10:30 20.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
20 верасьня – разьвітаньне з Галінай Сямдзянавай (У апошні шлях Галіны Сямдзянавай)
Разьвітаньне будзе праходзіць ў Залі рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскага, 12 з 13 да 15 гадзінаў.
Галіну Сямдзянаву пахаваюць на Паўночных могілках Менску.
Галіна Сямдзянава памерла пасьля цяжкой хваробы 18 верасьня.
Сямдзянава была дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, адным зь лідэраў беларускай дэмакратычнай апазыцыі.
Галіна Сямдзянава – адна з тых, хто дамогся абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе.
Яна суаўтарка Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР да рынкавай эканомікі (восень 1990). Удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцьці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусі, законаў для спэцыяльнай сэсіі Вярхоўнага Савету 24-25 жніўня 1991 году, калі была абвешчаная незалежнасьць.
Яна была аўтарам заканадаўчых прапановаў, накіраваных на стварэньне арміі Рэспублікі Беларусі
У 1996-1997 гадах уваходзіла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які працягваў працу пасьля гвалтоўнага разгону 1996 году.
У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава была адным з найбольш аўтарытэтных лідэраў і экспэртаў. Займала пасады намесьніцы старшыні (2002-2006), старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі (да 2010).
У 2008 годзе была накіраваная ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэфэрэндумах, у 2010-м – у Менскую гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта.
* * *
У апошні шлях Галіны Сямдзянавай
Яшчэ аднаго дэпутата Незалежнасьці страціла Рэспубліка Беларусь. Вельмі цяжка перажываць сьмерць паплечнікаў і равесьнікаў. Няма ўжо Ігара Гермянчука, Ігара Пырха, Яўгена Цумарава, цяпер вось -- Галіны Сямдзянавай.Гэта пракляты Чарнобыль зьбірае сьмяртэльнае жніва. Калі ўсе мы, фронтаўцы і дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, змагаліся за праўду пра Чарнобыль і за ўратаваньне беларусаў ад радыяцыі, мы супрацоўнічалі з навукоўцамі, разьбіраліся ў працэсах і ў біяфізіцы нашай бяды. Тады казалі пра будучыя вынікі нішчэньня кожнага ізатопу, пра атаку плютонія праз 20 гадоў. І вось ужо паганскі дэман цемры выстрэльвае ў нашае сэрца... – Скалабан, Сіліцкі, Сямдзянава... Стрэл імгненны і хуткая сьмерць.
Шкада, што Галіна пайшла без пары, не дажыла да сьвітаньня, калі канае цемра і над Беларусяй засьвеціцца новы дзень. Гэты дзень ужо йдзе. Ён стукае ў нашыя дзьверы.
Апошні раз я бачыўся зь Сямдзянавай у восені 2009 года, калі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, сабраліся ў Вільні, усьведамляючы як нішчыць нашую справу жыцьця акупацыйны рэжым. Мы гаварылі пра абарону Незалежнасьці, гісторыі і культуры, ды пра нашае братэрства, якое мусіць быць над падзеламі.
Галіна Сямдзянава была асобай сумленнай і прынцыповай з цьвёрдым характарам і праніклівым розумам. Мы ведалі, што ў тактычных кантактах з нашымі палітычнымі праціўнікамі яе не спалохаюць, ня скруцяць, не ўгавораць і не ашукаюць.
Сямдзянава была з сям’і ваенных, член КПСС, украінка. Пошукі праўды, прыстойнасьці і справядлівасьці прывялі яе ў дэпутацкую Апазыцыю БНФ. Яна пакінула кампартыю, успрыняла ідэалёгію і пазыцыю Фронту, стала гаварыць па-беларуску, намэнклятура асьцерагалася яе як беларускай нацыяналісткі. Тады быў пераломны час, калі людзі выбіралі шлях. Галіна Сямдзянава выбрала наш шлях – шлях змаганьня за праўду, за справядлівасьць, за дэмакратыю і волю, за незалежнасьць Беларусі, шлях пакутны, шлях цяжкі, шлях вечны...
Дзякуй, Галіна Георгіеўна. Дзякуй.
Вечная памяць.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме