09:45 24.02.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
23 ЛЮТАГА — НЕ БЕЛАРУСКАЕ СВЯТА
Анатоль Сідарэвіч; уступ Міколы Бугая | 09:08, 23 лютага 2011
23 лютага ніяк не звязана з беларускай гісторыяй, з дзеямі нашых продкаў. Гэтае свята ўстанавілі бальшавікі.
Бо ў гэты дзень у 1918 годзе першыя бальшавіцкія атрады выступілі супраць немцаў пад Псковам. Прычым тут беларусы?
Дзень беларускай вайсковай славы варта святкаваць 8 верасня ці 27 лістапада.
8 верасня 1514 года 30-тысячнае беларускае войска пад Оршай перамагло 80-тысячны экспедыцыйны корпус Маскоўскай дзяржавы. Гэта дало Вялікаму Княству Літоўскаму 100-гадовую перадышку. За гэтыя сто гадоў беларусы мелі Скарыну, Сапегу, Статут Вялікага Княства і Залаты век культуры. Уласна, тады і былі закладзены многія асновы нашай нацыянальнай цывілізацыі. І ў вайсковым сэнсе гэта была бліскучая бітва, прадуманая выдатныя военачальнікам -- праваслаўным князем Канстанцінам Астрожскім.
Другая дата беларуская вайсковая славы адносіцца ўжо да перыяду нацыянальнага будаўніцтва. Але яна больш трагічная. 8 верасня -- дзень перамогі, а 27 лістапада -- дзень самаахвярнасці. У гэты дзень 1920 года слуцкія паўстанцы -- сяляне, гімназісты, афіцэры -- узняліся супраць бальшавікоў, на абарону незалежнай, самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны пацярпелі паразу, але памяць пра іх геройскі чын засталася.
Шануючы беларускіх вайскоўцаў, мужчын увогуле, іх віншуюць па-ранейшаму 23 лютага. Гэты дзень перайменавалі з Дня Савецкай арміі ў Дзень абаронцаў айчыны. Але беларусы асобная нацыя, і каб аднавіць повязь часоў, варта перанесці гэты дзень на дату, звязаную з беларускай, а не каланіяльнай гісторыяй.
Вось што піша пра дату 23 лютага гісторык Анатоль Сідарэвіч.
У 2008 годзе Узброеныя Сілы Беларусі адзначалі сваё… 90-годдзе. Гэта значыць: у перыяд з 18 па 23 лютага 1918 г., калі галоўнакамандуючы Заходняга фронту Мяснікоў даў лататы ў Смаленск, а немцы ішлі на Магілёў і Полацк (далей ісці намеру не мелі), нарадзілася беларускае войска.
Не, скажуць, 23 лютага нарадзілася Чырвоная Армія. Яна спыніла немцаў пад Псковам і Нарвай.
Усё прасцей: ніхто немцаў не спыняў, бо ісці на ўсход далей за Пскоў і Нарву яны не планавалі. Былыя нямецкія ўладанні Курляндыя, Ліфляндыя і Эстляндыя апынуліся ў складзе райху — і дастаткова.
Калі стаяць на грунце фактаў, а не міфаў, дык днём нараджэння Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі трэба лічыць 15 студзеня. Менавіта тады быў выдадзены дэкрэт Савета Народных Камісараў аб арганізацыі добраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Іншая справа, што ісці ў гэтае войска добраахвотна і рабочыя, і асабліва сяляне не надта хацелі. Толькі нямецкі наступ змусіў бальшавікоў актыўна ўзяцца за армейскае будаўніцтва. І не на добраахвотнай аснове.
Але пры чым тут беларускае войска?
У перыяд 1918—1920 гг. Украіна сапраўды мела армію (у жніўні 1920-га яна, дарэчы, дапамагла Войску Польскаму здзейсніць «цуд на Вісле»). Але нашы браты-ўкраінцы вядуць гісторыю сучаснай арміі не ад таго часу, і нават не ад часу, калі з’явіліся рэестровыя казакі, і не ад часу, калі войска Багдана Хмяльніцкага першы раз перамагло палякаў, а ад таго дня, калі Вярхоўная Рада прыняла закон аб стварэнні сучаснай арміі сучаснай Украінскай дзяржавы. Ёй, гэтай арміі, няма і 20 год.
Яшчэ дурней выглядае афіцыйная гісторыя Памежных войскаў Беларусі. Лічыцца, што яны былі заснаваныя 28 мая 1918 г. — тады, калі Беларусь па Дняпро і Дзвіну займалі немцы.
І ўсё ж рэкорд глупства пабіла афіцыйная гісторыя інжынерных войскаў Беларусі (не войска, а войскаў, быццам іх у нас цэлыя дывізіі). Ім, гэтым войскам, «споўнілася», дайце веры, 310 год (чытайце «Звязду» за 21 студзеня).
Яшчэ не было Беларускай арміі (ёй, як вы ведаеце, сёлета «споўніцца» 93 гады), а інжынерныя войскі існавалі і працвіталі ўжо 217 год. І заснаваў гэтыя войскі не нейкі там Аўгуст Моцны, вялікі князь літоўскі, кароль польскі і курфюрст саксонскі, пад чыім скіпетрам знаходзілася ўся сучасная Беларусь, а маскоўскі вялікі князь Пятро Аляксеевіч (тытулу цара за маскоўскімі ўладарамі Еўропа не хацела прызнаваць).
…Саўковасць, цяжкая каланіяльная спадчына. Яна ўжо ў шасцізначнай індэксацыі паштовых аддзяленняў, у назве старажытнай сталіцы (польска-расейскі Навагрудак) і сталіцы сучаснай (польска-расейскі Мінск) і ва ўвекавечаным скароце BY.
Так і застаецца тут Byelorussia, Белоруссия з яе 90-гадовай арміяй і 310-гадовым інжынерным войскам.
Анатоль Сідарэвіч; уступ Міколы Бугая
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |