13:46 10.04.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
100 гадоў таму... РАСІЯ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ
РАСІЯ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ
1.Новы палітычны парадак і яго нетрываласць. Адрачэнне Мікалая ІІ, а потым і яго брата, вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча, азначала канец нелегальнага існавання радыкальных апазіцыйных партый і вызваленне палітычных вязняў. Адрачэнне цара і яго брата азначала таксама скасаванне смяротнай кары і цэнзуры. Акрамя таго, усе рэвалюцыйныя партыі патрабавалі скасавання ўнутраных пашпартоў і рэжыму прапіскі, у тым ліку ліквідацыі рысы аселасці для іудзеяў. Жыхары Расіі перасталі быць падданымі і сталі грамадзянамі, што, у сваю чаргу, вяло да ўвядзення грамадзянскай роўнасці, скасавання прывілеяў і абмежаванняў паводле прыналежнасці да пэўнага стану (саслоўя), расавай, нацыянальнай і рэлігійнай адзнак. Шырокія грамадзянскія і палітычныя правы, у тым ліку права выбіраць і быць выбранымі, атрымлівалі жанчыны.
Расія рабіла гіганцкі крок у бок дэмакратыі, але, як вядома з палітычнай гісторыі іншых дзяржаў і як паказала далейшае развіццё падзей у Расіі, ніводная краіна не можа адразу перайсці ад абсалютызму ці паўабсалютызму да дэмакратычнага ладу ва ўсёй яго паўнаце.
Леў Троцкі пісаў, што рэвалюцыя развіваецца не інакш, як робячы пасля двух крокаў наперад адзін крок назад.
Вялікая рэвалюцыя здзейсніла два крокі наперад: яна 1) ліквідавала самадзяржаўе і 2) зрабіла рывок у напрамку да дэмакратычнай парламенцкай рэспублікі.
Звычайна ж пасля ліквідацыі абсалютысцкіх ці паўабсалютысцкіх рэжымаў раней ці пазней наступаюць перыяды дыктатарскіх рэжымаў або часовай рэстаўрацыі старога парадку. Такое развіццё падзей мы бачылі ў Вялікабрытаніі: Пурытанская рэвалюцыя, Пратэктарат (дыктатура Олівера Кромуэла), Рэстаўрацыя Сцюартаў і спроба аднавіць абсалютызм, Слаўная рэвалюцыя, якая прывяла да канстытуцыйнай манархіі і паступовага абмежавання ўлады каралёў і каралеў. Амаль гэтак было ў Францыі: Рэспубліка, Консульства, Імперыя, Рэстаўрацыя, Ліпеньская манархія, Другая Рэспубліка, Другая Імперыя, Трэцяя Рэспубліка.
Калі шлях гэтых дзвюх краін ад абсалютызму да дэмакратыі разглядаць як адзіны рэвалюцыйны працэс, то нельга зноў не спаслацца на Л. Троцкага, які пісаў, што арбіта кожнай рэвалюцыі складаецца з частых крывых уздыму і спуску.
2. Двоеўладдзе. Саветы. Крохкасць новага рэжыму ў Расіі падвойвалася з прычыны існавання ў ёй двух цэнтраў улады. Адным цэнтрам быў Часовы ўрад Расіі, другім станавіўся Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
У афіцыйный савецкай гістарыяграфіі першым Саветам рабочых дэпутатаў лічылі Савет рабочых упаўнаважаных, які ў маі–ліпені 1905 г. існаваў у Іванава-Вазнясенску. Гэты Савет, аднак, паўстаў з ініцыятывы прадпрымальнікаў. Забаставаўшы і выставіўшы пераважна эканамічныя патрабаванні, іванава-вазнясенскія рабочыя сабраліся на мітынг, але фабрыканты адмовіліся весці перамовы з натоўпам і запатрабвалі, каб рабочыя выбралі сваіх упаўнаважаных. Так паўстаў Савет рабочых упаўнаважаных як орган кіравання забастоўкай і паўнамоцны орган для вядзення перамоваў з фабрыкантамі. Калі прадпрымальнікі часткова задаволілі патрабаванні забастоўшчыкаў, Савет рабочых упаўнаважаных спыніў сваю дзейнасць.
Іванава-Вазнясенскі Савет рабочых упаўнаважаных быў абвешчаны першым Саветам рабочых дэпутатаў, каб зацяніць той факт, што ў 1905 г. пад такой назвай быў створаны рэвалюцыйны прадстаўнічы орган пралетарыяту ў Санкт-Пецярбургу. Спачатку гэта быў Савет рабочых дэлегатаў. У кастрычніку 1905-га яго перайменавалі ў Савет рабочых дэпутатаў. На чале Савета стаяў памочнік прысяжнага паверанага (адваката) Георгій Хрусталёў-Насар (праціўнік бальшавізму, ён будзе растраляны ў 1919 г.). Аднак Хрусталёў-Насар быў у многім асобай дэкаратыўнай. Фактычнымі ж кіраўнікамі Савета былі сацыял-дэмакраты Аляксандр Парвус і Леў Троцкі, якія не належалі ні да меншавіцкай, ні да бальшавіцкай фракцый РСДРП.
У Савеце надзіва дружна працавалі і абедзве фракцыі сацыял-дэмакратаў, і сацыялісты-рэвалюцыянеры. Савет выдаваў сваю газету, кіраваў забастовачным рухам, аказваў дапамогу забастоўшчыкам. Калі паўстала небяспека з боку чарнасоценцаў, Савет пачаў ствараць рабочыя дружыны і міліцыю. Гэта быў, як пісаў Троцкі, “зародкавы орган рэвалюцыйнага ўраду”, а буржуазныя органы друку называлі Савет пралетарскім урадам.
Пецярбургскі Савет рабочых дэпутатаў быў разгромлены царскім рэжымам, а Парвус і Троцкі апынуліся ў ссылцы.
Паўсталы 27 лютага (12 сакавіка) 1917 г. Петраградскі Савет рабочых дэпутатаў на чале з меншавіком Мікалаем Чхеідзэ быў створаны як орган паўстання, як орган, які змагаецца “за канчатковае ўмацаванне свабоды і народнага праўлення ў Расіі”. Інакш кажучы, Савет браў на сябе задачу замагацца за дэмакратыю і не дапусціць рэстаўрацыю ранейшага рэжыму.
Першапачаткова ў Савеце адсутнічалі бальшавікі. Бальшавіцкая фракцыя ў Савеце была створана толькі праз тыдзень пасля адрачэння Мікалая ІІ. Гэта тлумачыцца тым, што бальшавікі ў дні рэвалюцыі большае значэнне надавалі вулічнай барацьбе.
Цягам часу Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў былі створаны ў мностве гарадоў. 3(16) ліпеня збярэцца Усерасійскі з’езд рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які абярэ Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (УЦВК). А да гэтага часу ўсерасійскім цэнтрам Саветаў быў Петраградскі Савет.
3. Армія і флот. Калі адбылася Вялікая рэвалюцыя, Расія знаходзілася ў стане вайны. Пасля падзення царызму ўдзел Расіі ў вайне большасцю палітычных партый стаў разглядацца як абарона дэмакратыі.
Дэмакратызацыя не магла не зачапіць армію і флот. Салдаты і матросы былі абвешчаны такімі ж грамадзянамі, як і ўсе астатнія. Замест ранейшага тытулавання афіцэраў “ваше благородие», «ваше высокоблагродие» было ўведзена “господин поручик”, “господин полковник”. Адбываліся змяненні ў сімволіцы (выдаляліся манархічныя сімвалы), форме і знаках адрознення (на флоце, часткова і ў арміі былі адменены пагоны).
Як гэта часта бывае ў час рэвалюцый, адмаўленне некаторых старых парадкаў было паспешлівае, непрадуманае.
Усе рэвалюцыйныя партыі, якія змагаліся за ліквідацыю манархіі, патрабавалі таксама ліквідацыі смяротнай кары. Пры гэтым не бралася пад увагу, што Расія вядзе вайну і што ў час вайны адмена смяротнай кары ў войску нясе небяспеку анархіі.
Яшчэ адной праблемай стала фактычная ліквідацыя ў арміі і на флоце прынцыпу адзінаначалля. Да камандуючых франтоў былі прыстаўлены камісары Часовага ўраду. Камісар меўся і ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамндуючага. Армія і флот палітызаваліся. У воінскіх падраздзяленнях дзейнічалі партыйныя арганізацыі. Ствараліся салдацкія і матроскія камітэты і Саветы салдацкіх і матроскіх дэпутатаў. У адказ афіцэры стваралі свае арганізацыі. У арміі чым далей, тым больш стала выпадкаў непадпарадкавання камандзірам, дэзертырства і самасудаў.
Сацыяльнае і палітычнае супрацьстаянне ў арміі і на флоце дапаўнялася нацыянальным. Настойліва гучала патрабаванне стварыць польскія, украінскія ды іншыя нацыянальныя воінскія фармаванні.
На аслабленне арміі і флоту ў немалой ступені ўплывала дзейнасць бальшавіцкай партыі. Калі ўсе іншыя агульнарасійскія палітычныя партыі адназначна выступалі за тое, каб Расія працягвала ўдзельнічаць у сусветнай вайне і выконвала свае саюзніцкія абавязацельствы, хацелі, каб армія абараняла дэмакратаю, стала салідарнаю, больш баяздольнаю і каб тая прорва, якая аддзяляла афіцэрскі корпус ад салдацка-матроскай масы, была ліквідавана, бальшавіцкая партыя выступала за выхад Расіі з вайны і распальвала сацыяльнае і палітычнае змаганне ў арміі і на флоце.
Бальшавіцкая партыя разумела, што прыйсці да ўлады яна можа толькі пры той умове, што армія і флот будуць на яе баку. Упэўненасці ў тым, што ўся армія і флот стануць на іх бок, у бальшавікоў не было. Вывучыўшы ўрокі Парыжскай камуны, Ленін прыйшоў да высновы, што старая дзяржаўная машына павінна быць зламана, а на яе месцы належыць стварыць новую дзяржаўную машыну. І калі ўсю армію і ўвесь флот нельга перацягнуць на свой бок, іх трэба разлажыць. І для гэтага добра падыходзіў даведзены да крайнасці лозунг дэмакратызацыі войска.
4. Паліцыя. Суды. Пракуратура. Як вядома, у царскай Расіі быў разгалінаваны паліцэйскі апарат. У часе рэвалюцыйных падзей удзельнікі вулічнай барацьбы не рабілі адрознення паміж палітычнай паліцыяй і крымінальнай. Паліцэйскіх пераследавалі, на паліцэйскія ўчасткі і нават на дэпартамент паліцыі ў Петраградзе ўчыняліся напады, нішчыліся картатэкі, следчыя і асабовыя справы.
Большасць партый, якія былі ў авангардзе рэвалюцыі, прытрымліваліся тэорыі, што дэвіянтныя паводзіны чалавека тлумачацца кепскім уплывам асяроддзя на яго, беднасцю, беспрацоўем ды іншымі сацыяльнымі бедамі. Многія лічылі, што для ліквідацыі злачыннасці дастаткова памяняць асяроддзе, сацыяльны клімат.
У ліку такіх сацыялістаў быў і міністр юстыцыі Аляксандр Керанскі, які распарадзіўся выпусціць на волю крымінальнікаў, якіх неўзабаве назвалі «птенцами Керенского». У краіне, асабліва ў вялікіх гарадах, рэзка павялічылася колькасць рабункаў, разбойных нападаў і забойстваў. Злачыннасць стала дзёрзкаю.
На гэтым фоне бездапаможнымі выглядалі суды. Судовая сістэма – ад міравога суда да Сената – падвяргалася нападкам радыкальных элементаў. Крымінальнае ўлажэнне абвяшчалася састарэлым, а новыя нормы права, што ўводзіліся Часовым урадам, таксама не валодалі дастатковай аўтарытэтнасцю.
Вельмі расхістана была і сістэма нагляду за законнасцю. Пасада генерал-пракурора ў сакавіцкія дні была ліквідавана. Яго функцыі перайшлі да міністра юстыцыі, але ад Вялікай рэвалюцыі да кастрычніцкага перавароту на гэтай пасадзе пабывалі шэсць чалавек.
5. Тры галоўныя пытанні. І ўсё ж самымі актуальнымі для Расіі былі тры пытанні: адносіны да вайны, зямельнае і нацыянальнае пытанні. Ад іх вырашэння залежала, ці ўсталюецца ў Расіі дэмакратычны рэжым.
Як ужо напісана, пасля Вялікай рэвалюцыі большасць агульнарасійскіх палітычных партый разглядалі вайну, якую вяла Расія супраць Нямеччыны, Аўстра-Венгрыі і Турцыі і Балгарыі, як абарончую. Адрозненні былі ў поглядах на канчатковыя мэты вайны. Калі адны партыі выступалі за дэмакратычны мір без анексій і кантрыбуцый, дык другія марылі пра Басфор і Дарданелы.
З агульнарасійскіх палітычных партый толькі бальшавікі жадалі сваёй краіне паразы ў гэтай вайне. Параза Расіі, на іх думку, была б паразай царызму. Адразу пасля Вялікай рэвалюцыі некаторыя бальшавікі гатовыя былі стаць на пазіцыі рэвалюцыйнага абаронніцтва. Аднак правадыр партыі, Ленін, яшчэ ў 1915 г. сфармуляваў тэзіс аб перарастанні вайны імперыялістычнай ў вайну грамадзянскую. Ленін лічыў, што трэба выкарыстаць тыя бедствы, якія несла вайна, для абвастрэння і нават распальвання класавай барацьбы і захопу ўлады. Пры гэтым ён разумеў, што захоп улады прывядзе да грамадзянскай вайны.
Усе агульнарасійскія партыі разумелі, што трэба ў рэшце рэшт вырашыць зямельнае пытаньне. Гэтага жадала ўсё сялянства – і заможнае, і беднае, і беззямельнае. Галоўная праблема палягала ў тым, ці трэба перадаць зямлю сялянам без выкупу. І ў тым, калі праводзіць зямельную рэформу: неадкладна ці пасля таго, як яе ўзаконіць народнае прадстаўніцтва – Устаноўчы сход. У сувязі з тым, што ў расійскай вёсцы быў моцны ўплыў эсэраў, ім удавалася стрымліваць памкненні сялян да неадкладнага падзелу памешчыцкай зямлі. Хоць асобныя інцыдэнты здараліся, і нярэдка, да бальшавіцкага перавароту рух за сілавы падзел зямлі не стаў усеагульным.
Вялікая рэвалюцыя была ўспрынята народамі, якія прыгнятаў царызм, як сігнал да разняволення. Пачалася паласа нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.
Польшча, якая знаходзілася пад аўстра-нямецкай акупацыяй, для Расіі ўжо была страчана. Часоваму ўраду належала гэта прызнаць.
З моманту адрачэння Мікалая ІІ і Міхаіла Аляксандравіча Фінляндыя засталася без вялікага князя, асабістая унія Фінляндыі і Расіі перастала існаваць. Часоваму ўраду належала вызначыцца, каму належыць вярхоўная ўлада ў Вялікім Княстве Фінляндскім. Настойліва гучала патрабаванне аднавіць яго аўтаномію.
4 сакавіка 1917 г. у Кіеве было абвешчана аб стварэнні Украінскай Цэнтральнай Рады на чале з гісторыкам Міхайлам Грушэўскім. Пачалася падрыхтоўка да Ўсеўкраінскага Нацыянальнага Кангрэсу, які сабраўся 6 красавіка.
Нацыянальныя рэвалюцыі пачаліся і на іншых ускраінах Расіі. Аднак усе агульнарасійскія палітычныя партыі, у тым ліку бальшавікі, адстойвалі прынцып адзінай і непадзельнай Расіі. Што тычыцца бальшавікоў, то фармальна яны выступалі за права народаў на самавызначэнне аж да аддзялення ад Расіі, але, як мы пераканаемся, гэта была толькі дэкларацыя, папулісцкі жэст.
Усе гэтыя праблемы меліся і ў падзеленай лініяй фронту Беларусі. У нашай краіне яны набывалі сваю спецыфіку.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме