09:00 30.11.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АБАВЯЗКІ СТАРШЫНІ ПЕС ВЫКОНВАЕ СЯРГЕЙ СТАНІШАЎ

24 лістапада на пасяджэнні Прэзідыума (Presidency) Партыі Еўрапейскіх Сацыялістаў быў выбраны выканаўца абавязкаў старшыні партыі. Ім стаў старшыня Балгарскай сацыялістычнай партыі Сяргей Станішаў (Станишев).

Сяргей Станішаў – сын сакратара Цэнтральнага Камітэта Балгарскай камуністычнай партыі Дзімітра Станішава і Дзіны Мухінай, прафесара факультэта славянскай філалогіі Сафійскага універсітэта. Нарадзіўся ён 5 мая 1966 г. у Херсоне (Украінская ССР), вучыўся на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. Да 1995 г. быў грамадзянінам СССР, а потым Расіі. У 1995 г. вярнуўся ў Балгарыю. Працаваў у структурах Балгарскай сацыялістычнай (былой камуністычнай) партыі, вучыўся ў Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук.

З 2001 г. дэпутат Народнага сходу. У тым жа годзе замяніў Георгія Пырванава, які стаў прэзідэнтам краіны, на пасадзе старшыні БСП. У 2005 г. узначаліў кааліцыйны ўрад Балгарыі. Нягледзячы на тое, што на наступных парламенцкіх выбарах (2009) БСП набрала толькі 17 адсоткаў галасоў (40 мандатаў з 240), Сяргей Станішаў утрымаўся на пасадзе старшыні партыі. Гэта выклікала незадавальненне ў яе шэрагах. Незадавальненне ўзрасло пасля таго, як на прэзідэнцкіх выбарах 2011 г. партыйны кандыдат Івайла Калфін (Калфин) прайграў кандыдату ад ліберальнага блоку. Такім чынам, БСП, якая мела сваіх прадстаўнікоў на пасадах прэзідэнта, прэм’ер-міністра і старшыні Народнага сходу, са студзеня 2012 г., калі Георгі Пырванаў пакіне пасаду кіраўніка дзяржавы, мусіць задаволіцца статусам апазіцыйнай партыі.

Сяргей Станішаў змяніў на пасадзе старшыні ПЕС былога прэм’ер-міністра Даніі Поўля Нюрупа Расмусэна (Rasmussen), які ўзначальваў еўрапейскіх сацыялістаў з 24 красавіка 2004 г.

Сяргей Станішаў – першы сярод лідэраў посткамуністычных партый, які стаў на чале ПЕС.

Анатоль Сідарэвіч.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме