11:01 16.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АД "ДУДКІ БЕЛАРУСКАЙ" ДА ДУМАК ПРА БЕЛАРУСЬ
Філосаф Валянцін Акудовіч разважае пра тое, што істотна для беларускасці.
Беларусь, пра якую мы марым, і Беларусь, якую мы маем... Безумоўна, у марах заўсёды ўсё больш дасканала і прыгожа. А можа, для таго мары і патрэбныя, каб было да чаго імкнуцца? Мары пра незалежную Беларусь, напрыклад, напрыканцы яшчэ ХІХ стагоддзя, адыгралі сваю вялікую ролю ў тым, што спарадзілі магутную плынь у літаратуры: за Багушэвічам прыйшлі Багдановіч, Купала, Колас... Асобы, якія жылі з гэтымі думкамі, стваралі з гэтымі марамі на мове, якую з гонарам назвалі сваёй роднай, неслі беларускі дух у сваіх творах. Нашы класікі. Мы вывучаем іх творы, вучым на памяць, пішам па іх сачыненні ў школе. Мы жывем у незалежнай Беларусі — можна лічыць, што галоўная мара нашых класікаў літаратуры, гісторыкаў, іншых выдатных асоб збылася. Праўда, не ўсё адразу, тут можна ўзгадаць словы з адной песні, папулярнай у 90-я гады: "...І дойдзем мы да Беларусі"... Узгадала гэтую песню зараз, калі паспрабавала ўявіць, якія сцежкі-дарожкі вядуць да канцавога пункта (якім яго ўяўлялі дзеячы нацыянальнага адраджэння пачатку мінулага стагоддзя), і колькі яшчэ засталося да яго. Думкі гэтыя ўва мне справакаваў беларускі філосаф Валянцін Акудовіч, які выказаў меркаванне, што "этнакультурная канцэпцыя" фарміравання беларускай нацыі не павінна быць базавай стратэгіяй.
Гэта тая самая канцэпцыя, якая лічылася галоўнай усё мінулае стагоддзе, і зараз яшчэ вельмі многімі, напэўна, уяўляецца адзінай магчымай. Прынамсі, а як інакш?.. Па тлумачэнні я звярнулася да Валянціна Акудовіча.
— Спадар Акудовіч, я беларуска, і мае бацькі беларусы, такімі сябе лічылі і лічаць. І паводле перапісу, зусім не мала тых, хто называе сябе беларусам. А ці лічыце сябе беларусам вы? Калі так, то чаму, на вашу думку, "этнакультурная канцэпцыя" нядзейсная? Напэўна, знойдуцца тыя, хто захоча з вамі спрачацца. Але найперш усё ж хочацца зразумець, што вы маеце на ўвазе.
— Я не лічу сябе беларусам, я ім ёсць. І не толькі таму, што мае бацькі беларусы, і тым болей не таму, што маю беларускае грамадзянства. Для мяне быць — гэта быць беларусам, а ва ўсякім іншым спосабе быцця я быў бы некім, хто толькі нагадваў бы мяне. І гэта не тэарэтычная прыдумка — па сабе ведаю з жыцця за Саветамі. Таму ў беларускасці для мяне істотнае ўсё: і Беларусь як цэлае, і кожны яе асобны складнік — ад гісторыі і ментальнасці да незалежнасці краіны і мовы. Асабліва значныя апошнія два моманты. Без сваёй краіны я быў бы толькі аблачынай у чужым небе, а без сваёй мовы не сябе б выказваў, а фікцыю з прозвішчам Акудовіч. Але гэткае татальнае знітаванне з усім беларускім калі і не выключэнне, дык і далёка не норма ў нашым грамадстве. Больш за тое, амаль ніхто з шараговых беларусаў нават не шкадуе, што ў ягоным жыцці ды лёсе беларускасці як кот наплакаў. З гэтага відавочнага факта і паўстаў мой трывожны недавер да "этнакультурнай" канцэпцыі.
— Больш за 100 гадоў беларуская эліта імкнулася ўвесці ў жыццё менавіта "этнакультурную канцэпцыю". Яна была дамінуючай усё мінулае стагоддзе і лягла ў аснову будаўніцтва беларускай дзяржавы ў 90-я гады. Дзяржава ёсць, мала таго, словы "Беларусь" і "беларусы" гучаць сёння ці не часцей за якія іншыя. Здавалася б — вось канцэпцыя і пануе. І ў гэты час вы кажаце адваротнае. Што вас прывяло да такой думкі?
— Найбольш поўна першым гэтую канцэпцыю сфармуляваў Францішак Багушэвіч у геніяльнай прадмове да "Дудкі Беларускай". Гэта там прагучала знакамітае "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі", гэта там ён збольшага акрэсліў арэал бытавання беларусаў (межы сваёй краіны) і нагадаў пра гістарычную пераемнасць з Вялікім Княствам Літоўскім. І што яшчэ вельмі істотна, заклікаў беларусаў (тады пераважна сялян) да адказнасці за сваю Бацькаўшчыну і веры ў яе будучыню. Але канчаткова нацыянальны канон сфарміраваўся нават не ў пару БНР, а на эміграцыі, куды ў мностве з'ехалі лідары нацыянальнага руху пасля прыходу да ўлады бальшавікоў. Адтуль гэты канон і быў экспартаваны ў Беларусь напрыканцы 80-х (ХХ ст.), дзе праз шырокі нацыянальна-дэмакратычны рух адыграў прыкметную ролю на пачатку сталення незалежнай Дзяржавы. Аднак энергетыкі этнакультурнай ідэі хопіць ненадоўга, неўзабаве яна адсунецца на маргіналію як палітычнага, так і культурнага жыцця. Вось тады я і пачаў думаць: у чым тут справа? Чаму больш як за стагоддзе ў самых розных гістарычных варунках "этнакультурная" канцэпцыя не змагла выявіцца і замацавацца на Беларусі ні ў рэальных практыках, ні хаця б у свядомасці большасці яе грамадзян?
— Калі канцэпцыя нядзейсная, то ў чым? Пэўныя праблемы і перашкоды ў яе ажыццяўленні былі ва ўсе часы. Менавіта зараз, напэўна, не самы горшы час. Усё меней людзей, якія ставяць пад сумнеў беларускую дзяржаўнасць як такую. І, здаецца, яшчэ трошкі-трошкі — і ўсё пойдзе... Прынамсі, ёсць магчымасць атрымаць гістарычныя веды пра вытокі нашай дзяржаўнасці, а не толькі пра жыццё ў СССР. Сумнявацца ў адметнасці беларускай культуры ўжо лічыцца дрэнным тонам. Вядома, існуе праблема пераемнасці традыцый, у тым ліку моўных. Але, магчыма, гэта толькі падстава для таго, каб змяніць падыходы, інакш кажучы, тактыку іх захавання?
— Найперш заўважу, што на пару паўставання нацый "этнакультурная" канцэпцыя дамінавала ва ўсёй Усходняй Еўропе, і таму беларусы нават не думалі пра нешта іншае. Але захапіўшыся ёю, ідэолагі айчыннага нацыяналізму не ўлічылі, што нашы людзі тады імкнуліся не беларусамі, а "людзьмі звацца" (Я. Купала). Запакаваныя на 90% у вёску беларусы калі пра што на тую пару і марылі, дык гэта змяніць свой статус чалавека каля быдла хаця б на статус чалавека каля якой механічнай прылады. І што ім было да іхняй мовы бядоты і культуры нішчымніцы? А беларускі горад (як і мястэчка) не мог прыняць "этнакультурную" канцэпцыю таму, што на 80% быў небеларускім. У сярэднім 50% яго насельніцтва складалі габрэі, затым рускія, палякі — і толькі ў астачы туліліся беларусы. Таму ва Устаўных граматах Беларускай народнай рэспублікі ад "этнакультурнай" канцэпцыі застаецца адно геапалітычная пазіцыя: "Беларусь у яе этнаграфічных межах". Калі заўгодна, канстытуцыя БНР куды бліжэй да канцэпцыі "грамадзянскай нацыі" (пра што кажа хаця б роўнасць моў), чым "этнакультурнай". Значнасць апошняй вярнула эміграцыя, якая за мяжой дзесяцігоддзямі шліфавала яе на паперы, зусім не дбаючы пра тое, ці можа яна хоць калі прыдацца да сацыяльна-палітычнай і культурнай рэальнасці Беларусі. Як паказалі 90-я (ХХ ст.) — можа, аднак толькі для палітычных маніфестацый, а не для таго, каб легчы ў аснову Незалежнай беларускай дзяржавы.
— Амаль што ўсе былыя савецкія рэспублікі пасля распаду СССР узялі за аснову дзяржаўнага будаўніцтва менавіта такую канцэпцыю, магчыма, за выключэннем шматнацыянальнай Расіі. Значыць, гэтая канцэпцыя яшчэ сябе не вычарпала. А мы, беларусы, звычайна запаволеныя, спазняемся. Мы яшчэ не паспелі ўсвядоміць сябе як след, не асэнсавалі сваю дзяржаўнасць. Але ці магчыма ад гэтага шляху адмовіцца наогул?
— Магчыма — бо гэта не шлях, а скокі (цягам стагоддзя) на адным месцы ды яшчэ на адной назе. Мне добра зразумела, чаму нацыянальна заангажаваны беларус трымаецца "этнакультурнай" канцэпцыі, бо я нутром такі ж самы. Але калі столькі часу нічога ў нас не атрымліваецца, дык, можа, час агледзецца па баках? У свеце існуе мноства самых розных схем нацыябудаўніцтва. Дзеля прыкладу я люблю згадваць нацыі Паўднёвай Амерыкі, якія паўставалі не на мясцовых этнасах і не на іхняй культуры ды мове, а на "крэольскім" складніку, гэта значыць, з энергіі ды мясцовага патрыятызму нашчадкаў тых гішпанцаў, што калісьці скаланізавалі гэты кантынент. Хапае і куды больш экзатычных прыкладаў, але што нам да іх? Бо, лічы, побач з намі была рэалізаваная ідэя, якая знаходзіцца ў наўпроставай апазіцыі "этнакультурнай", а менавіта канцэпцыя "грамадзянскай нацыі". Калі казаць у двух словах, дык сутнасць яе даволі простая: ёсць Дзяржава, ёсць яе грамадзяне і ёсць агульны для ўсіх Закон, якому ўсе аднолькава падпарадкоўваюцца. І тут не мае вырашальнага значэння этнічнае паходжанне, культурны канон, мова, гістарычны чыннік і да т.п. Аўтарства гэтай канцэпцыі належыць Францыі (хоць, бадай, найбольш выразна яна праявілася ў ЗША). Для Беларусі, якая ніколі не была монарэлігійнай, монакультурнай, монамоўнай і г.д., нават з гледзішча гістарычнай рэтраспектывы такая схема нацыянальнага ўладкавання, здаецца, падыходзіць як найлепей. Прынамсі, мне так уяўляецца.
— У сённяшнім свеце мы бачым прыклады дзяржаў, для якіх гэтая канцэпцыя наогул не актуальная (гэтаму спрыяюць працэсы глабалізацыі — узаемапранікненне культур, міграцыя і г.д.). Але Беларусь працягвае заставацца пераважна монаэтнічнай краінай, хоць ёсць тут розныя дыяспары, аднак іх роля ў грамадскіх працэсах не такая значная, як у іншых краінах Еўропы. Ці не прывядзе змена прыярытэтаў у дзяржаўным будаўніцтве ў сучасных умовах наогул да страты свайго твару? І як вынік — больш лёгкай страты суверэнітэту?
— Наперад ніхто не ведае, што знікне, а што застанецца. Яшчэ стагоддзе назад непарушнасць вялікіх імперый здавалася вечнай. А дзе яны цяпер? Але мы трохі пра іншае... Той інтэлектуальны непакой, які вярэдзіць мяне цягам ужо многіх гадоў, якраз і паходзіць з таго, што "свой твар" мы так і не набылі — ды і ў перспектыве ягоныя абрысы не асабліва праглядваюцца. Між іншым, якраз з гэтага і паўстала задумка, што, можа, мы хочам убачыць сябе не такімі, якімі ёсць насамрэч? Мае пошукі — гэта пошукі тоеснасці паміж Беларуссю ўяўнай і рэальнай, паміж той, якую нам прыдумалі ідэолагі, і той, якая існуе сама ў сабе і сама па сабе. Магчыма, па мерках "этнакультурнай" канцэпцыі Беларусь, якая яна ёсць, і мала чаго вартая, але што нам больш істотна: нашыя нацыянал-патрыятычныя трызненні ці сама Беларусь? Як мне ўяўляецца, канцэпцыя "грамадзянскай нацыі" якраз і дазволіць нязмушана выявіцца ўсім адпаведнасцям паміж Беларуссю ўяўнай і рэальнай.
— Калі не на падставе культурнай адметнасці, то на падставе чаго, на вашу думку, можа трымацца беларуская дзяржаўнасць у сённяшнім свеце, які вельмі шпарка мяняецца і мяняе людзей?
— Беларусы як трымаліся раней, так і надалей будуць трымацца сваёй зямлёй, у палітычнай мове — тэрыторыяй. Невыпадкова самы геніяльны твор беларускай літаратуры мае назву "Новая зямля"
(Я. Колас). Але мне тут найперш надзвычай важна сказаць пра "культурныя адметнасці". Чамусьці многія лічаць, што, аддаючы перавагу канцэпцыі "грамадзянскай нацыі", я адмаўляю этнакультурныя каштоўнасці. Але ж гэта суцэльная аблуда. Нацыянальныя каштоўнасці гісторыі, культуры, мовы, светагляду і да т.п. застаюцца тымі самымі каштоўнасцямі, што і ў "этнакультурнай" канцэпцыі. У гэтым сэнсе адзіная змена (што праўда, радыкальная) — змена ролі гэтых каштоўнасцяў. У такім выпадку нацыя фарміруецца (і абапіраецца) не на іх, яны толькі напаўняюць форму сваім адметным зместам і ў аб'ёме таго патэнцыялу, які рэальна маюць. І я не схільны думаць, што ў гэткім тыпе Дзяржавы беларускасці будзе менш, чым, прынамсі, цяпер. Хутчэй наадварот. Але гэта будзе залежаць ад саміх беларусаў, ад таго, наколькі яны будуць лічыць нацыянальныя каштоўнасці насамрэч каштоўнымі для сябе.
Усе роздумы Валянціна Акудовіча над гэтай праблемай сканцэнтраваныя ў яго кнізе "Код адсутнасці" (выд. "Логвінаў", 2007). Калі некага зацікавілі гэтыя развагі, дык праз кнігу можна пазнаёміцца з разуменнем аўтарам беларускай сітуацыі больш поўна і грунтоўна. "Код адсутнасці" перакладзены на літоўскую і рускую мовы.
Ларыса Цімошык
15 сьнежня 2010
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |