19:00 13.03.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

У Менску адкрылі памятны камень у гонар братоў Луцкевічаў (фота)

Памятны камень у гонар заснавальнікаў нацыянальнага руху Беларусі мінулага стагоддзя братоў Антона і Івана Луцкевічаў адкрыты 13 сакавіка ў Купалаўскім скверы Менска.Гэта першае з серыі мерапрыемстваў па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.Пяць гадоў таму да ўладаў Беларусі з просьбай усталяваць памятны знак звярнулася жыхарка Санкт-Пецярбурга сваячка Луцкевічаў Маргарыта Пярова. 8 сакавіка гэтага года ў інтэрв’ю „Радыё Свабода” яна сказала, што стварэнне і ўстаноўка знака сталі магчымым дзякуючы агульным намаганням нашчадкаў Луцкевічаў, музея Янкі Купалы, Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына”, МЗС і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Фінансаваў праект Менгарвыканкам. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі Маргарыта Пярова, акадэмік НАНБ Аляксандр Каваленя, прадстаўнікі дэмакратычных сіл.У каментары БелаПАН адзін з удзельнікаў цырымоніі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі назваў гэтую падзею „перамогай беларускіх дэмакратычных сіл”. „Гэта адзін з вынікаў падачы заяўкі на святкаванне 100-годдзя абвяшчэння 25 сакавіка Беларуская Народнай Рэспублікі, якая была ўхваленая Менгарвыканкамам”, — адзначыў палітык.Паводле яго слоў, „архітэктары рабілі памятны камень у экстрэмальных умовах” у сувязі з кароткімі тэрмінамі прыняцця з боку ўладаў адпаведнага рашэння. „Гэта знакавая падзея, вельмі доўга сваякі Луцкевічаў і культурныя і грамадскія дзеячы дамагаліся ўстанаўлення гэтага памятнага знака”, — сказаў Рымашэўскі.„Спадзяюся, што сённяшняя падзея стане першай кропляй у хвалі адраджэння, ушанавання памяці беларускай гісторыі з боку афіцыйных уладаў Беларусі і кансалідацыі нацыі незалежна ад палітычных поглядаў”, — заявіў ён.Усталяванне каменя стала першым з серыі мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР. Наступным будзе адкрыццё 15 сакавіка выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі. Кульмінацыяй стануць святочны канцэрт і мітынг ля опернага тэатра 25 сакавіка. Гэтыя мерапрыемствы санкцыянаваныя Менгарвыканкамам. Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. belapan.com

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме