22:00 23.09.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

У Брэсце распачата інфармацыйная кампанія за павышэнне якасці жыцця

Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) распачалі збор подпісаў за добраўпарадкаванне сажалак у мікрараёне Кавалёва і пераўтварэнні прылеглай тэрыторыі ў сквер.

Сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў Брэсцкі гарвыканкам.

У сваім звароце ініцыятары паказваюць, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ, кожны грамадзянін мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, якасць якога забяспечвае экалагічную бяспеку, устойлівае функцыянаванне натуральных экалагічных сістэм, іншых прыродных і прыродна-антрапагенных аб'ектаў.

- У апошнія гады ў Брэсце прасочваецца тэндэнцыя змяншэння зялёных насаджэнняў да плошчы забудовы. На наш погляд, у горадзе найменшая колькасць рэкрэацыйных зон у мікрараёне Кавалёва, дзе цалкам адсутнічаюць гарадскія скверы і паркі. Мы разумеем, што немагчыма зрабіць усё і адразу, таму прапануем правесці добраўпарадкаванне ўжо існуючых невялікіх водных аб'ектаў (сажалак), а тэрыторыі вакол іх ператварыць у скверы з пешаходнымі дарожкамі, малымі архітэктурнымі формамі і дзіцячымі пляцоўкамі, - каментуе ініцыятыву намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Валянцін Лазарэнкаў.

На думку ініцыятараў, такі аб'ект добраўпарадкавання можа стаць тэрыторыяй вакол сажалкі па вуліцы Ясеневай, а таксама тэрыторыя вакол сажалкі, якая размешчана ў раёне СШ №25.

- Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з генеральным планам развіцця Брэста на тэрыторыі горада яшчэ ў 2011 годзе планавалася праектаванне і ўладкаванне наступных ландшафтна-рэкрэацыйных аб'ектаў: сквер уздоўж вул. Кар'ерная; сквер па вул. Ясеневая з добраўпарадкаваннем існуючых сажалак, - дадае Валянцін Лазарэнкаў.

Актывісты просяць улады звярнуць увагу, што як самі сажалкі, так і тэрыторыі вакол іх знаходзяцца часта ў антысанітарным стане. Акрамя таго, навакольная тэрыторыя змяшчае элементы бетонных і жалезных канструкцый, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця і здароўя людзей.

- Мы лічым, што рэкрэацыйныя зоны будуць садзейнічаць павышэнню якасці жыцця жыхароў Брэста. З гэтай прычыны мы просім правесці добраўпарадкаванне сажалак у мікрараёне Кавалёва, а на прылеглай да іх тэрыторыі закласці сквер з пешаходнымі дарожкамі, малымі архітэктурнымі формамі і дзіцячымі пляцоўкамі» - удакладняе свае прапановы актывіст БСДП Віктар Кавалюк.

Дапамагчы ў зборы подпісаў ці падпісаць зварот можна звярнуўшыся па тэл. +375 29 229 76 95, 22-06-03 або праз электронную пошту .

Ініцыятары кампаніі падкрэсліваюць, што большасць мясцовых праблем з'яўляюцца следствам адсутнасці сумленных і справядлівых выбараў у краіне. Дэпутаты мясцовых Саветаў робяць справаздачу не перад сваімі выбаршчыкамі, а перад вышэйстаячым начальствам, таму яны прапануюць змяніць гэты прынцып - дэпутаты павінны быць прадстаўнікамі народа.

БСДП заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян далучацца да кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару-2018» і праз актыўнае супрацьдзеянне фальсіфікацыям дабівацца рэальнага абрання дэпутатаў, якія будуць зацікаўленыя ў вырашэнні мясцовых праблем і стаяць на інтарэсах народа.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме