12:46 23.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
20 ГОД ТАМУ
Ні Лявон Дзейка, ні Алег Трусаў, ні Міхась Чарняўскі не нагадалі мне, а я нейк і забыў. І толькі нядаўна, працуючы ў Нацыянальнай бібліятэцы з падшыўкай “Літаратуры і мастацтва” за 1990 год, са здзіўленнем выявіў: 1 снежня споўнілася 20 год.
Тады, хто памятае, у Доме літаратара ў Менску праходзіў рэспубліканскі форум інтэлігенцыі “Інтэлігенцыя ў нацыянальным адраджэнні і ажыццяўленні суверэнітэту Беларусі”. Справаздачу з гэтага форуму пісаў карэспандэнт “ЛіМа” Віталь Тарас (так і хочацца сказаць: малады Віталь Тарас). У нумары газеты за 14 снежня ён пісаў:
“…гучалі ў зале і адкрытыя палітычныя заявы. Так, упершыню была публічна абвешчана заява аб стварэнні беларускага сацыял-дэмакратычнага руху – ад імя ініцыятыўнай групы з гэтай заявай выступіў А. Сідарэвіч”.
Божа, якая здрадлівая памяць! Хто – Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў ці Алег Трусаў – падышоў да мяне і сказаў, ледзь не загадаў мне, каб я напісаў і выступіў з тою заяваю? Ніяк не мог згадаць. А потым успомніў: я ж зафіксаваў гэты ды іншыя факты ў прадмове да кнігі Міхася Ткачова “Паходня” (1994). І нават тое зафіксаваў, што пісаў тэкст заявы проста на каленях. Цяпер згадваецца, што я сядзеў у другім ці трэцім радзе амаль побач з монсеньёрам Тадэвушам Кандрусевічам, які ў асысце, здаецца, двух ксяндзоў таксама прысутнічаў на тым форуме. Успамінаецца, што біскуп з цікавасцю зірнуў на мяне: во спяшаецца, на каленях піша.
У прадмове да кнігі Міхася Ткачова прапушчаны адзін істотны эпізод. Пра тое, што 21 снежня 1990 года (учора споўнілася 20 гадоў з таго дня) у “ЛіМе” быў апублікаваны першы дакумент беларускага сацыял-дэмакратычнага руху нашага часу – “Заява ініцыятыўнага камітэта па стварэнні (адраджэнні) Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады”.
З таго дакумента, з якім кожны, хто захоча, можа азнаёміцца ў падшыўцы “ЛіМа”, мне хочацца сёння працытаваць толькі адзін пункт. Пачынальнікі новага сацыял-дэмакратычнага руху разглядалі будучую БСДГ як партыю “дыялогу і супрацоўніцтва з усімі дэмакратычнымі, прагрэсіўнымі сіламі”, а не як партыю супрацоўніцтва з антыдэмакратычным рэакцыйным рэжымам.
Чытаючы той першы дакумент новага беларускага сацыял-дэмакратычнага руху, мне цікава было згадаць, хто першапачаткова ўваходзіў у той ініцыятыўны камітэт і хто застаўся ў руху дасёння.
Мікалай Аксаміт, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання, перайшоў у БНФ. У БНФ перашлі і ягоныя калегі Уладзімір Заблоцкі, Мікалай Крыжаноўскі ды Сяргей Навумчык. Потым, пасля разлому БНФ, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Навумчык ды археолаг Эдвард Зайкоўскі стануць сябрамі КХП БНФ. З часам адыдуць ад партыі (але не памяняюць свае погляды) пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Мікола Гіль, Сяргей Законнікаў ды Эрнест Ялугін. Увосень мінулага года з’явілася была магчымасць вярнуць іх у партыю, ды гэтаму пасля вядомай кляўзы перашкодзіла Міністэрства юстыцыі.
Былі ў ініцыятыўнай групе і два сапраўдныя філосафы: Уладзімір Конан ды Вадзім Салееў. Мой даўні знаёмец Уладзімір Міхайлавіч Конан будзе потым сябрам БСДГ Станіслава Шушкевіча. Ці застаўся ён у той партыі – невядома, затое вядома, што нядаўна выйшаў першы том ягонай капітальнай працы з гісторыі эстэтыкі ў Беларусі. Гісторыю эстэтыкі вывучаў і Вадзім Салееў (адну ягоную кнігу я рэцэнзаваў у “ЛіМе”). На жаль, пра яго нічога не магу сказаць: дзе ён і як ён.
Меліся ў ініцыятыўным камітэце і эканамісты. Доктар эканамічных навук Уладзімір Кулажанка сёння, здаецца, беспартыйны. Артыкулы Уладзіміра Андрэевіча можна чытаць у “Народнай Волі”. Проста эканаміст, супрацоўнік Мінскага гарвыканкама Мікола Кійка, які быў першым кіраўніком спраў БСДГ (і добрым, кваліфікаваным кіраўніком), цяпер уваходзіць у аргкамітэт Народнай Грамады.
Міколу Кійку у ініцыятыўны камітэт прывёў намеснік старшыні Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў Анатоль Гурыновіч – той самы, які ў жнівеньскія дні 1991 года апячатае будынак ЦК КПБ. Анатоль таксама адышоў ад партыі. Інжынер-электроншчык, ён атрымаў дыплом юрыста і да нядаўняга часу, наколькі мне вядома, выкладаў у Інстытуце правазнаўства працоўнае ды пенсійнае права. Ці выкладае цяпер, не скажу.
Быў аргкамітэце і выдавец – тады намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва “Навука і тэхніка” Зміцер Санько. Цяпер Зміцер Хведаравіч (поўны цёзка галавы першага ўраду БССР) узначальвае незалежнае выдавецтва “Тэхналогія”. Менавіта Зміцер Хведаравіч ажыццявіў поўнае факсімільнае выданне газет Беларускай Сацыялістычнай Грамады “Наша Доля” і “Наша Ніва”. Выдавецкая дзейнасць Зміцера Санько – гэта выдатная заслуга перад беларускай культурай і гістарычнай навукай.
Дарэчы, пра гістарычную навуку. У ініцыятыўны камітэт, акрамя ўжо названага Эдварда Зайкоўскага, уваходзілі доктар гісторыі, шаноўны археолаг Георгі Штыхаў і ягоны малады калега Сяргей Тарасаў – абодва знаўцы першапачатковай полацкай гісторыі. Яны, як і іхні калега Ігар Чарняўскі, таксама адышлі ад партыі. Але калі пры лукашэнкаўскім рэжыме Сяргея Тарасава звольняць з працы ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, дык Ігар Чарняўскі зрабіў кар’еру – на жаль, не навуковую. Вучнем Георгія Штыхава быў доктар гістарычных навук, тады загадчык рэдакцыі гісторыі Беларусі ў выдавецтве “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Міхась Ткачоў. Не магу ў гэтую хваліну сказаць, чыім вучнем быў Міхась Чарняўскі – таксама ў той час ужо славуты. У новым стагоддзі Міхася Міхайлавіча звольняць з працы ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, наколькі помніцца, за недахоп кваліфікацыі, ды станецца так, што яго запросяць у БДУ – вучыць будучых археолагаў. Але тут прост неабходна нагадаць, што гэта ён, Міхась Чарняўскі, на ўстаноўчым з’ездзе БНФ у чэрвені 1989 года першы выказаў мне думку пра адраджэнне беларускай сацыял-дэмакратыі. Хоць я ведаў пра колішнюю беларускую сацыял-дэмакратыю ўжо нямала, мне і ў галаву не прыходзіла, што яе трэба адраджаць. Я і сёння пытаюся ў сябе: ці правільна мы зрабілі, што заняліся гэтаю справаю? Досвед паказвае, што на постсавецкай прасторы сацыял-дэмакратыя не прышчэпліваецца або прышчэпліваецца дрэнна. Выключэнне – балтыйскія краіны. Дык там бальшавікі не высеклі сацыял-дэмакратыю пад корань. Наадварот, у 1940-м яны прымусілі эсдэкаў уступаць у карлікавыя камуністычныя партыі Латвіі, Літвы, Эстоніі. Ды гэта тэма для іншага разу, для адмысловых разважанняў.
Свае згадкі я пачаў з дэпутата Мікалая Аксміта, мастака паводле адукацыі і занятку. У ініцыятыўны камітэт, акрамя яго, Уладзіміра Заблоцкага, Мікалая Крыжаноўскага ды Сяргея Навумчыка, уваходзілі яшчэ чатыры народныя дэпутаты: Яўген Глушкевіч, Леанід Дзейка, Алег Трусаў ды Яўген Цумараў. Былога камсамольскага работніка Яўгена Глушкевіча я ведаў слаба, значна лепш – Яўгена Цумарава (ягоную дачку вучыў у Гуманітарным ліцэі; да слова, маімі вучнямі былі таксама дачка Алега Трусава і сын Міхася Чарняўскага). Абодвух Яўгенаў ужо няма сярод нас. Гісторыка, археолага-медыявіста Алега Трусава, мусіць, няма патрэбы рэкамендаваць. Пра інжынера з Клецка Леаніда Дзейку трэба зацеміць, што на выбарах у Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання ён перамог сакратара Клецкага райкама КПБ Аляксандра Ярашука. Ага, таго самага, які ўзначальвае цяпер Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Дзякуючы Леаніду Іванавічу вось ужо блізу 10 год працуе партыйны сайт.
Больш за ўсіх з сябраў ініцыятыўнага камітэта па стварэнні (адраджэнні) Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі я напісаў пра Міхася Ткачова – першага старшыню партыі. Пра кагосьці яшчэ трэба напісаць. А гэтыя згадкі хачу скончыць прыпіскаю, якая ішла ўслед за апублікаванай у “ЛіМе” заявай. У той прыпісцы паведамлялася, што па пытаннях, звязаных з утварэннем Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, трэба звяртацца па тэлефоне 46 43 15. Гэта, цвёрда ведаю, колішні нумар хатняга тэлефона Міхася Чарняўскага. Можна было таксама пісаць на абаненцкую скрынку Алега Трусава.
Ведама, не з гэтай заявы пачалося адраджэнне сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі, але ў гэтай заяве былі пазначаныя прынцыпы беларускай сацыял-дэмакратыі, з гэтай заявы да ініцыятараў пачалі далучацца людзі ў іншых рэгіёнах Беларусі.
Анатоль Сідарэвіч.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |