі не выходзяць. А вось у рэгіёнах, становішча іншае. Там супольна працуюць ажно 28 суб’ектаў. Гэта практычна ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі і шэраг грамадзкіх арганізацыяў. Кожная вобласьць вызначылася з канкрэтнымі праграмамі і займаюцца зразумелай насельніцтву справамі.”
Сяргей Калякін лічыць, што ва ўмовах дыктатуры ёй існуе толькі адна альтэрнатыва – яднаньне ўсіх дэмакратычных сіл і тыя, хто “вольна ці нявольна” разбураюць гэты саюз робяць дрэнную справу.
Сяргей Калякін прызнаў, што ў АДС ёсьць яшчэ вялікі нявыкарыстаны патэнцыял. Дзеля яго поўнага выкарыстаньня ён прапанаваў пашырыць сяброўства ў Прэзыдыюме АДС.
11.20 Паседжаньне пачалося. З 40-а удзельнікаў Палітрады АДС прысутнічаюць 28 чалавек, неабходных для кворуму.
Зараз у склад Палітрады АДС уваходзяць 40 чалавек. Раней у складзе Палітрады было 46, але незарэгістраваная партыя Міколы Статкевіча “Народная Грамада” і “Партыя свабоды і прагрэсу” Ўладзімера Навасяда прыпынілі сваю дзейнасьць. “Малады Фронт” выйшаў з кааліцыі.
На форуме няма нікога зь кіраўніцтва “Руху за свабоду” і “Еўрапейскай каліцыі”, а таксама запрошаных Станіслава Шушкевіча і Аляксандра Казуліна.
11.10 Перад самым адкрыцьцём паседжаньня сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе:
“Мы разьлічваем на грунтоўны аналіз таго, што ўжо зроблена, а таксам вызначымся са стратэгіяй будучых дзеяньняў. Мы хочам даць адказы на пытаньні, які сёньня найбольш хвалююць людзей. І на гэтай нарадзе мы хочам паказаць, што апазыцыя жыцьцяздольная і, галоўнае, што ў яе ёсьць свая пазытыўная альтэрнатыва дзейнай уладзе. У гэтым сэнсе асабліва важнымі для нас зьяўляюцца прасоўваньне антыкрызіснай плятформы АДС і вызначэньне ёмістай статэгіі на выбарчую кампанію.”
Перад пачаткам паседжаньня
11.00 Ідзе рэгістрацыя ўдзельнікаў і гасьцей. Сярод вядомых палітыкаў ужо прыехалі Станіслаў Багданкевіч, Мечыслаў Грыб, Юрась Хадыка, Аляксандар Бухвостаў,Валеры Фралоў, які прыехаў на сустрэчу адмыслова з Масквы.
Таксама на паседжаньне прыбылі прадстаўнікі менскага офісу АБСЭ, амбасадаў Вугоршчыны, Літвы, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі і Італіі.
Парадак дня:
- Вынікі працы АДС за 2009 год
- Даклад "Асноўныя крытэры кампаніі па правядзеньню мясцовых выбараў", які зробіць Вацлаў Арэшка
- Дыскусія і адказы на пытаньні
- Разгляд заявак на ўдзел у АДС
Прыняць удзел у сходзе запрошаныя вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы і экспэрты. Сярод іх – Андрэй Вардамацкі, Аляксандар Казулін, Уладзімер Колас, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Ярашук ды іншыя.
Запрашэньні наведаць паседжаньне накіравалі і ў 15 дыпляматычных прадстаўніцтваў, уключаючы краіны Эўразьвязу, ЗША і Расеі.
Сярод асноўных задач паседжаньня:
- Вызначэньне асноўных крытэраў кампаніі па правядзеньню мясцовых выбараў, якая пачалася 19-га студзеня
- Сустаршыні АДС прадставяць свае справаздачы па кожнаму канкрэтнаму кірунку дзейнасьці, якім яны займаліся.
- Палітрада таксама разгледзіць заявы арганізацыяў “Маладая Беларусь” (старшыня Дзьмітры Касьпяровіч) і “Саюз-Чарнобыль-Беларусь”, якія пажадалі далучыцца да кааліцыі”.
Уладзімер Глод
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
8 ноября 2024
« | Ноябрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | ||||
4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 |
11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 |
18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 |
25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 |