13:45 10.04.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

За правы берасцейцаў!

Абмеркаванне рэзалюцыяў мітынгу, прынятых 25 сакавіка ў Брэсце, стала галоўнай тэмай сустрэчы ў Брэсцкім гарвыканкаме паміж кіраўніцтвам горада і прадстаўнікамі аргкамітэта па правядзенні мерапрыемстваў на Дзень Волі.

Нагадаем, што 25 сакавіка ў Брэсце адбыліся шэсце і мітынг, прысвечаныя 99-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На мітынгу быў прыняты шэраг рэзалюцый: ад ацэнкі агульнаэканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне да канкрэтных прапаноў гарадскім уладам. Па даручэнні ўдзельнікаў мітынгу Дзмітрый Шыманскі, Уладзімер Вуек і Ігар Маслоўскі адпаведныя звароты накіравалі ў рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады.

«У горадзе адсутнічае механізм абароны правоў і адстойвання інтарэсаў грамадства ў працэсе абмеркавання і прыняцця рашэнняў на ўзроўні гарвыканкама. Гэта датычыцца шырокага спектру пытанняў, у тым ліку: размеркавання гарадскога бюджэту, распрацоўкі генеральнага плана, гарадской забудовы, развіцця транспартнай інфраструктуры. Таму ў сваёй рэзалюцыі мы прапанавалі Брэсцкаму гарвыканкаму стварыць эфектыўны механізм для абароны правоў і адстойвання інтарэсаў жыхароў горада праз фарміраванне Грамадскага Савета пры гарвыканкаме. Гэта сусветная практыка, калі прадстаўнікі грамадскасці выказваюць сваю пазіцыю пры прыняцці таго ці іншага рашэння органамі ўлады. Пакуль мы дамовіліся, што сумесна з гарвыканкамам распрацоўваем Палажэнне аб працы Савета» - каментуе вынікі сустрэчы старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі.

«Мы, як і абяцалі, будзем адстойваць інтарэсы жыхароў нашага горада. Накіраваная намі рэзалюцыя змяшчае прапановы па рэалізацыі правоў берасцейцаў на правядзенне мірных сходаў, мітынгаў, пікетаў, дэманстрацый, шэсцяў. У прыватнасці, мы прапануем прыняць рашэнне аб вызначэнні сталага месца правядзення мітынгаў - плошча Свабоды, пастаяннага месца для правядзення пікетавання - вуліца Савецкая (пешаходная частка), дэманстрацый, шэсцяў - праспект Машэрава (ад скрыжавання з бульварам Касманаўтаў), да перасячэння з вул. Савецкая, вул. Савецкая, вул. Будзёнага, плошча Свабоды. Мы зыходзілі з наяўнай практыкі правядзення масавых мерапрыемстваў падчас правядзення выбарчых кампаній. У цэлым мы дамагаемся, каб прадстаўнікі палітычных партый і грамадскасці прымалі ўдзел у фарміраванне парадку дня нашага горада »- кажа старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП, кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.

Прэс-служба

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме