19:48 16.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АДС Беларусі прынялі антыкрызісную платформу

16 сакавіка ў сядзібе Партыі БНФ лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) прэзентавалі журналістам антыкрызісную платформу АДС "Аб шляхах пераадолення фінансава-эканамічнага крызіса і важнейшых накірунках новай эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь", удзел у распрацоўцы якой узялі аўтарытэтныя адмыслоўцы, вядомыя як у краіне, так і па-за яе межамі. 
Сустаршыні АДС адзначылі, што дадзеная платформа ёсць не толькі прапановай ураду па выхаду з эканамічнага крызіса, але і патрабаваннем не дапусціць перакладання цяжкіх яго наступстваў на плечы простых грамадзян, інакш апазіцыя запатрабуе адстаўкі ўсяго кіраўніцтва краіны.  
 
У чым крызіс
 
Як адзначаюць аўтары платформы, эканамічны крызіс прасяк беларускую эканоміку задоўга да наступлення сусветнага фінансавага крызісу. Слабасць эканомікі выявілася ў выглядзе стратнасці і нізкай рэнтабельнасці большасці прадпрыемстваў, страты абаротнага капітала, закрэдытаванасці рэальнага сектара, роста сховішчных запасаў, павелічэння крэдыторскае запазычанасці, высокай інфляцыі.
З-за выбранай памылковай мадэлі развіцця, падкрэсліваецца ў дакуменце, краіна стаіць на мяжы эканамічнага абвалу. Праблема пагаршаецца сусветнай рэцэсіяй, падзеннем коштаў і зніжэннем попыту на экспартуемыя тавары, узмацненнем канкурэнцыі. 
Таму платформа, прапанаваная АДС, над якой праз удзел у "круглых сталах", аналіз, прапановы працавалі такія вядомыя эканамісты як Станіслаў Багданкевіч, Павел Данейка, Леанід Заіка, Міхаіл Залесскі, Леанід Злотнікаў ды іншыя, а таксама такія структуры як Аналітычны цэнтр "Стратэгія", Навукова-даследчы цэнтр Мізэса, Інстытут прыватызацыі і менеджмента, Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў, прапануюць рэальныя шляхі выхаду са складанай сітуацыі.
 
Гатовасць да дыялога

Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі, шляхам складаных дыскусіяў пад час падрыхтоўкі платформы атрымалася дасягнуць кампрамісу практычна ўсіх суб’ектаў дэмакратычнае супольнасці Беларусі. "АДС гатовыя да дыялогу ўнутры краіны з уладамі не толькі па палітычнай праблематыцы. Зараз, маючы Антыкрызісную платформу, мы можам размаўляць і ўнутры краіны, і за межамі, маючы супольнцую пазіцыю. Гэта вельмі і вельмі важна", - падкрэсліў кіраўнік АГП.
Як адзначыў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, падрыхтаваны дакумент не ёсць праграмай выхаду з крызісу, таму што праграму можа рэалізаваць толькі ўрад, які валодае дастатковай кампетэнцыяй і паўнамоцтвамі, доступам да дзяржаўных рэсурсаў і ўладных рычагоў.
Па словах Калякіна, у Платформе вызначаныя накірункі, над якімі зараз трэба найбольш актыўна працаваць: гэта прыярытэтнае фінансаванне і развіццё адукацыі і навукі, пераход на кіраванне сучаснымі сродкамі праз стварэнне праграмы "Электронная Беларусь і электронны ўрад", развіццё энергетычнае праграмы, якая сёння маецца і ва ўрадзе, занаванай на выкарыстанні разнастайных рэсурсаў і сыравіны для вытворчасці электраэнергіі, а таксама каардынальнае спрашчэнне падаткавай сістэмы.
 
Прапановы і патрабаванні
 
Гэтая платформа будзе выкладзеная пры канцы сакавіка на наступным паседжанні Кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта былым старшынём Нацбанку Станіславам Багданкевічам. Па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, гэты дакумент – не толькі прапанова і парады дзейнай беларускай уладзе.
"Гэта нашы патрабаванні да ўлады: калі яна не выканае меры па сацыяльнай абароне людзей і па дэмакратызацыі беларускага грамадства, то мы заяўляем, што яна не здольная справіцца з сітуацыяй і павінна сысці", - сказаў палітык. 
Як адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ, рэалізацыя гэтай платформы магчыма толькі пад кантролем дзеяздольных і падсправаздачных грамадству дэмакратычных інстытутаў улады пры ўмове спынення палітычных рэпрэсій, у атмасферы празрыстасці і даверу.
Віктар Івашкевіч паведаміў, што асноўныя палажэнні Платформы будуць агучаны пад час мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіка, а ўдзельнікі акцыі прагаласуюць за адпаведную рэзалюцыю, якая будзе накіравана кіраўніцтву Беларусі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў
ADSLidery platforma 610.jpg

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме