10:00 01.09.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
99,45% УВК будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазіцыі
Кампанія па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” падрыхтавала трэцюю прамежкавую справаздачу па выніках выбарчай кампаніі, якая ахоплівае этап фарміравання ўчастковых выбарчых камісій (УВК).
Доўгатэрміновыя назіральнікі “Права выбару-2015” паведамляюць, што склад УВК сфарміраваны з беспрэцэдэнтна малым прадстаўніцтвам апазіцыі ў параўнанні з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй 2010 года, а таксама парламенцкай выбарчай кампаніяй 2012 года. У параўнанні з гэтымі двума выбарчымі кампаніямі і без таго мізэрнае прадстаўніцтва апазіцыі скарацілася яшчэ больш. Уключэнне ў склад УВК сябраў апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў маюць адзінкавыя выпадкі.
Змены ў Выбарчы кодэкс, якія адбыліся ў 2013 годзе, не прадухілілі няроўнага допуску палітычных сіл да ўдзелу ў працы УВК. Абсалютнай большасці вылучаных ад апазіцыі прадстаўнікоў было адмоўлена ва ўключэнні ў склад УВК. Тым часам прадстаўнікі праўладных палітычных партый і арганізацый уключаліся ў 79-95% выпадкаў.
Судовае абскарджанне рашэнняў пра ўтварэнне УВК не з'яўляецца эфектыўным сродкам задавальнення законных інтарэсаў палітычных партый, паколькі суды не разглядаюць гэткія скаргі аб'ектыўна і ніколі не прымаюць рашэнні пра перагляд складу камісій. Пра гэта сведчыць шэраг судовых працэсаў, ініцыятарамі якіх стала Партыя БНФ, дзе пакуль ні ў адным з разгледжаных выпадкаў судовае рашэнне не было на карысць прадстаўнікоў апазіцыйнай партыі.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2015” Алесь Сілкоў паведамляе, што ад кампаніі назірання ў склад УВК (як ад палітычных суб’ектаў, так і шляхам збору подпісаў) вылучалася 374 прадстаўнікі.
- Нажаль улада ў чарговы раз пайшла на неўключэнне апазіцыі ў склад УВК. Гэта развязвае ёй рукі і не дазваляе апазіцыі кантраляваць, як адбываецца праца гэтых камісій. Усяго ад нашай кампаніі ў склад камісій патрапіла шэсць чалавек – 3 ад БСДП, 2 ад Партыі БНФ і 1 ад ГА БНФ “Адраджэньне”. З усёй дэмакратычнай апазіцыі ў УВК прайшло ўсяго 32 чалавекі! Зразумейце, што ў параўнанні з агульнай колькасцю сябраў, якія будуць працаваць у камісіях – 66 941 чалавекі апазіцыя зноўку незаўважная! – гаворыць Алесь Сілкоў.
Сілкоў таксама паведамляе што ў некаторых выпадках УВК не былі сфарміраваны ў максімальным складзе і прычын неўключэння ў склад гэтых камісій прадстаўнікоў апазіцыі не было. Таксама ні ў адной з УВК няма двух прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый.
У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме