13:45 03.04.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
1 КРАСАВІКА 2009 ГОДА ПАМЁР ВЕТЭРАН ПАРТЫІ, БЫЛЫ ВЯЗЕНЬ МАРДОЎСКІХ ЛАГЕРОЎ МІКАЛАЙ ЛАГОДЗІЧ.
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з глыбокім смуткам паведамляе, што 1 красавіка 2009 года памёр ветэран партыі, былы вязень мардоўскіх лагероў Мікалай ЛАГОДЗІЧ. У асобе Мікалая Васільевіча Лагодзіча партыя страціла прынцыповага і паслядоўнага барацьбіта за дэмакратыю і незалежнасць Беларусі, надзейнага таварыша. Прэзідыум БСДП выказвае глыбокае спачуванне родным і блізкім нябожчыка, яго таварышам па партыйнай арганізацыі.
Пінская гарадская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакартычнай партыі (Грамады) у смутку: 1 красавіка памёр наш таварыш, ветэран сацыял-дэмакратычнага руху, былы палітычны вязень Мікалай ЛАГОДЗІЧ.
Сацыял-дэмакраты г. Пінска выказваюць спачуванне родным і блізкім Мікалая Васільевіча ЛАГОДЗІЧА.
Імя і вобраз Мікалая Васільевіча назаўсёды застануцца ў нашай памяці.
МІКАЛАЙ ЛАГОДЗІЧ
Мікалай Васільевіч Лагодзіч нарадзіўся 6 снежня 1928 года ў вёсцы Радаўня Іванаўскага раёна ў сялянскай сям’і.
Прызваны ў Савецкую Армію, Мікалай Лагодзіч заўважыў дыскрымінацыйную палітыку савецкай улады ў дачыненні да салдатаў, якія паходзілі з Заходняй Беларусі і яшчэ не да канца былі саветызаваныя. Яго маральнае абурэнне выклікае тое, што заходнебеларускіх хлопцаў адпраўляюць служыць як мага далей ад Радзімы, накіроўваюць у будаўнічыя і чыгуначныя войскі, на шахты і лесапавал. Сваю нязгоду з такой палітыкай салдат Мікалай Лагодзіч выказаў у лісце на адрас міністра Узброеных Сіл Савецкага Саюза маршала Аляксандра Васілеўскага. З гэтага часу імя Мікалая Лагодзіча трапляе ў спісы нядобранадзейных.
Вярнуўшыся з арміі, Мікалай Лагодзіч працаваў у Пінску на фанерным заводзе і вучыўся ў тэхнікуме. З надзеяй ён сустракае хрушчаўскую “адлігу”. Аднак з часам ён пераконваецца, што сутнасна камуністычны рэжым не памяняўся. На пачатку 1960-х гг. Мікалай Лагодзіч пачынае пісаць артыкулы з крытыкай савецкіх парадкаў у газеты, у тым ліку ў «Правду» і «Известия». 29 студзеня 1963 года, калі Мікалай Лагодзіч ішоў на працу, яго арыштавалі і з Пінска даставілі ў Брэсцкае абласное ўпраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі. 11 красавіка таго ж года Брэсцкі абласны суд на падставе артыкулу 67 Крымінальнага кодэксу (“антысавецкая прапаганда і агітацыя”) асудзіў Мікалая Лагодзіча на тры гады зняволення. Свой тэрмін ён адбываў у сумнавядомых мардоўскіх лагерах.
Пасля вяртання з няволі Мікалай Лагодзіч знаходзіўся пад пільным наглядам карных органаў, пастаянна падвяргаўся дыскрымінацыі і меў праблемы з працаўладкаваннем.
У 1992 годзе Мікалая Лагодзіча рэабілітавалі.
Уключыўшыся на новым гістарычным этапе ў барацьбу за дэмакратыю і незалежнасць Беларусі, Мікалай Лагодзіч звязаў свой лёс з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамадой).
У асобе Мікалая Лагодзіча БСДП страціла прынцыповага і паслядоўнага барацьбіта за дэмакратычныя каштоўнасці і незалежнасць Беларусі, надзейнага таварыша.
Памяць пра Мікалая Васільевіча Лагодзіча назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах.
Анатоль Ляўковіч, Мечаслаў Грыб, Ігар Маслоўскі, Іван Анташкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Валеры Фралоў, Міхась Варанец, Анатоль Гнеўка, Аляксандр Падойніцын, Алег Шабетнік, Уладзімір Зянько, Ганна Канюс, Валянцін Лазарэнкаў, Віктар Ярашук.
* * *
Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выказвае спачуванне блізкім і родным Лагодзіча Мікалая Васільевіча сувязі з яго смерцю. Мы ведалі Мікалая Васільевіча як мужнага, шчырага, адданага чалавека на карысць дэмакратыі сваёй Бацькаўшчыны. Яго змаганнне за свабоду, справядлівасць, правы чалавека з 60-х гадоў з'яўляюцца для нас сімвалам веры і перамогі.
Мікалай Васільевіч Лагодзіч да апошняга свайго дня з'яўляўся сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).
Светлая яму памяць.
Брэсцкі абласны камітэт БСДП
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме