17:15 11.04.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
11 красавіка спаўняецца 75 гадоў з дня трагічнай гібелі Змітра Жылуновіча
11 красавіка спаўняецца 75 гадоў з дня трагічнай гібелі Змітра Жылуновіча.
«Так, яму не хапала адукацыі, шліфоўкі, так, ён мог зазнавацца, мець завышаную самаацэнку, ён не быў спрытным палітыкам… Яго як пісьменніка нельга паставіць у адзін шэраг з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім, Алесем Гаруном, але ніхто з сур’ёзных літаратуразнаўцаў і не робіць гэтага. І ніхто з сур’ёзных літаратуразнаўцаў не будзе пісаць, што Цішка Гартны „крэмзаў“ вершы.
Мы памятаем, што ён быў у шэрагу першых.
Мы ведаем, што ў сілу сваіх здольнасцяў ён паслужыў беларушчыне. Ён быў пралетар? Але ён заслужаны перад Беларуссю пралетар.
Ён быў камуністам? Але ніхто не будзе аспрэчваць, што перш ён быў беларусам», — пра Жылуновіча гісторык Анатоль Сідарэвіч.
Абставіны гібелі пісьменніка і паэта, нашаніўца, БСГоўца, а пасля нацыянал-камуніста, старшыні першага ўраду БССР, рэдактара першай беларускай савецкай газеты «Дзянніца» і часопіса «Полымя», арганізатара беларускага кнігавыдавецтва і акадэміка Змітра Жылуновіча цьмяныя.
Адлучаны ад палітычнай і навуковай дзейнасці, выключаны з партыі, цкаваны,
Жылуновіч быў арыштаваны ў 1936-м па сфабрыкаванай справе «як актыўны ўдзельнік контррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі, выкрытай у Мінску».
Як гісторык Ігар Кузняцоў, Гартнага спачатку трымалі ў сумнавядомым ізалятары КДБ «амерыканка», выбіваючы паказанні.
Сведкам таго апошняга трагічнага перыяду жыцця Жылуновіча быў Масей Сяднёў. Яго ўспаміны цытаваў у сваёй працы Аўген Калубовіч: «23.10.1936 г. аўтар (тады студэнт 4-га курса Менскага Педагагічнага інстытута) быў арыштаваны НКВД. На першым допыце яму было прачытанае абвінавачванне:
«Вы обвиняетесь в принадлежности к контрреволюционной нацдемовской организации, целью которой было отторжение Белоруссии от СССР, чтобы сделать ее буржуазно-демократической республикой типа Латвии, Литвы и Эстонии»…
«Следчы далей з іроніяй зазначыў, што «идейный вождь» гэтай арганізацыі — «ваш знаменитый писатель» Цішка Гартны…
Аднойчы, як звычайна, мяне ад следчага вялі да камеры. У вузкім калідоры нечакана я сустрэўся з Цішкам Гартным, якога вялі на допыт. Ад здзіўлення я спыніўся, чаго, зразумела, рабіць было нельга… Я крыкнуў:
— Добры дзень, дзядзька Гартны!
— Молчать! — крыкнуў праваднічы. — Кто он вам? — І паставіў мяне тварам да сцяны. Я стаяў да тых пор, пакуль ня змоўклі крокі Цішкі Гартнага.
Праз 10 хвілін пасля гэтага мяне вельмі ганялі на паўторным допыце:
— Откуда знаете Гартного? — пытаўся следчы…
— Я ведаю яго як беларускага пісьменьніка — і не больш гэтага.
— Гм-м „белорусского“… А лично знакомы?
— Не, — адказаў я…
У камэры я доўга думаў над тым, як сталася, што арыштавалі Цішку Гартнага? У маіх вачох Ц.Гартны быў чалавекам, якога нельга было, здаецца, арыштаваць наагул…
Хутка я апынуўся ў камеры, дзе былі Цішка Гартны і Сымон Баранавых. Я вельмі абрадаваўся гэтаму… меў з кім гутарыць.
Цішка Гартны гаварыў, што… ідзе знішчэньне ўсяго беларускага… знішчэньне духовага жыцьця народу, больш таго — ідзе яго фізычнае знішчэнне… Робіцца ўсё… каб не даць нам жыць, як народу. Дзеля гэтага й «створана» сягоння органамі НКВД нацдэмаўская арганізацыя. Сяброў гэтай арганізацыі будуць цяжка абвінавачваць у дзяржаўнай зрадзе.
Нікому з нас не будзе літасці…
Кожны дзень прыносіў нечуваныя навіны… Арыштаваныя народны камісар земляробства Бэнэк, народны камісар асьветы Чарнушэвіч, галоўнакамандуючы Беларускай вайсковай акругай Убарэвіч… паэты Чарот, Александровіч, Хадыка, Дудар, Кляшторны, Маракоў, Звонак… пісьменнікі Галавач, Зарэцкі, Скрыган, Баранавых, Знаёмы, Мікуліч, Шашалевіч і г.д. Турма набівалася бітком.
На допыты цягаюць дзень і ноч, і б’юць».
«…Ц.Гартны звар’яцеў. Вяртаючыся із допытаў, ён хаваўся пад лаўку й ціха, спалохана шаптаў: «Божа мой!.. Я хацеў забіць Сталіна?»
«Праходзіць цэлы год… Я атрымліваю, нарэшце, «обвинительное заключение»… (Зь яго) вынікае, што кіраўнікамі арганізацыі з’яўляюцца «ворагі народа» — Цішка Гартны, Зарэцкі, Чарот і Дудар.
У гэты час Гартнага ў жывых ужо ня было. Ён памёр (11.4.1937 г.) у Магілеўскім Доме вар’ятаў“, куды яго перавезьлі з турмы менскага НКВД».
У той лякарні, як сведчыць гісторык Ігар Кузьняцоў, Гартны, прывезены з мінскай «амерыканкі», прабыў нядоўга — чатыры дні.
Афіцыйная прычына яго смерці — «гангрэна лёгкіх».
Пра іншае, паводле Кузняцова, сведчаць следчыя матэрыялы: «У следчых матэрыялах напісана: «Ён лёг на падлогу, узняў жалезны ложак і ножку ложка паставіў сабе ў рот, і такім чым здзейсніў самагубства». Многія рабілі сабе смерць, каб не трапіць у пашчу «чырвонага Молаха» — Ігнатоўскі, Чарвякоў, Юзаф Адамовіч. Але ў выпадку Жылуновіча Ігар Кузняцоў не верыць у версію добраахвотнага сыходу з жыцця:
«Па ўсіх заключэннях ён не быў здольны на якое-небудзь фізічнае самагубства. Сто працэнтаў гэта было зроблена супрацоўнікамі НКВД. Гэта быў знакавы чалавек у беларускай гісторыі, і пакідаць яго жывым і пры розуме — гэта было не ў стылі НКВД.
Гэта ж потым стала традыцыяй у савецкі час, калі ў турму садзіць было нібыта неэтычна, — ізаляваць у псыхіятрычную ўстанову. Як дысыдэнты многія адседзелі», — падсумоўвае Кузьняцоў.
Дакладнае месца пахавання Змітра Жылуновіча невядомае. Магілёўскія актывісты паставілі сімвалічны крыж непадалёк ад лякарні, у якой загінуў патрыёт, які паверыў бальшавікам. Стваральнік марыянеткавай краіны, з якой вырасла незалежная Беларусь.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |