09:00 10.06.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПЕРЫПЕТЫІ АГРАРНАГА ПАТЭНЦЫЯЛУ БЕЛАРУСІ

Некаторыя асаблівасці сельскай гаспадаркі

У сельскай гаспадарцы форму гаспадарання прадвызначае не толькі ўласнасць, але і прыродныя ўмовы вытворчасці. Пры гэтым прыродна-кліматычныя асаблівасці звязаны з арыентаваннем сельскай гаспадаркі на вытворчасць абмежаванага набору сельскагаспадарчых культур, што і ляжыць у аснове фармавання спецыфікі арганізацыйных структур вытворчасці. Пры гэтым выніковасць сельскай гаспадаркі ў многім вызначаецца формамі гаспадарання на зямлі, а ўладальнік-прадпрымальнік з’яўляецца спецыфічным рэсурсам грамадства.

Таму цэнтральным звяном аграрных адносінаў выступаюць землеўладанне і землекарыстанне ёй.

Эканамічныя крызісы ў аграрным сектары, хаця і маюць зацяжны характар, не так глыбокія і катастрафічныя, як у прамысловай і фінансавай сферах. Таму сельскагаспадарчая галіна з’яўляецца стабілізацыйным фактарам іншых сфер эканомікі: тут прасцей і надзейней весці акумуляцыю сродкаў для наступнага ажыўлення прамысловасці, перапрацоўкі і будаўніцтва. У той жа час назіраецца неэквівалентнасць міжгаліновага абмену, што ставіць сельскую гаспадарку ў заведама нявыгадныя ўмовы гаспадарання.

Асаблівасці сельскай гаспадаркі Беларусі

Агульнаэканамічныя параметры развіцця аграпрамысловага комплексу (АПК) не адлюстроўваюць глыбіні крызісных з’яў, абумоўленых дзяржаўнай палітыкай у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, канцэнтрацыя вытворчасці ў аграгарадках маштабна прывяла да праблемы “неперспектыўных” вёсак і фактычна прадвырашыла іх лёс – у хуткім будучым такія вёскі знікнуць з мапы Беларусі.

Нераўнамернасць і несвоечасовасць паступлення сродкаў і палітыка адначасовага павышэння коштаў на рэсурсы для сельскай гаспадаркі значна зніжаюць рэальны аб’ём паступаючых ад дзяржавы датацый. Пры гэтым да 48% гэтых сродкаў ідзе на пагашэнне працэнтаў за карыстанне крэдытамі.

І хаця вялікая частка прадукцыі купляецца дзяржавай праз дзяржзаказ па фіксаваных коштах, іншыя каналы рэалізацыі прадукцыі недастаткова прадуманыя і не зусім эфектыўныя. Аб’ёмы экспарта, у цэлым па сельскай гаспадарцы, амаль супадаюць з расходамі на імпарт. Больш за тое, нарошчванне экспарта вядзе да павялічэння страт у сельскай гаспадарцы.

Асноўны тормаз для развіцця сельскай гаспадаркі – дзеючая форма ўласнасці. Сёння ў рэспубліцы няма эфектыўнага ўласніка (95% зямлі сельскагаспадарчага прызначэння належыць дзяржаве, адсутнічае зямельны рынак), які мог бы ў масавым парадку кіраваць галіной. Пры гэтым трэба заўважыць, што фермерскія гаспадаркі маюць рэнтабельнасць на 40% вышэй, чым дзяржаўныя сяльгаспрадпрыемствы. І гэта пры тым, што ў Беларусі адсутнічаюць роўныя ўмовы для ўсіх арганізацыйна-прававых формаў гаспадарання на вёсцы, хаця па многіх відах прадукцыі фермеры і асабістыя падворкі вызначаюць накірункі вытворчасці (воўна, бульба, гародніна). У той жа час, фермерскія гаспадаркі амаль у два разы меней атрымліваюць фінансавай дапамогі ад дзяржавы, што не дазваляе ў поўнай меры канкураваць з дзяржсектарам. Але ж і фарсіраванне дзяржавай развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці толькі за кошт інвестыцый, але без стварэння новых бізнес-структур, стварае перадумовы для росту беспрацоўя, што насамрэч і адбываецца на вёсцы. Ці не таму на фоне росту паказчыкаў асобных гаспадарак у цэлым па краіне нарастае міграцыйны паток сельскага насельніцтва, працягваецца адток высокакваліфікаваных кадраў з сяла. Рэальным вынікам праграмы будаўніцтва аграгарадкоў у многіх раёнах аказваецца не рост эфектыўнасці гаспадарання, а пераразмеркаванне па рэспубліцы “сацыяльных няўдачнікаў”. Больш за тое, аграгарадкі садзейнічаюць працэсу “пралетарызацыі” сялянства, калі мясцовыя жыхары з вытворцаў пераходзяць у разрад спажыўцоў прадуктаў харчавання.

Сярод фактараў развіцця сталае месца займаюць прыродныя рэсурсы, без якіх немагчыма ўявіць сучасную вытворчасць тавараў і паслуг, у тым ліку і ў Беларусі. Наша краіна багата на лясы, ваду і калійныя солі, мае выгаднае геаграфічнае становішча. Але ж галоўнае багацце з прыродных рэсурсаў - гэта зямля сельскагаспадарчага прызначэння. Беларуская зямля можа стаць галоўным стымулам для інвестыцый у асноўныя фонды і тэхналогіі, якія павышаюць прадукцыйнасць працы і ўрадлівасць глебы. Справа ў сістэме землеўладання і гарантыях, якія зараз выкарыстоўваюцца ў Беларусі. Фактычная адсутнасць замежных інвестыцый у нашу сельскую гаспадарку - важкі аргумент непрадукцыйнасці аграрных адносінаў у параўнанні з развітымі краінамі.

Галоўнае звяно аграрных адносінаў

Аб’ектыўныя заканамернасці дасягнення рацыянальнага вядзення сельскай гаспадаркі адлюстроўваюцца не толькі праз агульныя элементы сістэмы навукова-практычнага падыходу: маёмасныя адносіны, рынкавая сістэма, коштаўтварэнне, заканамернасці эканамічнага роста і г.д. Але ж і праз спецыфічныя, якія ляжаць у аснове аграрных адносінаў: зямельная ўласнасць, зямельная рэнта, формы вядзення гаспадаркі, перавага буйной і устойлівасць мелкай вытворчасці, сельскагаспадарчыя крызісы і аграрны пратэкцыянізм. Спецыфіка аграрнай сферы таксама ў пытаннях коштаў і падаткаабкладання. Але ў земляробчай практыцы нязменным быў і застаецца прыярытэт адносінаў уласнасці, у першую чаргу, зямельнай. Як вырашаюцца пытанні ўласнасці ў сельскай гаспадарцы, так функцыянуе ўся сістэма аграрных адносінаў. Ці селянін, працаўнік зямлі, задзейнічаны ў грамадскай мадэлі, дзе ён свабодна выбірае форму гаспадаркі, атрымліваючы неабходнае для гэтага садзейнічанне з боку дзяржавы, ці, наадварот, дзяржава, зыходзячы з заяўленых нібыта “прагрэсіўных”, на самой справе абстрактных, надуманых ідэалагічных фантазій прымусова навязвае заведама далёкую сельскаму працаўніку форму жыццядзейнасці. Рэальна працаўніка ўціскваюць у мадэль, дзе зневажаюцца грамадзянскія і эканамічныя свабоды, натуральныя жыццёвыя арыентацыі і агульначалавечыя каштоўнасці.

Аб’ектыўнасць праблем харчавання

Таксама прынцыпова важнае значэнне ў выпрацоўцы аграрнай палітыкі мае спецыфіка регіёнаў, як вынік рассялення і размяшчэння вытворчых сіл. І гэта праблемная сітуацыя характэрна і сярод развітых краін. Нават у Еўрасаюзе, які праводзіць скрупулёзна вывераную аграрную палітыку ў дачыненні да “сваіх” краін, не дасягнулі максімальна эфектыўнай рэалізацыі іх патэнцыялу і пераваг. Да гэтага часу прыбалтыйскія республікі (Латвія, Літва, Эстонія), Польшча і іншыя не дабіліся высокай ступені аднароднасці сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый, у тым ліку ў сельскагаспадарчай сферы. Немалыя выдаткі на падтрыманне аграрнага сектара ў развітых краінах гавораць аб частковасці вырашэння праблемы стварэння высокаэфектыўнай канкурэнтаздольнай сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове яе фінансавай устойлівасці, мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі. Максімальна ж вырашыць акрэсленыя праблемы можно толькі пры ўмове захавання і ўзнаўлення аграрнага патэнцыялу.

Развіццё аграпрамысловага комплексу рэспублікі прадугледжвае ацэнку яго варыянтаў у залежнасці ад праводзімай аграрнай палітыкі па выкарыстанні аграрнага патэнцыялу і ад зменаў у знешнім асяроддзі. Сярод рухавікоў развіцця сельскіх тэрыторый: стварэнне камфортных умоваў для вядзення сельскагаспадарчагай вытворчасці і павышэнне прэстыжнасці і даходнасці працы; каардынацыя інтарэсаў усіх эканамічных агентаў сельскай эканомікі; садзейнічанне развіццю інфраструктуры тэрытарыальных арганізацый рознага ўзроўню. Асаблівая ўвага сістэме прасоўвання тэхніка-тэхналагічных і арганізацыйна-эканамічных інавацый. Абавязкова кантроль за мэтавым выкарыстанне зямель і зберажэнне іх прадукцыйнай якасці. Грамадству трэба абавязкова забяспечыць адкрытасць працэсаў пераразмеркавання зямельных рэсурсаў ад неэфектыўных землекарыстальнікаў да эфектыўных. І гэта павінна праводзіцца на фоне стварэння ў сельскай мясцовасці ўмоваў пашыранага ўзнаўлення чалавечага капіталу і забеспячэнне магчымасцяў яго рэалізацыі. Важнае месца ў жыцці вёскі займае перспектыва прадпрыймальніцкай дзейнасці сялян і яе стымуляванне, павышэнне іх самазанятасці і ўзроўню дабрабыту. Перспектыва аграрнага сектара эканомікі і ў паглыбленні працэсаў вытворчай кааперацыі і аграпрамысловай інтэграцыі, арганізацыі інфармацыйнага і кансалцінгавага забеспячэння суб’ектаў гаспадарання ва ўмовах разгортвання глабалізацыі і нарошчвання інтэграцыйных узаемадзеянняў.

Параметры кожнага з напрамкаў залежаць ад узроўню забяспечанасці галіны асноўнымі вытворчымі рэсурсамі з улікам тэндэнцый фармавання рэсурснага патэнцыялу, а таксама рэальных магчымасцяў яго нарошчвання па кожным віду рэсурсаў.

напрамак характэрны для радавых гаспадарак і асабістых падворкаў, якія на сённяшні дзень не маюць сучаснай тэхнікі і магчымасці паступовага развіцця (32% гаспадарак). Традыцыйны напрамак (каля 50% “калгасаў” і частка фермерскіх гаспадарак) грунтуецца на раней створанай матэрыяльна-тэхнічнай базе з перспектывай паступовага замацавання дадатных тэндэнцый у рэсурснай сферы. Яны забяспечваюць усяго толькі простае ўзнаўленне. Пры гэтым экстэнсіўны і традыцыйны напрамкі фармавання аграрнага патэнцыялу рэалізуюцца ва ўмовах адсутнасці пазітыўных зрухаў у забеспячэнні іх дзейнасці з боку дзяржавы, што ў апошнія гады назіраецца ў Беларусі. Гэта асноўная група гаспадарак сельскагаспадарчай вытворчасці, праз рэфармаванне якой можна значна ўзвысіць эканамічныя паказчыкі вынікаў гаспадарання, бо 60% з іх стратныя ці маюць рэнтабельнасць на ўзроўні да 5%.

Беларусь сельскагаспадарчая

Яшчэ ў 1998 г. Прэзыдэнтам Беларусі былі сфармуляваны асноўныя стратэгічныя напрамкі ўдасканалення сельскай гаспадаркі: умацаванне буйной таварнай вытворчасці; арыентацыя на тэхнічнае і тэхналагічнае перааснашчэнне; рэфармаванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў; паляпшэнне сацыяльна-бытавой і культурнай сферы вёскі. Важнейшым напрамкам развіцця сельскай гаспадаркі павінна стаць інтэнсіфікацыя вытворчасці на аснове мадэрнізацыі вытворча-тэхнічнай базы і ўкаранення дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Гэта павінна забяспечыць значны рост вытворчасці працы і эканомію матэрыяльных рэсурсаў ва ўмовах скарачэння працарэсурснага патэнцыялу.

Справа ў тым, што прынцыпова ў Беларусі не вырашаюцца фундаментальныя пытанні рынкавай эканомікі: арганізацыя сучаснай вытворчасці на аснове неабходага аб’ёму інвестыцый; адсутнасць неабходнай фінансавай дзяржаўнай падтрымкі суб’ектаў гаспадарання, якая ў некалькі разоў меньшая, чым у іншых краінах; з году ў год памяншаецца аб’ём рэальнага фінансавання сельскай гаспадаркі – пры гэтым 45% бюджэтных сродках “ідзе” на кампенсацыю працэнтаў, выдадзеных банкамі. З’явіліся сур’ёзныя праблемы з забеспячэннем “калгасаў” працоўнымі рэсурсамі – у дадатак да іх недахопу актуалізуецца праблема кваліфікацыі спецыялістаў. Аб тым, што сацыяльная палітыка “прабуксоўвае” на вёсцы, гаворыць дэфіцыт кадраў на канец 2020 г. У сельскай мясцовасці больш за ўсё неабходны трактарысты-машыністы (1210 вакансій), аператары машыннага даення (872), шафёры (809), жывёлаводы (627), санітары (407), ветфельчары (224), галоўныя ветурачы (219), заатэхнікі (185), галоўныя заатэхнікі (177), інжынеры (174), бухгалтары (157), брыгадзіры (123).

У апошнія гады склаліся паніжаючыя тэндэнцыі ў пагалоўі сельскагаспадарчай жывёлы, што гаворыць аб магчымасці скарачэння выкарыстання гэтых рэсурсаў. Тым больш, што з году ў год не павялічваецца эксплуатацыйны ўзрост дойных кароў (3,5 гады супраць “фермерскіх” 8 гадоў і да 15 гадоў на асабістым падворку). Праяўляюцца хістанні пасяўных плошчаў пад грэчку, лён, у многіх раёнах вялікая нагрузка на камбайны. З’явілася “мода” на аграрную экзотыку – пачалі адпускаць урадлівыя землі пад кавуны, сою. Дарэчы, у жывёлагадоўлі шэраг гаспадарак робіць стаўку на вытворчасць мармуровага мяса, эфектыўнае вырошчванне якога немагчыма ва ўмовах Беларусі, ў тым ліку і па суб’ектыўных прычынах.

У той жа час мы бачым нарошчванне прымянення арганічных і мінеральных угнаенняў, сучасных песцытыдаў. Атрыманы ўраджай зерня і кукурузы ў 2020 г. у некаторай меры дазваляе павялічыць эфектыўнасць сельскагаспадарчай дзейнасці і стварыць умовы для нівелявання фінансавых праблем.

Прыватная ўласнасць “на вёсцы” - гэта асабістыя падворкі, фермерскія гаспадаркі, але і прыватныя буйныя прадпрыемствы, якія ўжо зараз займаюць вядучыя пазіцыі ў сяльгасвытворчасці. За 2010-2019 гг. удзельная вага фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытворчасці вырасла з 1 да 2,6 %. Толькі ў мінулым годзе фермеры вырабілі прадукцыі на 540 мільёнаў рублёў ці на 23 % болей, чым у 2018 г. Прырост прадукцыі ў дзяржаўных прадпрыемстваў на парадак ніжэйшы. Пры гэтым рэнтабельнасць фермерскіх гаспадарак вышэйшая за “калгасных” на 40 %, што робіць працу на зямлі эканамічна прываблівай. Ці не таму колькасць фермерскіх гаспадарак з 35 у 1990 г. вырасла на 1 студзеня 2020 г. да 326.

З улікам дзейнасці буйных прыватных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы праватнікі ўжо даюць больш за 30% ад усяго аб’ёму вытворчасці. Перавага прыватнай уласнасці відавочна нават у Беларусі.

Ёсць яшчэ адзін аргумент на карысць прыватнікаў-сельскагаспадарнікаў. Мы ўжо гаварылі аб тым, што ў доўгатэрміновым кантэксце попыт на харчаванне будзе расці як на рэгіянальным, так і на сусветным узроўнях. Але без нарошчвання эфектыўнасці сельскагаспадарчай галіны і асабліва экспарту, вырашыць праблемы развіцця сельгаспрадпрыемстваў не падаецца магчымым. У нашых гаспадарнікаў ёсць магчымасці да росту: зараз на знешнім рынку Беларусь мае ўстойлівую рэалізацыю ялавічыны, мяса птушкі, масла жывёльнага, сыроў і тварагу, малочнай сывараткі, каўбасных вырабаў, мясных і рыбных кансерваў. Ды толькі за апошнія тры гады вытворчасць асноўных мяса-малочных прадуктаў “замарожана” і разлічваць на яе рэвалюцыйны рост за кошт дзяржпрадпрыемстваў не прыходзіцца.

Інавацыі ў сельскую гаспадарку ў першую чаргу павінны прывесці да адмовы ад імпарту зерня, асабліва бабовых культур. У гэтым напрамку трэба распрацоўваць і ўкараняць сучасныя тэхналогіі вырошчвання вікі, пелюшкі, люпіна, лядвенца, люцэрны. Больш дасканала адносіцца да вырошчвання канюшыны. І гэта дазволіць збалансаваць цукрова-пратэінавыя суадносіны ў кармах і вызваліць ад неабходнасці траціць да 400 млн. даляраў у год толькі на імпарт расліннага бялка. Але дзяржаўныя сяльгаспрадпрыемствы не спяшаюцца з пасевам зернебабовых культур – у 2020 г. з запланаваных 350 тыс. гектараў пасеяна толькі палова. І аб якой эфектыўнасці можа ісці гаворка, калі ў прыярытэце валавыя паказчыкі, а не перспектыва гаспадарання. Але ж, з-за недахопу амінакіслот, якімі багаты якраз бабовыя культуры, штогод перавыдатак складае да 30% фуражнага зерня. Дарэчы, у свеце налічваецца больш за 800 гатункаў люпіна, а ў Беларусі ў Дзяржаўны рэестр занесены 21 гатунак, з якіх распаўсюд атрымалі толькі два гатункі. У той жа час у Нямеччыне беларускія гатункі, якія занесены ў нямецкі Дзяржрэестр, не толькі прадукцыйна вырошчваюцца, але на іх аснове створаны мясцовыя высокапрадукцыйныя гатункі. Вось вам і розны падыход да сітуацыі ў краіне, якая атрымлівае ўраджайнасць зерня ў 2 разы большую, чым у Беларусі.

Відавочна, што сітуацыя ў сельскай гаспадарцы Беларусі патрабуе значных пераменаў у многіх напрамках дзейнасці.

Патрабуецца распрацоўка стымулаў для прыцягнення прыватнага капіталу ў сельскую гаспадарку, распрацоўка і рэалізацыя гнуткай крэдытнай палітыкі дзяржавы, іпатэчнага крэдытавання.

Інтэграцыя АПК Беларусі ў сусветную рынкавую сістэму: фінансава-вытворчыя групы, транснацыянальныя кампаніі, аграпрамысловыя прадстаўніцтвы.



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме