13:15 16.11.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АДКРЫТАЕ ПІСЬМО Анатоля Сідарэвіча Намесніку міністра юстыцыі Беларусі І. Тушынскаму
Намесніку міністра юстыцыі Беларусі
І. Тушынскаму
Копія: офіс АБСЕ ў Мінску
АДКРЫТАЕ ПІСЬМО
Пане намеснік міністра,
у сваім пісьме на адрас Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ад 12 лістапада 2010 г. Вы сцвярджаеце што я, Сідарэвіч Анатоль, “раней выйшаў з партыі”.
Слова “раней” у тэксце, падпісаным юрыстам, гучыць, мякка кажучы, дзіўна. Кожнаму вядома, што кожная падзея мае канкрэтную дату, нават гадзіну і хвіліну. Каб сцвярджаць, што я “выйшаў з партыі” (а дакладней спыніў сяброўства ў ёй), Вашым падначаленым, якія складалі пісьмо, неабходна было не толькі назваць дату гэтай падзеі, але і спаслацца на канкрэтны дакумент, які б сведчыў, што я сапраўды апынуўся па-за партыяй. А вось з гэтым у Вашых падначаленых праблема.
Я ўпэўнены: Вам добра вядома тое, што заявы сябра партыі аб выхадзе з партыі недастаткова, каб сцвярджаць, што пэўны грамадзянін сапраўды выйшаў з партыі. Гэта было б раўназначна сцвярджэнню, што чалавек звольніўся з працы, бо напісаў заяву аб звальненні. Да таго ж, пад маёй заявай, апублікаванай на сайце БСДП 30 жніўня 2010 г., стаіць дата 30 верасня 2010 г. Якая з гэтых датаў сапраўдная?
Ведаю, што ў Міністэрства юстыцыі даслана копія пратаколу пасяджэння Прэзідыума БСДП ад 31 жніўня 2010 г. У гэтым тэксце напісана: Прэзідыум БСДП прыняў да ведама, што я спыніў сяброўства ў БСДП. Пакідаючы ў баку пытанне пра тое, ці прымаў Прэзідыум нейкую пастанову адносна майго сяброўства ў партыі, адзначу, што ў дакумента, які атрымала Міністэрства, ёсць два істотныя недахопы.
Статутам БСДП (п. 6.5) прадугледжана, што разам са старшынёй партыі дакументы Прэзідыума БСДП падпісвае генеральны сакратар (кіраўнік спраў) БСДП. У Рэгламенце Прэзідыума БСДП гэтае палажэнне канкрэтызавана: пратаколы Прэзідыума БСДП падпісваюцца старшынёй і кіраўніком спраў партыі. Генеральны сакратар (кіраўнік спраў) БСДП Мечаслаў Грыб пратакол пасяджэння Прэзідыума партыі ад 31 жніўня 2010 г. не падпісваў, хоць і прысутнічаў на тым пасяджэнні. Такім чынам, юрыдычная важкасць пратаколу пасяджэння Прэзідыума БСДП ад 31 жніўня, мякка кажучы, сумнеўная.
Пратакол пасяджэння Прэзідыума партыі ад 31 жніўня 2010 г., мякка кажучы, юрыдычна сумнеўны яшчэ і таму, што Прэзідыум БСДП не меў і не мае права прымаць рашэнне аб маім сяброўстве ў партыі. Такое права Прэзідыум меў бы, калі б у Першамайскім раёне г. Мінска не было раённай партыйнай арганізацыі, а ў Мінску – гарадской арганізацыі (п. 3.11 Статута БСДП). Аднак у Першамайскім раёне г. Мінска, дзе я прапісаны, маецца раённая партыйная арганізацыя, зарэгістраваная галоўным упраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама. У гэтай арганізацыі я стаю на ўліку з 1991 г. І толькі Першамайская раённая арганізацыя БСДП мела і мае права вырашаць рашэнне аб спыненні сяброўства ў партыі тых, хто стаіць у ёй на ўліку (п. 3.9 Статута БСДП).
Бачачы юрыдычную сумнеўнасць дасланай у Міністэрства юстыцыі копіі пратаколу пасяджэння Прэзідыума БСДП ад 31 жніўня г. г., 27 кастрычніка Вашы падначаленыя ў пісьме, якое падпісаў в. а. міністра А. Білейчык, запатрабавалі даслаць на адрас Міністэрства юстыцыі “копіі пратаколаў пасяджэнняў кіруючага органа і сходаў (канферэнцый) Першамайскай раённай (г. Мінска) арганізацыі БСДП(Г) за перыяд з 01.08.2010 жніўня па дату адказа на гэты ліст”.
Замест копій пратаколаў пасяджэнняў Першамайскага раённага камітэта г. Мінска Міністэрству юстыцыі была накіравана копія пісьма старшыні Першамайскай арганізацыі у ЦК БСДП. У гэтым пісьме паведамляецца, што “ў перыяд з 01.08.2010 па 04.11.2010 пасяджэнні Першамайскага раённага камітэта г. Мінска Беларускай сацыял-дэмакратычнай парты (Грамады) не праводзіліся”. З гэтага факту вынікае, што Першамайскі раённы камітэт БСДП не прымаў і не мог прыняць пастанову аб спыненні майго сяброўства ў партыі.
На адрас Міністэрства юстыцыі была накіравана таксама копія пратаколу справаздачна-выбарчага сходу Першамайскай раённай г. Мінска арганізацыі БСДП ад 15 верасня 2010 г. Пытанне аб маім сяброўстве ў БСДП на гэтым сходзе не разглядалася.
У частцы 1 артыкула 13 Закона аб палітычных партыях запісана, што палітычныя партыі маюць фіксаванае членства. У адпаведнасці з гэтым артыкулам у п. 3.2 Статута Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) таксама запісана, што сяброўства (членства) у БСДП фіксаванае. Далей у п. 3.13 Статута БСДП удакладнена, што прыём у партыю і спыненне сяброўства ў партыі фіксуецца ў пратаколах адпаведных калегіяльных органаў партыі. Для мяне такімі калегіяльнымі органамі з'яўляюцца Першамайская раённая арганізацыя г. Мінска, у якой я стаю на ўліку, і Першамайскі раённы камітэт г. Мінска БСДП.
Як вынікае з наяўных матэрыялаў, Першамайская раённая арганізацыя г. Мінска БСДП і Першамайскі раённы камітэт г. Мінска БСДП у сваіх пратаколах не зафіксавалі факт спынення майго сяброўства ў БСДП. Ведаючы гэта, Вашы падначаленыя тым не менш запісалі ў лісце, падпісаным Вамі 12 лістапада 2010 г., што я “раней выйшаў з партыі”.
“Раней” – гэта калі канкрэтна?
Я разумею, што камусьці ў БСДП і па-за БСДП вельмі хацелася б, каб я быў беспартыйным. Сам пакідаць партыю я не збіраўся і не збіраюся. І пра гэта выдатна ведаюць мае таварышы і аднадумцы. Пра гэта я дастаткова ўцямна напісаў у двух лістах на запыт Міністэрства юстыцыі.
Магчыма, я ўчыню нейкую правіну перад партыяй і будзе прынята рашэнне аб спыненні майго сяброўства ў БСДП за гэтую правіну. Але такое рашэнне будуць прымаць у адпаведнасці са Статутам БСДП мае таварышы па Першамайскай раённай партыйнай арганізацыі г. Мінска, а не людзі, якім такое права не дадзена.
Анатоль Сідарэвіч.
15 лістапада 2010 г.
P. S. Сёння ў 15 гадзін 16 хвілін на сайце «Белорусский партизан» () А. Ляўковіч заявіў, што я выйшаў з партыі 10 верасня (сентября). Хоць інтэрв’ю не юрыдычны дакумент, усё адно паўстае пытанне: а як жа тады быць з пратаколам пасяджэння Прэзідыума БСДП ад 31 жніўня 2010 г.?
А. С.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |