18:00 11.10.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Старшыня сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў: Патрэбны закон аб фінансаванні палітычных партый

У сакавіку сёлета новым старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі быў абраны 36-гадовы магілёвец Ігар Барысаў. У партыі ён быў ад 2001 года. Барысаў даў інтэрв'ю «Нашай Ніве».

«Наша Ніва»: Праз два гады прэзідэнцкія выбары, што плануюць падчас іх рабіць сацыял-дэмакраты?

Ігар Барысаў: Мы вывучаем сітуацыю, ці рацыянальна браць удзел у кампаніі. Мы не называем гэта «выбарамі», бо выбараў няма, называем выбарчай кампаніяй. У нас былі прапановы па змене выбарчага заканадаўства, накіроўвалі іх старшыньцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Атрымалі адказ, што яна адправіла іх Лукашэнку, а вось Аляксандр Рыгоравіч нічога не адказвае. Навошта нешта мяняць, калі рэжым усё задавальняе. Ён можа надалей «перамагаць» так, як і «перамагае» цяпер.

У нас створаная часовая група пры цэнтральным камітэце БСДП, у якую ўваходзяць Мечыслаў Грыб, Алег Трусаў, Ірына Вештард і я як старшыня. Мэта гэтай групы — вывучаць магчымасці ўдзелу і вывучаць магчымыя кандыдатуры. У партыі настроі такія: не працаваць на іншых кандыдатаў, не працаваць на адзінага, якога дасягнуць немагчыма.

Толькі ў 2001 годзе апазіцыі ўдалося дамовіцца аб адзіным. Нават у 2006 было два кандыдаты. У нас тады быў свой кандыдат — Аляксандр Казулін. Я лічу, што гэта была вельмі моцная кампанія, хаця і было шмат грошай. Нам тады ўдалося сабраць 170 тысяч подпісаў. За ўсю гісторыю сацыял-дэмакраты падтрымлівалі толькі двух кандыдатаў — гэта Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Казулін.

У 2008 годзе партыя змяніла свайго кіраўніка Аляксандра Казуліна, што паспрыяла ягонаму вызваленню ў хуткім часе. Нешта падобнае было ў Італіі часоў Мусаліні, калі ў зняволенні знаходзіўся заснавальнік Італьянскай камуністычнай партыі Антоніа Грамшы. Тады партыя прыняла стратэгічнае рашэнне змяніць кіраўніка, каб паспрыяць яго вызваленню.

Мы змянілі кіраўніка, ім стаў Анатоль Ляўковіч. Іміджава адбыўся правал. У 2010 годзе партыя працавала на ўсіх кандыдатаў. У 2015 годзе таксама існавала праблема, што да адзінства апазіцыя не прайшла. Тады «Гавары праўду» вырашыла дзейнічаць вельмі нахрапіста. Яны вылучылі кандыдатам у прэзідэнты сябру нашай партыі Таццяну Караткевіч, але мы пра гэта дазналіся толькі з рэпартажаў у СМІ. Яна праявіла поўную нелаяльнасць да партыі.

«НН»: Размовы былі, што «Гавары праўду» ледзь не рэйдарскі захоп сацыял-дэмакратыі рыхтавалі.

ІБ: Фактычна ўсё ішло да гэтага. І пытанне стаяла ў тым, што можа змяніцца кіраўніцтва, праграма, магчыма, назва. А другі варыянт — проста ставіць у кіраўніцтва кагосьці лаяльнага і далей рухацца разам, падпісаць яшчэ каго-небудзь. Дзякуй Богу, што такога не адбылося і партыя працягвае рухацца ў адэкватным накірунку.

Цяпер народу, у тым ліку праз тэлеграм-канал «Нязыгар», хочуць паказаць, што Аляксандр Рыгоравіч сядзіць апошні тэрмін, а мы-мы-мы можам стаць альтэрнатывай.

…Калі мы будзем выстаўляцца, то хочам выстаўляць свайго. Наконт фінансавага рэсурсу ўсё вельмі слаба, як і ў іншых апазіцыйных партыях. Калі яны нават аб’яднаюцца, то не факт, што змогуць нешта сабраць.

Праблема нават не ў тым, каб заплаціць. А ў тым, што людзі не вераць, што, працуючы на апазіцыйнага кандыдата, яны змогуць атрымаць нейкае месца ў тваёй камандзе ў выпадку перамогі. У мяне няма вялікай веры, што ў 2010 годзе ўсе назбіралі 100 тысяч подпісаў.

«НН»: Ёсць правацэнтрысцкая кааліцыя з АГП, БХД і Руху «За Свабоду». А вы сабе саюзнікаў не шукаеце?

ІБ: Я не хачу крыўдзіць сяброў па дэмакратычнай кааліцыі, але там толькі адна зарэгістраваная партыя. Я не скажу, што мы лепшыя, але дакладна не горшыя за гэтую кааліцыю. Патэнцыйны мабілізацыйны рэсурс у нас нядрэнны. У нас на сёння 1117 партыйцаў, але гэта індывідуальны ўлік, з фотаздымкамі, са зверкамі спісаў кожны год. Калі б усе партыі так рабілі, то мы б яшчэ паглядзелі, колькі ў іх засталося. Рэальны актыў складае 300—400 чалавек, яшчэ 300—400 чалавек можна выцягнуць. Яшчэ чалавек 300 мяцёлкай не выцягнеш, бо працуюць на дзяржаўных працах.

«НН»: Ці разглядаецца магчымасць аб’яднання з іншымі сацыял-дэмакратычнымі партыямі?

ІБ: Пытанне, з кім аб’ядноўвацца. Былы лідар нашай партыі Мікола Статкевіч знаходзіцца ў стане аргкамітэта партыі «Народная Грамада». Гэта не юрыдычны суб’ект. Мы гатовыя да таго, каб людзі з таго аргкамітэта далучаліся да нас. Мы не гатовыя да аб’яднання, а толькі да ўлівання ў наш склад.

Ёсць афіцыйна зарэгістраваная Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Станіслава Шушкевіча. Калі са Статкевічам ідэалагічна няма супярэчнасцяў, то партыя Шушкевіча абсалютна правая. У іх сацыял-дэмакратыя толькі ў назве. Ведаючы Станіслава Станіславіча, аб’яднацца з ім вельмі складана і пасля такога «аб’яданання» партый можа стаць нашмат болей.

Што тычыцца «Справядлівага свету», то ёсць адна праблема. Яны, канечне, зрабілі рэбрэндынг. І я веру, што Сяргей Калякін у душы прагрэсіўны камуніст, блізкі да сацыял-дэмакратыі. Але ў яго ёсць калектыў закасцянелых камуністаў, і ён проста іх закладнік, іхніх інтарэсаў. Яны крыху глядзяць у бок Расіі, што спыняе нейкае аб’ядноўванне. Па-другое, яны не зусім нацыянальная арганізацыя. Яны не надаюць увагі беларускай мове. Для нас гэта важна, бо хто сказаў, што сацыял-дэмакратыя павінна быць рускамоўнай? Па-трэцяе, яны па сёння не асудзілі сталінскія рэпрэсіі. Вось такія маральныя чыннікі не дазваляюць нам глыбокі саюз.

Калі браць Партыю зялёных, то мы вельмі моцна падагналі праграмы. У нас ёсць экалагічная праграма. З прафсаюзамі складаней, перамовы вядуцца, але вынікаў не даюць.

«НН»: Ігар, а як гэта кіраваць партыяй? Вунь некаторыя толькі па два месяцы вытрымліваюць.

ІГ: Гэта залежыць і ад атмасферы ўнутры партыі. У нас на дадзены момант сітуацыя значна лепшая, чым год таму, і яшчэ лепшая, чым два гады таму. Тады яшчэ ішлі ўнутраныя канфлікты, выкліканыя выбарчай кампаніяй Таццяны Караткевіч. Некалькі дзясяткаў чалавек у выніку адваліліся. Зрэшты, мы хутка гэты баланс аднавілі. Людзі ідуць у партыю. У мінулым месяцы толькі ў Мінску два чалавекі прыйшло ў БСДП. На дадзены момант я сказаў, што партыя маналітная і мае агульнае бачанне.

Што тычыцца Васіля Палякова, то ён прыйшоў не ў самы зручны момант. Па-першае, унутраныя канфлікты ўнутры партыі. Па-другое, немагчымасць плаціць за офісы арганізацыі. Ён не мог пераехаць у Мінск. Напрыклад, мне партыя не можа зняць жыллё ў Мінску, таму я прадаў сваю кватэру ў Магілёве, каб набыць у сталіцы. Два месяцы я ўжо жыву стала ў Мінску.

У чым корань праблемы? У тым, што ў нас няма закона аб фінансаванні палітычных партый. Я кажу гэта ўсюды і ўсім. Такія законы існуюць нават ва Узбекістане і Азербайджане, не кажучы пра прагрэсіўныя дэмакратычныя краіны. У Швецыі дзяржава фінансуе партыі, якія прайшлі ў парламент.

І мы будзе далей ініцыяваць такі закон. І гэта не значыць, што плаціць будзе Лукашэнка. Гэта грамадзяне краіны будуць фінансаваць плюралізм ідэй. Мы хочам дабівацца, каб юрыдычныя адрасы рэгіянальных філій партый маглі знаходзіцца на асабістых кватэрах. Калі твая партыя зарэгістраваная, то дзяржава мусіць прадстаўляць офіс для арганізацыі. А тыя партыі, што праходзяць у парламент, мусяць атрымліваць фінансаванне, прапарцыйнае колькасці грамадзянаў, якія за іх прагаласавалі.

І сітуацыя з Васілём Паляковым паказвае тое, што фінансаванне партыяў Захадам — гэта вялікі міф. Калі б такое было, то ніхто б з пасады старшыні не ўцякаў.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме