10:30 30.01.2020 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
29 студзеня 1884 г. нарадзіўся Антон Луцкевіч
29 студзеня 1884 г. у Шаўлях нарадзіўся Антон Луцкевіч, адзін з галоўных ідэолягаў беларускага нацыянальнага руху ў 20. стагодзьдзі, ініцыятар абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, прам’ер-міністар і міністар замежных справаў БНР, рэпрэсаваны савецкімі акупантамі.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. У 1902 годзе скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пэтэрбурскага ўнівэрсытэту, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўнівэрсытэту.
У 1903 годзе Луцкевіч стаў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазьней — Беларуская сацыялістычная грамада). У 1904 годзе ён арыштаваны ў Менску за распаўсюджваньне партыйнай літаратуры, пасьля арышту выпушчаны з пазбаўленьнем права пакідаць горад.
У лютым 1906 году Луцкевіч перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню, дзе ўваходзіў у склад рэдакцый газэтаў “Наша доля” й “Наша ніва”. Пачаў выступаць у беларускай прэсе як аўтар. З 1911 году — суўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні “Веды” Б. Даніловіча, з 1914 году — яе ўладальнік.
Пасьля таго, як Вільню ў 1915 годзе занялі нямецкія войскі, Луцкевіч узначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і быў адным з выдаўцоў газэты “Гоман”. У тым жа 1915 годзе разам з братам Іванам Луцкевічам, паэтэсай Алаізай Пашкевіч і іншымі ён заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК).
Адзін з ініцыятараў Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.
У час БНР
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году Луцкевіч выказваўся за ўключэньне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданьне дзяржаўнага статусу ўсім мясцовым мовам, школьнае навучаньне на роднай мове.
На Беларускай канфэрэнцыі 1918 ён абраны старшынём Віленскай беларускай рады (ВБР). 18 сакавіка 1918 году Луцкевіч кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пасьля расколу БСГ ён – адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП).
У верасьні 1918 году Луцкевіч прызначаны Радай БНР Старшынём Народнага сакратарыяту й народным сакратаром замежных справаў (з кастрычніка 1918 году — Старшыня Рады Народных Міністраў і міністар замежных справаў БНР).
У верасьні — пачатку кастрычніка 1918 году ён узначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Ўкраіну, сустракалася з гетманам П. Скарападзкім.
3 сьнежня 1918 Рада і ўрад БНР на чале з А. Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 сьнежня — у Гародню.
14 сьнежня 1918, 2 і 3 студзеня 1919 году Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэньня да Польшчы Беластоцкага, Бельскага й Аўгустоўскага паветаў.
У канцы сакавіка 1919 году перад пагрозай польскай акупацыі Гарадзеншчыны й Віленшчыны ён і некаторыя чальцы ўраду БНР выехалі ў Бэрлін. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У Бэрліне склаў мэмарандум, які быў уручаны старшыні канфэрэнцыі.
Па запрашэньні міністра-прэзыдэнта Польшчы І. Падарэўскага выехаў з Парыжу ў Варшаву, дзе ў пачатку верасьня 1919 году быў інтэрнаваны. 1 сьнежня 1919 году вярнуўся ў Менск.
З 13 сьнежня 1919 году — Старшыня Рады Міністраў “Найвышэйшай Рады БНР”. Не знайшоўшы паразуменьня з Польшчай, 28 лютага 1920 году падаў у адстаўку і выехаў у Вільню.
У міжваенны час
У Вільні Луцкевіч аднавіў выданьне газэты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), да канца 1920 году склаў і выдаў зборнікі “Наша ніва” і “Памяці Івана Луцкевіча”.
У ліпені — жніўні 1920 году Луцкевіч зьняволены бальшавікамі.
З 1921 году — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 году заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазьней зьлілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ).
Намаганьнямі Луцкевіча пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музэй імя І. Луцкевіча.
У 1922 годзе Луцкевіч узначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку й структуру Беларускага пасольскага клубу.
Пасьля ўтварэньня ў 1925 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны .
У кастрычніку 1927 году Луцкевіч арыштаваны польскімі ўладамі і абвінавачаны ў супрацоўніцтве зь нямецкай і савецкай разьведкамі. У пачатку 1928 году ён быў апраўданы судом. У 1928 годзе арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы.
У сярэдзіне 1929 году А. Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазыцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюзу культурных і гаспадарчых арганізацыяў (Цэнтрасаюзу), які адмаўляў рэвалюцыйныя мэтады змаганьня з санацыйным рэжымам Ю. Пілсудзкага й выступаў за парлямэнцкія мэтады барацьбы.
А. Луцкевіч выступаў з крытыкай савецкай нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую кіраўніцтва СССР пачало ў 1929 годзе. У артыкуле “Цень Азефа” (1930) ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Сталіну й яго акружэньню. Гэтая крытыка выклікала рэзкае незадавальненьне КПЗБ.
Таксама Антон Луцкевіч праяўляў вялікую актыўнасьць у галіне культурна-публіцыстычнай, між іншым быў старшынём Беларускага навуковага таварыства.
У 1930 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 годзе ён звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі і стаў аб’ектам крытыкі, палітычных спэкуляцый і нападаў з боку розных фракцый беларускага руху. Ён адышоў ад палітычнай дзейнасьці, працаваў у БНТ і Беларускім музэі, выступаў зь лекцыямі й рэфэратамі.
Арышт і сьмерць
Пасьля акупацыі Заходняй Беларусі савецкімі войскамі Луцкевіча спачатку запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі, а празь некалькі дзён арыштавалі ў Вільні й перавезьлі ў Менск.
Асаблівай нарадай НКВД СССР Антон Луцкевіч быў прыгавораны да 8 гадоў канцлягераў.
У 1942 ці 1943 годзе ён памірае ў саратаўскай вязьніцы НКВД. Ён пахаваны ў спэцсэктары камунальных могілак Аткарску.
У 1989 годзе савецкія ўлады рэгабілітуюць Антона Луцкевіча.
Цікавыя факты пра першага прам’ер-міністра БНР: відэа тэлеканала “Белсат”
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме