10:15 17.01.2019 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ігар Барысаў. Спыніць істэрыку! Беларусь застанецца незалежнай

Апошнім часам у СМІ, сацыяльных сетках, у выказваннях некаторых расійскіх палітычных экспертаў і палітыкаў у трэнд увайшло фантазіраваць пра будучыню Беларусі, якая, як нейкая садавіна, вось-вось даспее, упадзе ў рукі Расіі, і такім чынам адбудзецце гістарычнае яднанне двух “братніх” народаў.

На бытавым узроўні частка звычайных грамадзян падхапіла гэты дыскурс і працягвае актыўна абмяркоўваць мажлівасць зліцця Беларусі з Расіяй.

Расійскі трэш у выглядзе публікацый на тэму “Белоруссии” пачаў імкліва лезці ў сацыяльных сетках і ў партыйныя групы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Адна з такіх публікацый мела каля 2 тысяч лайкаў, але ўсе, хто лайкаў развагі і прагноз пра зліццё Беларусі і Расіі, былі жыхарамі Расіі.

У апошнія гады ў шахматнай гульні Беларусі з Расіяй на дошцы з’явілася некалькі новых фігур, з’яўленне якіх беларускія ўлады праспалі. Гэта прарасійскія грамадскія арганізацыі, прарасійскія сайты і паблікі ў сацыяльных сетках, праваслаўныя святары і вернікі радыкальнай манархісцкай плыні.

Канечне, каб утаймаваць гэтую плынь, уладзе вялікіх высілкаў не трэба, аднак яна можа ж нейк і ферзя раздражніць сваімі акцыямі. Таму ўлада вымушана цярпець прарасійскіх актывістаў у сеціве і царкве.

Расійскія інтэгратары агучвалі адзін са сцэнароў далейшага лёсу Беларусі — шасцю абласцямі ў склад Расіі са стварэннем федэральнай акругі з цэнтрам у Мінску.

Другі варыянт, які таксама можна разгледзець, — гэта аўтаномная рэспубліка ў складзе Расіі ўзроўню Татарстана. Трэці варыянт — саюзная дзяржава, нейкае падабенства спачылай саюзнай дзяржавы Сербіі і Чарнагорыі або міні-СССР.

Гэты варыянт, задуманы Лукашэнкам як спосаб узначаліць і Беларусь, і Расію, можа даць нейкія выгады Пуціну (пасля прэзідэнцтва ў Расіі ён прэзідэнт саюзнай дзяржавы), самы неінтэграцыйны.

1. Пры першым варыняце “інтэграцыі” міністры і супрацоўнікі 24 беларускіх міністэрстваў павінны задумацца аб тым, дзе шукаць сабе новую працу, бо ў статусе федэральнай акругі з цэнтрам у Мінску міністэрскія партфелі не прадугледжваюцца.

У выпадку з другім варыянтам “інтэграцыі” (аўтаномная рэспубліка) працу згубяць 6 міністраў (у Татарстане, напрыклад, 18 міністэрстваў), а супрацоўнікі гэтых міністэрстваў папоўняць шэрагі дармаедаў.

Ведаючы практыку царызму і сталінскай эпохі, можна быць упэўненым, што ў Беларусь з Расіі пачнуць накіроўваць спецыялістаў і чыноўнікаў для працы на адказных пасадах. Найбольш дастанецца Міністэрству замежных спраў, бо калі іншыя міністэрствы можна аб’яднаць і такім чынам прыстроіць частку былых супрацоўнікаў, то МЗС можна толькі лівікдаваць, бо пытанні знешняй палітыкі будуць выключнай кампетэнцыяй Масквы.

2. Пры ўваходжанні Беларусі ў склад Расіі ў двух варыянтах сцэнароў краіна згубіць свой статус у ААН, а таксама міжнароднае прызнанне, перастане быць сябрам іншых міжнародных арганізацый. Усе беларускія амбасадары і супрацоўнікі амбасадаў, прадстаўнікі ў міжнародных арганізацыях вымушаны будуць вярнуцца на сваю ўжо малую Радзіму, а замежныя дыпламаты і паслы — вярнуцца ў свае краіны.

Праўда, у гэтым выпадку Расія страціць голас у сваю падтрымку на міжнароднай арэне.

3. Пацерпяць і тыя, хто працуе ў беларускім парламенце. Пры першым сцэнары — выбары будуць толькі ў Дзяржаўную думу Расіі, і туды здолее трапіць па квоце не больш за 40 чалавек (у Татарстане пры насельніцтве амаль 4 млн чалавек усяго 15 дэпутатаў у Дзярждуме). Пры другім сцэнары, акрамя акрэсленай колькасці дэпутатаў Дзярждумы ад Беларусі, будуць яшчэ і дэпутаты Дзяржсавета Беларусі, і толькі нейкая частка іх будзе атрымліваць за сваю працу заробак (у Татарстане, напрыклад, са 100 дэпутатаў Дзяржсавета заробак атрымліваюць толькі дваццаць).

Як бачым, беларускі парламент у складзе 174 чалавек у ідэале таксама не зацікаўлены ў тым, каб стаць часткай іншай дзяржавы, бо ўсе так званыя дэпутаты і сенатары ў нас працуюць прафесійна. Лепш за лаяльнасць атрымліваць адносна прыстойны заробак, чым быць нікім і папоўніць армію дармаедаў альбо пенсіянераў.

4. У Беларусі за часы незалежнасці завяршылася фарміраванне дзяржаўна-бюракратычнга капіталізму, а гэта частка чынавенства, якая фактычна кантралюе прадпрыемствы і галіны эканомікі і праз фірмы-пасярэднікі ўзбагачаецца і нажывае свае капіталы.

У выпадку рэалізацыі аднаго з двух сцэнароў “інтэграцыі” самыя прыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы будуць з’ездзены блізкім да Крамля расійскім алігархічным капіталам. Адбудзецца кардынальны перадзел рынкаў і сфераў уплыву. Блізкія да Крамля расійскія алігархі папросту адхіляць ад спраў беларускіх функцыянераў.

Пры рэалізацыі аднаго з двух са сцэнароў “інтэграцыі” Беларусь перастане быць эмісійным цэнтрам і выпускасць сваю нацыянальную валюту, а ў складзе Расіі ўплываць на курс расійскага рубля не зможа аніяк.

5. У выпадку рэалізацыі аднаго з двух сцэнароў “інтэграцыі” беларусаў пачнуць прызываць у расійскую армію. Гісторыя царызму і СССР паказвае, што і прызыўнікоў, і кадравых вайскоўцаў будуць адпраўляць як мага далей ад дому, а сюды, у Беларусь, для большай падкантрольнасці будуць прысылаць афіцэраў і салдат з расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку і для нясення пагранічнай службы.

На тэрыторыі краіны з’явяцца новыя ваенныя аб’екты, будзе размешчана ядзерная зброя. Тэрыторыя Беларусі зноўку будзе на перадавой імавернага ваеннага канфлікту паміж Расіяй і краінамі НАТА. Беларусы будуць гінуць у ваенных канфліктах, да якіх мае дачыненне сучасная Расія: Сірыя, Данбас і г.д. Цынкавыя труны стануць часткай новай беларускай рэальнасці.

Само сабой, пад чыстку трапяць іншыя сілавыя структуры.

6. Праваслаўе ў Расіі стала палітычным, радыкальным і ваяўнічым. Рэалізацыя аднаго з двух сцэнароў “інтэграцыі” прывядзе да парушэння адноснай талерантнасці і міжканфесійнай згоды ў Беларусі.

Беларускія рыма-каталікі зноўку стануць палякамі. Грэка-каталікі, якіх улада і Ватыкан і так не прывячаюць, трапяць, як у Расіі, пад уладу рыма-каталіцкага епіскапату. Сведкі Іеговы будуць, як у Расіі, забаронены. Пратэстанцкія цэрквы будуць пастаянна падвяргацца публічным нападам і пераследам. Больш інтэнсіўна будзе ажыццяўляцца перабудова старых, з часоў Уніі, цэркваў на сучасны расійскі лад.

7. У выпадку рэалізацыі аднаго з двух сцэнароў “інтэграцыі” расійская ўлада завершыць працэс, які ў 1994 годзе распачаў цяперашні рэжым.

Беларуская мова будзе канчаткова выкінутая з ужытку, сістэмы адукацыі, рэлігійнага жыцця. Гісторыю Беларусі будуць у лепшым выпадку вывучаць у духу заходнерусізму (ужо цяпер робяцца спробы рэанімаваць Міхаіла Каяловіча і яго паслядоўнікаў). Усіх прабеларускіх актывістаў будуць публічна цкаваць і пераследаваць, як тое робяць цяпер расійскія ўлады з крымскімі татарамі, з абаронцамі правоў іншых нацыянальных меншасцяў.

8. Пры абодвух варыянтах “інтэграцыі” ўзмоцніцца і без таго немалая эміграцыя беларусаў, асабліва моладзі. Праз гэта самы заходні рэгіён Расіі можа страціць сваю самабытнасць і здольнасць да развіцця, не будзе нічым адрознівацца ад іншых забітых расійскіх рэгіёнаў. Краіна можа паступова набыць выгляд спустошаных Прыднястроўя, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Крыма і Данбаса.

Мы памятаем, хто сказаў, што ўладу, грошы і маёмасць не аддаюць. У новых геапалітычных рэаліях не знойдзецца месца галоўнаму чыноўніку Беларусі і членам яго сям’і. Ну, а калі не знойдзецца, дык пра якую страту незалежнасці ідзе размова?

Першы чыноўнік мусіць першы абараняць незалежнасць нашай краіны. Не меншымі патрыётамі, чым беларускія дэмакраты, павінны быць і дзяржаўныя функцыянеры, бо ім ёсць што губляць. І сілавікі, калі яны не хочуць апынуцца на Новай Зямлі ці Камчатцы, у Сірыі ці Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы.

Але задамо і такое пытанне. Што расійскія інтэгратары хацелі б бачыць Беларусь у складзе Расіі — бясспрэчна. Але ці можа Расія, ці пад сілу ёй інкарпараваць Беларусь?

І галоўнае тут — фінансавыя магчымасці Расіі, якая трапіла пад міжнародныя санкцыі і ўжо некалькі гадоў не можа забяспечыць рост сваёй эканомікі.

Колькі ёй каштуюць Абхазія, Паўднёвая Асеція, Прыднястроўе, Данбас, авантуры ў Сірыі і ў Афрыцы? 16 мільярдаў долараў, укладзеных у Венесуэлу, яна ўжо не верне, а тут Крым на адны толькі дарогі патрабуе 150 мільярдаў рублёў. У такім разе колькі б каштавала Беларусь?

Возьмем пад увагу і міжнародны аспект праблемы. Пасля ўкраінскай авантуры трэба быць безгаловым рызыкантам, каб інкарпараваць Беларусь. У страце нашай незалежнасці не зацікаўленыя ні краіны Балтыі, ні Польшча, ні Украіна, ні НАТА, ні ЗША… І гэта выдатна ведаюць у Мінску. І ўжо Уладзімір Макей пасылае ў Вашынгтон: мы гатовыя нармалізаваць адносіны.

У свой час Антон Луцкевіч пісаў, што Беларусь стане свабоднай толькі разам з дэмакратыямі іншых народаў. І мы бачым, што Беларусь, маючы волю да незалежнасці, можа абараніць яе толькі з дапамогаю дэмакратычнага свету.

Трэці варыянт “інтэграцыі” — саюзная дзяржава — я не разглядаў як самы неінтэграцыйны. Гэта нейкае падабенства марлезонскага балета, які доўжыцца ўжо 20 гадоў. Скончыцца гэты балет можа толькі ў выніку радыкальных палітычных перамен у абедзвюх “саюзных” дзяржавах.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме