12:03 19.05.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АБАРОНІМ ТЫХ, ХТО НЯСЕ СЛОВЫ ПРАЎДЫ
Уладу, грошы і маёмасць не аддаюць. Гэтыя словы прыйшлі мне на памяць учора, як толькі атрымаў вестку пра налёты, ператрусы і затрыманні актывістаў грамадзянскай акцыі “Гавары праўду”.
Тым, у каго былі нейкія спадзяванні на лібералізацыю рэжыму, настаў час канчаткова развітацца з ілюзіямі.
Рыхтуймася да горшага, казаў і кажу я.
Маштаб рэпрэсіяў супраць актывістаў акцыі “Гавары праўду”, ціск на журналістак Святлану Калінкіну, Марыну Коктыш, Юлію Дарашкевіч, Ірыну Халіп, Наталлю Радзіну, ператрусы ў рэдакцыі “Народнай Волі” і ў офісе Хартыі’97, абмежавальныя акты ў дачыненні да беларускага сегменту Інтэрнэту і мабільнай сувязі – усё гэта як найлепш паказвае, што ЎЛАДА БАІЦЦА ПРАЎДЫ.
Рэжым выдатна ведае, што галоснаць і праўда прывялі да краху камуністычных рэжымаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, што галоснасць і праўда сталі чыннікамі распаду СССР і здабыцця дзяржаўнай незалежнасці былых саюзных рэспублік, што галоснасць і праўда дапамогуць дэмакратычным сілам Беларусі вырваць уладу з рук тых, хто гэтую ўладу манапалізаваў.
Адстойваць права на выказванне, на свабоду слова і друку, распаўсюду інфармацыі, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра тое, што творыцца ў краіне, – гэта цяпер ці не самае галоўнае заданне ўсіх, каму дарагія каштоўнасці дэмакратыі.
І не менш важны наш абавязак – дружна стаць на абарону пісьменнікаў, журналістаў і ўсіх, хто нясе слова праўды і каго пераследуе ўлада.
Анатоль Сідарэвіч,
намеснік старшыні
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады).
19 траўня 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме