09:15 03.03.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

А. Абрамовіча выклікаюць у суд

"ПРАДПРЫМАЛЬНIК – СУМЛЕННЫ ЧАЛАВЕК, А ЎЛАДА – БАНДЫТСКАЯ!"

Менавіта такі лозунг я трымаў на мітынгу прадпрымальнікаў 22 лютага бягучага года ў Мінску. Тады на Кастрычніцкай плошчы ў прыступак Палаца Рэспублікі сабраліся некалькі соцень прадстаўнікоў айчыннага дробнага бізнесу, якія пратэставалі супраць дзеяння знішчальнага для іх прэзыдэнцкага ўказу №222 пра заведама нерэальную сертыфікацыю ўвозімых імі пераважна з Расіі тавараў лёгкай прамысловасці.

Сам я таксама ў мінулым барысаўскі індывідуальны прадпрымальнік, бізнес якога быў разбураны уладамі Беларусі з-за майго актыўнага занятка праваабарончай і палітычнай дзейнасцю ў канцы мінулага і пачатку гэтага стагоддзя, што паслужыла адной з прычын маёй вымушанай трохгадовай палітэміграцыі ў Злучаныя Штаты. Таму я не мог не падтрымаць і ўвайшоў у Камітэт выратавання прадпрымальніцтва, створаны ў лютым з актыўным удзелам апазіцыйных палітыкаў Мікалая Статкевiча і Паўла Севярынца. На рахунку Камітэта ўжо, акрамя мітынгу 22 лютага, яшчэ некалькі гучных і прыгожых акцый, уключаючы шэсце ў перадапошні лютаўскі дзень пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі ад Палаца Рэспублікі па праспекце Незалежнасці да аднайменнай плошчы i Дома ўрада.

Мой лозунг прыцягнуў увагу капітана міліцыі, які запатрабаваў мае дакументы. Пасля гэтага ён перапісаў іх дадзеныя, чаму я не надаў асаблівага значэння. Аднак 2 сакавіка я раптам атрымаў на свой смартфон SMS-паведамленне, якое я цытую літаральна: «Абрамовіч А.М., Суд Цэнтральнага р-на г. Мінска паведамляе Вам аб яўцы па адрасе: г. Мінск, вул. Кірава, д. 21, к. 203, 9 сакавiка 2016 года да 14 гадзін 30 хвілін для ўдзелу ў разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні 6-904 па пратаколе 1276, якi складзены ў дачыненні да Вас 22. 02. 2016 г. у ч. 1, арт. 23. 34 КаАП. Пры сабе мець пашпарт. Сакратар Вараб'ёва У. С., тэл. 2260247».

Такое судовае апавяшчэнне не спыніць мяне, як i многiх iншых беларускіх грамадзян, і далей усяляк падтрымліваць акцыі па абароне інтарэсаў прадпрымальніцтва ў Беларусі і пераходу яе да дэмакратыі.

Аляксандр АБРАМОВIЧ, лаўрэат праваабарончай прэміі «Хартыі-97» за 2000 год у намінацыі «За асабістую мужнасць»

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме