15:46 20.06.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

100-годдзе адной ідэі Антона Луцкевіча













Вялікія, шляхетныя ідэі: роўна стагоддзе таму нарадзілася канцэпцыя Балта-Чарнаморскага саюза



Аўтарскі загаловак артыкула: "Вялікія, шляхетныя ідэі, якім не наканавана збыцца".



«Стаім мы перад будучынай нашай…»


2 чэрвеня 1916 у газеце Homan з’явіўся артыкул І. Мялешкі «Нашы суседзі». Спачатку аўтар адзначаў: «Адзін за адным выступаюць уцісканыя народы Расеі, заяўляючы перад усім светам, што далей старога ўціску яны цярпець не могуць». Потым паведамляў, што «вядомую тэлеграму» на імя прэзідэнта Злучаных Штатаў Вудра Уілсана — следам за беларусамі і літоўцамі — падпісалі і прадстаўнікі латышоў. І нарэшце канстатаваў: «Выступленне латышоў павялічывае чысло народаў, каторыя цалком або часцю ўжо вызвалены з-пад расейскай уласці і назад вяртацца пад яе не хочуць».

Далей І. Мялешка пісаў пра тое, што Латвія, асабліва ж Рыга і Лібава, сталі месцам працы і жыхарства многіх беларусаў і літоўцаў. Апрача таго, латышы «дзержаць у сваіх руках ключы да Балтыцкага мора», а «выхад да мора — гэта найважнейшае пытанне эканамічнага жыцця». Да Балтыйскага мора, нагадваў аўтар, з Беларусі вядуць дзве чыгункі (у Лібаўскі і Рыжскі порты) ды «побач з Нёманам, каторы ўліваецца ў мора на літоўскім беразе, адвечны водны шлях — Дзвіна». «Як Дняпро з яго прытокамі — Бярэзінай і Прыпяццю, — развіваў сваю думку І. Мялешка, — злучаюць нас з Украінай і Чорным морам, так Дзвіна звязвае наш Край з латышамі і Балтыцкім морам, ды гэтак мы маем выхад у дзве староны свету».

Гэта погляд эканаміста на сітуацыю, у якой апынулася часткова пазбаўленая расійскага панавання Беларусь. Але гэта і погляд палітыка, які завяршае артыкул такімі словамі: «Так ад Балтыцкага да Чорнага мора звязываюцца адна з аднэй землі, каторыя часцю ўжо адарваны ад Расеі, часцю ждуць вызвалення ад яе панавання, але перад усенькім светам заявілі, што маскоўскі ўціск перайшоў усялякую меру, ды згодна, рука ў руку дабіваюцца новай, лепшай долі для сябе».

Упэўнены ў тым, што Беларусь «ужо не вернецца ў старую няволю», І. Мялешка — як Антон Луцкевіч, старшыня нелегальнага Беларускага Народнага Камітэта, — 11 чэрвеня 1916 прадставіў сябрам гэтай інстытуцыі праект рэферату беларускай дэлегацыі на Лазанскай канферэнцыі народаў Расіі. Дэлегаты — а імі былі Іван Луцкевіч ды Вацлаў Ластоўскі — павінны былі выкласці ўдзельнікам канферэнцыі беларускае бачанне паваеннага ўладкаваньня рэгіёну, які пазней назавуць Цэнтральна-Усходняй Еўропай. Праўда, у дакуменце гаворка была толькі пра ўсходнюю частку рэгіёну. Луцкевіч пісаў: «Вольная Беларусь у федэрацыі з вольнымі суседнімі народамі, свайго роду «Злучаныя Штаты» ад Балтыцкага да Чорнага мора — гэта найшырэйшы, найдалейшы палітычны ідэал, на каторым зыходзяцца беларусы ўсіх партый, усіх палітычных кірункаў».

Новы стан рэчаў


У выказваннні І. Мялешкі пра тое, што паняволеныя Расіяй землі «згодна, рука ў руку дабіваюцца новай, лепшай долі для сябе», маецца свайго роду сугестыя. У сапраўднасці не было ні згоднасці, ні дружалюбнасці.

Калі ўжыць тэрмін Юрыя Туронка «нежаданая рэспубліка», дык Беларусь як суб’ект міжнароднага права была нежаданаю ці не зусім жаданаю для ўсіх яе суседзяў без выключэння. Усе суседзі прэтэндавалі калі не на ўсю Беларусь ад Беластока да Смаленска (крайнія польскія нацыяналісты), дык на яе часткі. І ўсе яны нешта хоць на нейкі час ды атрымалі: Украіна — ад немцаў — наша Палессе, Літва — ад немцаў ды бальшавікоў — значную частку Гродзенскай ды ўсю Віленскую губерню, Латвія — ад бальшавікоў — тры паветы Віцебскай губерні, у тым ліку воласці з пераважна беларускім жыхарствам. А Польшча і бальшавіцкая Расія год з гакам вялі, кажучы словамі Леніна, вайну за Літву і Беларусь. Невядома, як склаўся б лёс самой Польшчы, калі б на дапамогу ёй не прыйшла Антанта, у першы чарод Францыя, якая дапамагла і зброяй, і вайскоўцамі.

Да лістапада 1920 сітуацыя ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе збольшага стабілізавалася. Украіна была распалавінена, ёй давялося (да новага прыходу немцаў) адмовіцца ад нашага Палесся. Літоўскаму ўраду пасля «бунту» Люцыяна Жалігоўскага давялося перабрацца ў Коўна і забыць пра намаляваную ў марах літоўска-ўкраінскую мяжу пад Бельскам, Пружанамі ды Выганаўскім возерам (Вільню ды толькі малую частку былых Віленскай і Гродзенскай губерняў у 1939-м і 1940-м Літве падорыць Сталін).

Нягледзячы на тое, што 12 кастрычніка 1920 Масква і Варшава падпісалі прэлімінарныя ўмовы міру, Антон Луцкевіч не лічыў, што пытанне аб паваенным уладкаванні Цэнтральна-Усходняй Еўропы вырашана. Мала таго, ён прадбачыў, што ваенны поспех Польшчы з часам можа прывесці гэтую краіну да катастрофы. Ён лічыў, што ў Польшчы ёсць шанец пазбегнуць катастрофы. І ён вярнуўся да сваёй ідэі Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Інтэрнаваны польскімі ўладамі ў варшаўскім гатэлі «Саскі», ён піша брашуру «Усходняе пытанне і Беларусь». Па-польску. Для палякаў.

Польскі шанц пазбегнуць катастрофы


Луцкевіч быў упэўнены, што «вынік усеагульнай вайны, якая завяршылася Версальскім трактатам, не ліквідуе магчымасці новай усясветнай вайны». Ён бачыў, што пераможаная Нямеччына імкнецца да новага збліжэння з Расіяй. І з гэтым павінны лічыцца ўсе нацыі ды наваствораныя дзяржавы, якія «лёс размясціў паміж двума… калосамі». У першую чаргу з гэтым павінна лічыцца Польшча. Ніякі польска-расійскі і польска-нямецкі саюз Польшчы не дапаможа. Бо Нямеччына не пацерпіць у сябе пад бокам Польшчу, якая хоча пазбыцца статусу аграрна-сыравіннага прыдатку і стаць індустрыяльнай дзяржавай. Бо Расія «мае намер адбудаваць колішнюю «ўсерасейскую» дзяржаву» — з Беларуссю, Балтыкай, Украінай, Каўказам. І з Польшчай.

З другога боку, пісаў Луцкевіч, Польшчы нельга падманвацца, паддавацца «юнацкай веры ў гераізм і мілітарную сілу польскага народа». Гераізм гераізмам, а добра ўзброеныя Расія і Нямеччына будуць такой сілай, якой Польшча «ні ў якім разе не здолее супрацьстаяць».

Звяртаю ўвагу: толькі праз паўтара года, у красавіку 1922-га, будзе падпісаны Рапальская дамова паміж Расіяй і Нямеччынай, на аснове якой наладзіцца супраца паміж Чырвонай Арміяй і Райхсверам, а Луцкевіч ужо ўпэўнены ў непазбежнасці мілітарнага саюзу абедзвюх дзяржаў.

Што належыць рабіць Польшчы, каб яе не расціснулі Расія і Нямеччына? Луцкевіч перакананы, што дзеля ўласнага выжывання Польшча можа і павінна «стаць асяродкам, вакол якога маглі б згрупавацца перадусім былыя землі Расейскай дзяржавы, размешчаныя паміж Балтыкай і Чорным морам, а далей — пры шчаслівых варунках — Чэхаславакія, Югаславія і паўднёвыя суседзі».

Луцкевіч адзначаў: Польшчы адносна лёгка наладзіць адносіны з Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй, Венгрыяй, Румыніяй, Югаславіяй, а вось з непасрэднымі суседзямі — Беларуссю, Літвой, Украінай і Чэхіяй — у яе падзелы і сваркі. У інтарэсах самой Польшчы наладзіць добрыя адносіны з імі і такім чынам адарваць іх ад Расіі, бо «Расія без Балтыкі, без Беларусі, без Украіны не застрашыць нікога — тым больш калі з гэтых адасобленых земляў паўстане моцны, звязаны супольнасцю інтарэсаў комплекс дзяржаў».

Ідэі не паміраюць


У 1920-м, калі Луцкевіч пісаў брашуру «Усходняе пытанне і Беларусь», яго ідэя ў лепшым разе магла быць успрынята як голас слабога палітыка, за якім няма ўнушальнай сілы. Але здарылася горшае: на гэтую ідэю не звярнулі ніякай увагі. У польскага палітычнага класа — і эндэкаў, і хадэкаў, і сацыялістаў — былі іншыя інтэнцыі.

Каб Польшча была расціснутая, Расіі, якая прыняла псеўданім «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», і Нямеччыне спатрэбілася, калі лічыць ад Рапальскай дамовы, 17 гадоў. Да 1941 г. Расія вярнула Балтыю, усю Беларусь, частку Фінляндыі, Бесарабію, а ва Украіне яна прыхапіла і тэрыторыі, якія да 1914-га ёй не належалі.

Гісторыя паўтараецца. Палітыкі краін НАТА кепска засвоілі гэтую ісціну. Яны не засвоілі, што пасля паразаў і катастроф Расія перш- наперш аднаўляе свой мілітарны патэнцыял. Пасля распаду СССР Расія ўжо праз 17 год (у 2008-м) узяла пад сваю руку частку Грузіі. «Вялікія дзяржавы» не зрабілі з гэтага ніякіх высноў. Заходнія лідары па-ранейшаму паціскалі руку Пуціну і ўсміхаліся яму. І нават захоп Крыма і спроба адарваць ад Украіны «Наваросію» не адразу ацверазілі іх. У званы зазванілі палітыкі ў былых расійскіх уладаннях, у тым ліку ў Польшчы.

Гісторыя паўтараецца. І вось, у 2015-м, амаль праз 95 год пасля таго, як Луцкевіч сеў пісаць сваю брашуру, новаабраны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказвае ідэю стварэння блоку дзяржаў ад Балтыйскага да Чорнага і Адрыятычнага мораў.

Усё трэба рабіць у свой час


Доўга ж ішла польская палітычная думка да пэўных ідэй. Толькі па Другой сусветнай вайне ў асяроддзі парыжскага часопіса «Культура», які рэдагаваў наш зямляк, князь Ежы Гедройц, прыйшлі да высновы, што існаванне незалежных Беларусі, Літвы ды Украіны адпавядае польскім інтарэсам. Хоць бы таму, што такія дзяржавы былі б буферам паміж Польшчаю і Расіяй. Яшчэ даўжэй польская палітычная думка ішла да ідэі саюза дзяржаў, якія знаходзяцца паміж морамі.

Праўдападобна, што ідэя аб саюзе дзяржаў паміж Балтыйскім, Чорным ды Адрыятычным морамі прыйшла да Луцкевіча пасля гутаркі з прэзідэнтам Чэхаславакіі Томашам Масарыкам увесну 1919-га. Падчас гутаркі гэты выдатны палітык і (што важна падкрэсліць) інтэлектуал выказаўся ў тым сэнсе, што ў новых абставінах Польшча магла б узяць на сябе ролю правадыра славянства замест Расіі, але пра гэтую ролю яна абсалютна не клапоціцца. Ідэю Масарыка Луцкевіч развіў і прапанаваў Польшчы ролю лідара Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Аднак у Польшчы быў іншы клопат — як падзяліць з Расеяй Беларусь ды Украіну, як асіміляваць беларусаў ды ўкраінцаў, як адарваць ад Чэхіі Цешынскую Сілезію, як зрабіць паслухмянай Літву, як уціснуць габрэяў, што рабіць з нямецкай нацыянальнай меншасцю…

У 1920—1921-м, пакуль не быў падпісаны Рыжскі трактат, пакуль не была прынятая польская канстытуцыя як асноўны закон жорстка цэнтралізаванай дзяржавы, у Польшчы быў шанц стаць лідарам Цэнтральна-Усходняй Еўропы, згуратаваць вакол сябе суседнія нацыі і гэтак запабегчы нямецка-расійскай агрэсіі.

Польшча свой шанц не выкарыстала.

Але ідэі, сфармуляваныя Антонам Луцкевічам, ад гэтага не згубілі сваёй прывабнасці. Вось і нядаўна, праз 100 год пасля яе сфармулявання, ідэю Балта-Чарнаморскага саюза зноў агучыў новы галава Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій.
Паводле "Нашай Ніы"



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме