22:15 27.05.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
А. СІДАРЭВІЧ: МІЛІНКЕВІЧ РАЗЬБІВАЕ ПАЛІТЫЧНЫЯ ПАРТЫІ
У панядзелак у эфіры Польскага радыё намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Сідарэвіч абвінаваціў лідэра Руху „За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча ў наўмысным расколе дэмакратычных сілаў, а таксама ў развале беларускіх апазыцыйных партыяў. Спадар Сідарэвіч заявіў, што ўсё гэта робіцца за сродкі Эўразьвязу рукамі Мілінкевіча.
Анатоль Сідарэвіча выказаў меркаваньне, што на разьбіцьці беларускай апазыцыі залежыць у першую чаргу эўрапейскім структурам, якія знайшлі мясцовага выканаўцу гэтай работы.
А. Сідарэвіч:Мілінкевіч зьяўляецца рупарам гэтак званай палітыкі Эўразьвязу. Цяпер яны робяць стаўку на Мілінкевіча. А Мілінкевіч, карыстаючыся іхнімі рэсурсамі, спрабуе рабурыць і Аб’яднаную грамадзянскую партыю, і БСДП , а заадно й партыю БНФ.
Гэта даволі сур’ёзнае абвінавачаньне, якое выглядае як паклёп на чалавека й ягоных прыхільнікаў. Спадар Сідарэвіч адказаў, што ў яго ёсьць доказы, якія сьведчаць аб сапраўднасьці ягоных словаў.
А. Сідарэвіч: Доказы ёсьць. Самыя звычайныя подкупы слабых на грошы людзей. Я назаву вам і прозьвішчы. Мы выключалі з партыі Новікава ў Магілёве, ён жа яўна быў куплены. Я назаву яшчэ дзясятак людзей, якіх Мілінкевіч прыкарміў, доказы ёсьць. Гэта самы сапраўдны доказ, калі Мілінкевіч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў зрываў абласныя міні-кангрэсы АДС. У Магілёве яму гэта ўдалося. Ён стварыў там альтэрнатыўную кааліцыю. Няма там паўнацэннай кааліцыі, якая працуе ў рамках АДС, але няма й кааліцыі, якая працуе насуперак АДС. Але раздрай у Магілёўскай вобласьці пасеяў спадар Мілінкевіч. Нікому не сакрэт, што Хрыстафор Жаляпаў і іншыя асобы ў Віцебску працуюць таксама пад крылом Мілінкевіча. Яны ўнесьлі раздрай у віцебскія дэмакратрычныя сілы й там таксама няма кааліцыі, якя працуе ў межах АДС. Мілінкевіч выдатна разумее, што ніводная партыя на яго працаваць ня будзе. У яго задача вырваць з партыяў людзей, каб яны на яго працавалі ў 2011 годзе, незалежна ад партыйных рашэньняў. І ён гэта мэтанакіравана робіць, вырывае з партыяў людзей подкупам, самым нахабным подкупам, і гэта трэба сказаць.
Не сакрэт, што сытуацыя ў беларускім апазыцыйным асяродзьдзі не выглядае калярова, аднак прагучалі даволі сур’ёзныя абвінавачваньні. А што на гэты конт мяркуюць лідэры згаданых партыяў?
Лідэр партыі АГП Анатоль Лябедзька зазначае, што падобныя сытуацыі здараюцца, але кіраўніцтва партыі ставіцца да гэтага даволі спакойна.
А. Лябедзька:Мы да гэтага адносімся спакойна, хаця ведаем, што працуюць зь людзмі, што ім прапануюць нейкі „пернік” ці „маркоўку”. Такія факты ёсьць, яны фіксуюцца, але мы да гэтага адносімся спакойна. Адзінае, што мы прапануем сябрам АГП, гэта тое, што яны мусяць вызначацца. Калі яны лічаць, што лепей самарэалізуюцца ў той ці іншай структуры лепш, чым у АГП, то мы даем ім „зялёны ліхтар” і няма ніякіх праблемаў. Мы супраць таго, каб людзі сядзелі на двух крэслах і спрабавалі нешта атрымаць і ў адной палітычнай арганізацыі, і ў другой. Гэта не ўмацоўвае ні рух, ні АГП. Таму мы супраць вось такога двужонства ясна й катэгарычна. Але нічога ня маем супраць, калі частка сяброў пяройдзе ў рух ці ў нейкую іншую палітычную арганізацыю, калі яны зразумеюць, што яны прыйшлі ня ў тую арганізацыю і ўвайшлі ня ў тыя дзьверы.
Сустаршыня партыі БНФ Вінцук Вячорка дадае, што падвойнае сяброўства значна шкодзіць структурам партыі.
В. Вячорка:Добра вядома, што нашыя разыходжаньні са спадаром Мілінкевічам зазначыліся ў 2007-м годзе, калі ён заявіў, што палітычныя партыі ў Беларусі неэфэктыўныя й ён бярэцца ствараць грамадзкую арганізацыю, якая мае быць больш эфэктыўнай, чым партыі. Ну й, па праўдзе сталася так, што ніякіх новых людзей, што было б выдатна, заангажаваць не ўдалося, а вось стварыць сытуацыю двайнога сяброўства вельмі нават удалося. І сёньня, калі стратэгія БНФ і стратэгія Мілінкевіча радыкальна разыходзяцца, гэта стварае вялікія праблемы. Сытуацыя падвойнага сяброўства паралізуе нашыя структуры, якія атрымліваюць процілеглыя сыгналы з двух цэнтраў. Фармальна структура Мілінкевіча называе сябе адукацыйна-праваабарончай, хаця ўсе разумеюць, што яна выконвае палітычную ролю. Мы, паводле статуту й паводле фармальных прыкметаў, ня можам забараніць нікому быць у нейкай грамадзкай арганізацыі. Я сам акрамя БНФ зьяўляюся сябрам ТБМ і іншых грамадзкіх структураў. Аднак што да арганізацыі Мілінкевіча, тут ўсе разумеюць, што de facto гэта іншая сытуацыя. Таму, я лічу, што мы таксама мусім вызначацца й ставіць у сытуацыю выбару кожнага з нашых сябраў, у каго сёньня ёсьць двайное сяброўства.
Алякасандар Мілінкевіч, да якога я зьвярнулася з просьбай прадставіць свае аргумэнты, сказаў, што вядзецца барацьба за эўрапейскасьць Беларусі й ён усе свае намаганьні прыкладае для таго, каб краіна ўвайшла на эўрапейскі шлях.
А. Мілінкевіч: За іншых я камэнтаваць ня буду. Моладзь мяне падтрымлівае, і для мяне гэта самае галоўнае. І з розных партыяў, і з розных грамадзкіх арганізацыяў уся актыўная палітычна й грамадзка моладзь на маім баку.
Дарэчы, у аўторак 28 маладых апазыцыйных палітыкаў і моладзевых актывістаў падпісалі дакумэнт пад гучнай назвай „Маніфэст маладых лідэраў”. У згаданым дакумэнце яны заклікалі прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня апазыцыйных палітыкаў з розных партый і рухаў не сварыцца, а змагацца разам за эўрапейскую й дэмакратычную Беларусь.
Маладыя палітыкі падтрымалі лідэра Руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча ў ягоных намаганьнях наладзіць адносіны Беларусі з Эўразьвязам. Таксама станоўча ацанілі пастанову Эўразьвязу далучыць Беларусь да праекту “Ўсходняга партнэрства”.
Сярод заяўнікаў ёсьць Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Лагвінец, Ігар Лялькоў, Павал Севярынец, Артур Фінькевіч, Наста Палажанка й яшчэ 22 асобы.
Караліна Русіновіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме