17:30 10.02.2019 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ТРЫВОЖНА. ЗНІК АЛЯКСАНДР СДВІЖКОЎ

ЗНІК АЛЯКСАНДР СДВІЖКОЎ

10 лютага спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сдвіжкова – былога рэдактара газеты «Згода», вядомага пісьменніка, выбітнага сацыял-дэмакрата і бліскучага інтэлектуала. Але замест урачыстага святкавання сёння сябры Сдвіжкова вымушаны яго шукаць.

Больш за два месяцы я не магу звязацца з Аляксадрам па тэлефоне альбо сустрэцца. Аператар мабільнай сеткі "Лайф" адказвае, што нумар 8-025-513-78-04 знаходзіцца ў ліку забароненых на ўваход. Хатні тэлефон (96-76-98) таксама адключаны, магчыма, за неўплату паслугаў гарадской сувязі.

Я звяртаўся да знаёмых зніклага і папрасіў, каб тыя наведаліся ў Печы на вуліцу Сярэбранікава дом №11, дзе месціцца кватэра Сдвіжкова пад нумарам 8. Аднак вечарам святла ў яго вокнах мае сябры не заўважылі і адзначылі, што з яго паштовай скрыні паперкі ніхто не забірае.

Нарэшце мне самому давялося пабываць у Печах, і доўга грукаць у дзверы кватэры. А пасля апытаць суседзяў, але яны даўно не бачылі Аляксандра. Дарэчы, Сдвіжкоў прысутнічаў 25 лістапада на канферэнцыі Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, дзе быў абраны сябрам Мінскага абкама. Напрыканцы лістапада я размаўляў з ім па тэлефону апошні раз.

1 лютага бягучага года ў мяне адбылася сустрэча з супрацоўнікам аддзела Следчага камітэта Барысаўскага раёна Дзянісам Копікавым, які вёў справу аб знікненні маці Сдвіжкова. Амаль два гады пошуку не далі выніку. Следчы запэўніў, што справа накіравана ў Мінск. Але ён не назваў тэлефон роднай сястры Сдвіжкова, які я прасіў з мэтай адшукаць зніклага сябра. Копікаў параіў звярнуцца ў міліцыю, каб атрымаць санкцыю на ўзлом дзвярэй кватэры Сдвіжкова. Маўляў, той быў адзінокі чалавек сталага ўзросту, таму мог, напрыклад, страціць прытомнасць.

Але мяне пакуль стрымліваюць пэўныя абставіны. Мне вядома, што мой сябра час ад часу мае звычку ад’язджаць у Расію, або ў які-небудзь кляштар і жыць там даволі доўга. Магчыма і цяпер ён з’ехаў, непалічыўшы патрэбным сказаць мне ці камусьці з аднапартыйцаў.

Мяркую цяпер звязвацца з печынскім Пунктам аховы грамадскага правапарадка, што на вуліцы Сярэбранікава 18 (тэл. 8-0177-98-90-29), каб паспрабаваць знайсці Аляксандра праз участковага інспектара міліцыі. Каму неабыякавы лёс Сдвіжкова, могуць тэлефанаваць непасрэдка знікламу, альбо на нумар 102. Мой кантактны тэлефон 8-029-567-54-16.

Аляксандр АБРАМОВІЧ, старшыня Мінскай абларганізацыі БСДП

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме