11:01 21.08.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АДКРЫТЫ ЛІСТ Уладзіміра Някляева ГЕНЕРАЛЬНАМУ ПРАКУРОРУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Прамінула 3 месяцы з таго дня, калі за ўдзел у грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” я быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія зрабілі ў маім доме ператрус і забралі ўсе рукапісы: папяровыя і электронныя.
Якія адносіны да крымінальнага кодекса, да артыкула 250, па якім мяне затрымалі, могуць мець мае аповесці, апавяданні, паэмы і вершы?.. Ніякага. Але на ўсе просьбы вярнуць мне іх – ці маўчанне, ці пустыя адпіскі.
Сярод забранага – творы незавершаныя і толькі распачатыя. Дзённікавыя, інтымныя запісы, якія датычаць выключна майго асабістага жыцця: аносін з маімі сябрамі, знаёмымі, жонкай, дзецьмі… І ва ўсё гэта нехта мае права лезці? Па надуманай прычыне? Праз артыкул, у якім прадугледжана пакаранне за нейкую падманлівую інфармацыю пра нейкія тавары?.. Ці ў нашай краіне таварам стала ўсё?
Калі арыштоўваюцца літаратурныя рукапісы, міжволі згадваюцца трагічна памятныя 30-я гады мінулага стагоддзя. Мяркуючы па дзеяннях, якія дазваляюць сабе сілавыя структуры, па немаце, з якой глядзіць на гэта скаванае страхам грамадства, мы вяртаемся ў тыя часы. Як тады, гэтак і цяпер, уся дзейнасць праваахоўных органаў скіраваная не на бяспеку дзяржавы, а на ахову інтарэсаў аднаго чалавека, які ўвасабляе ўсю ўладу.
Такога не павінна быць. Мой абавязак грамадзяніна, пісьменніка, паэта – гэтаму супроцьстаяць. І Ваш абавязак – грамадзянскі і прафесійны – гэткі ж самы. Краіна павінна жыць не па нечай асабістай волі, а па законах. Спадзяюся, што Вы, як і большасць Вашых калегаў, мяркуеце менавіта так.
Займаючыся палітыкай, я не пакідаю літаратуру. Кожны, хто ёй займаецца прафесійна, ведае асаблівасці гэтай прафесіі. Ёсць творы, у працы над якімі нельга перапыняцца. Яны пішуцца на адным дыханні, да іх немагчыма вярнуцца пазней – яны губляюць закладзеную ў іх энергію і незваротна страчваюцца. Я гэта тлумачыў і тлумачу, але ніхто мяне не чуў і не чуе. “У камеры дапішаце…” – неяк пракінуў следчы. Дык што: мне самому ў турму папрасіцца? Ці ўсё ж ёсць у мяне нейкая іншая магчымасць дапісаць недапісанае?..
Прашу пачуць мяне і паспрыяць у тым, каб мне неадкладна вярнулі мае літаратурныя рукапісы.
Уладзімір Някляеў, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
20 жніўня
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме