09:15 05.05.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
398 рублёў сабралі гарадзенцы на штраф Анатоля Мышкевіча, дзед якога памёр, бо яго не прынялі ў шпіталь
Анатоль Мышкевіч
Ленінскі суд Горадні аштрафаваў Анатоля Мышкевіча на 30 базавых велічынь (690 рублёў) за тое, што ён выйшаў да аблвыканкаму з плякатам «Ня трэба вайны, каб зьнішчаць беларускі народ! Для гэтага існуе беларуская мэдыцына».
Падставай для таго, каб стаць з плякатам каля аблвыканкаму, стала сьмерць ягонага дзеда. «Хуткая дапамога», дзе яго адмовіліся прыняць, бо ён зарэгістраваны ў Менскай вобласьці.
Анатоль Мышкевіч распавёў Свабодзе, што пасьля гэтага чытаў мноства камэнтароў на розных сайтах, у якіх людзі абураліся рашэньнем суду і прапаноўвалі зьбіраць грошы на ягоны штраф.
«Потым мне канкрэтна напісалі людзі ў „Фэйсбук“ і прапанавалі дапамогу. Я не адмовіўся. І вось за ўчорашні дзень на мой рахунак даслалі 398 рублёў. Мяне гэта вельмі ўразіла, я не чакаў такой чалавечай салідарнасьці ад гарадзенцаў. Разумею, што цяпер ні ў кога няма тых грошай, але ўсё ж хто рубель, хто болей даслаў, каб мне дапамагчы. Мне дасылаюць грошы людзі, якіх я ніколі ў вочы ня бачыў. А колькі людзей мне напісалі цёплыя словы спачуваньняў і падтрымкі! Я ўсім вельмі ўдзячны за такое чалавечае стаўленьне».
Дзеду Анатоля Мышкевіча было 88 гадоў, у яго амаль па ўсім целе былі вялікія ацёкі. Летась ён праляжаў некалькі дзён у шпіталі, яму рабілі кропельніцы, уколы, і праз пэўны час яму стала значна лепей. І вось гэтым разам усё паўтарылася, ён папросту курчыўся ад болю. Анатоль выклікаў «хуткую дапамогу», і яго павезьлі ў чацьверты шпіталь Горадні. Але там лекар адмовіўся глядзець дзеда, які стагнаў ад болю. У картцы старога было запісана, што ён зарэгістраваны ў Менскай вобласьці. У выніку давялося ехаць у іншы шпіталь, але і там сытуацыя паўтарылася.
Мышкевіч напісаў зварот да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму і ва ўпраўленьне аховы здароўя з патрабаваньнем прымаць у шпіталі ўсіх хворых, дастаўленых «хуткай», незалежна ад рэгістрацыі. А яшчэ ён патрабуе, каб ад займанай пасады быў вызвалены чыноўнік, які выдаў указ № 344.
З плякатам Мышкевіч стаў побач з аблвыканкамам толькі з адной мэтай — прыцягнуць увагу прэсы і грамадзкасьці да гэтай сытуацыі, каб справа стала галоснай і ня зьнікла бясьсьледна ў чыноўніцкіх кабінэтах. Сёньня Анатоль Мышкевіч ідзе запісвацца на прыём да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме