10:00 10.05.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Яны былі першыя. Мікола Пашковіч (да 100-годдзя БНР, публ.7)

Мікола Пашковіч

Пашковіч Мікола Фэліксаў. Нарадзіўся 1.12.1893 г. у м. Глыбокае Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер г. Глыбокае Віцебскай вобл., раённы цэнтар). Памёр у Салавецкім лягеры асобага прызначэньня пасьля 1935 г. Дакладаная дата сьмерці і месца пахаваньня невядомыя.

Пра М. Пашковіча вядома, што ён, як і многія дзеячы БНР — настаўнік, пэдагог. У 1915 ён скончыў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю і адразу ж быў мабілізаваны ў войска. У 1916 скончыў Уладзімерскае вайсковае вучылішча ў С.-Пецярбургу і адпраўлены на фронт. Паказаў сябе добрым воінам: за мужнасьць узнагароджаны ордэнам сьв. Ганны 4-й ступені. Пэўна, у канцы 1918 паступіў на вучобу ў Менскі беларускі пэдагагічны інстытут, які скончыў у 1921 як Менскі інстытут народнай адукацыі, а ў 1926 ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Да беларускага руху далучыўся ў 1917 г. Падпаручнік Пашковіч узначальваў Беларускі камітэт ХІІ арміі Паўночнага фронту. На беларускім вайсковым зьездзе Паўночнага фронту, які адбыўся 15–20.11 у Віцебску, яго дэлегавалі ў склад Часовай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У сьн. 1917 ён удзельнічаў у працы Ўсебеларускага Зьезду.

У сак. 1918 Пашковіч стаў сябрам Рады БНР ад ЦБВР. 1.05.1918 ён увайшоў у Фінансавую камісію Рады. І тады ж разам з іншымі народнікамі пакінуў Беларускую Сацыялістычную Грамаду і стаў адным з заснавальнікаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Пачаўшы вучобу ў пэдагагічным інстытуце, уступіў у эсэраўскую арганізацыю «Маладая Беларусь», якая — на чале з У. Ігнатоўскім — дзейнічала пры гэтай установе.

Палітычную дзейнасьць Пашковіч спалучаў з асьветніцкай, пэдагагічнай. У 1918–1920 ён працаваў загадчыкам менскай 29-й пачатковай беларускай школы. Стаўшы інструктарам Школьнай Рады па арганізацыі беларускіх школаў, выяжджаў на правінцыю. Адначасна ў 1919–1920 гг. узначальваў Беларускі Настаўніцкі Хаўрус. З канца 1919 ён працаваў таксама ў Часовым Беларускім Нацыянальным Камітэце. Як эсэр, вёў падпольную працу супраць польскіх акупантаў, уваходзіў у створаны эсэрамі і бальшавікамі Аб’яднаны паўстанцкі камітэт. З апублікаваных матэрыялаў вынікае, што быў ён і сувязным паміж ЧБНК і інтэрнаваным ў Варшаве А. Луцкевічам.

З прыходам у ліп. 1920 бальшавікоў Пашковіча на кароткі час мабілізавалі ў Чырвоную армію. Вярнуўшыся з войска, працаваў настаўнікам. Перад падпісаньнем Рыскага трактату паміж бальшавікамі і Польшчай быў арыштаваны. Адбыўшы кароткатэрміновы арышт, вярнуўся да культурніцкай і пэдагагічнай працы. Стаў актыўным сябрам гуртка «Беларуская моладзь» пры «Беларускай хатцы», якая месьцілася на Конным пляцы побач з Камароўкай (увесну 1923 бальшавікі дзейнасьць гуртка забаранілі), працаваў настаўнікам узорнай сярэдняй школы пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

Застаючыся актыўным эсэрам, Пашковіч быў у ліку тых, хто ў сак. 1924 падпісаў дэклярацыю аб уступленьні ў бальшавіцкую партыю. У чэрв. 1924 ён удзельнічаў у працы зьезду БПС-Р, які прыняў рашэнне аб роспуску партыі. Гэта, аднак, не палегчыла ціск з боку бальшавікоў ды іх «узброенага атраду». Можна думаць, што Пашковічу забаранілі працаваць па спэцыяльнасьці, бо з 1926 г. ён непрацяглы час працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. А ў сак. 1927 г. Пашковіча выслалі на 3 гады ва Ўральск (Казахстан).

Як вынікае з дакумэнтаў Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, нелегальная «нацыянал-дэмакратычнай арганізацыя», да якой ён нібыта належаў і ў якую нібыта ўваходзілі студэнты, называлася «Летуценьнікі» («Мечтатели»). Пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня вярнуцца ў БССР яму не дазволілі. Таму пасяліўся ў Смаленску і працаваў у абласной плянавай камісіі. Неўзабаве яго зноў арыштавалі. На гэты раз — у «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі. У крас. 1931 саслалі на 5 год у Елабугу (Татарстан). У ліп. ён 1935 выйшаў на свабоду, але на кароткі час. Пасьля чацьвёртага арышту яго асудзілі на 10 год лягероў і адправілі на Салаўкі. Там жыцьцёвы шлях Пашковіча скончыўся.

***

У Беларускі Нацыянальны Камітэт

Інструктара Лепельскага павету Віцебскай губэрні Міколы Пашковіча

Даклад

Па спэцыяльнаму даручэньню-выбары паўнамоцнікаў на зьезд Цэнтрабелсаюзу, працы мне ня было, бо тамашнія коапэратывы ў Цэнтрабелсаюз не ўходзяць, а ўходзяць у Глубоцкі Саюз. Праца засталася агульінструктарская.

Павятовы Стараста п. Сушчынскі вельмі ласкава мяне прыняў, рэкамендаваў як вялікі прыхільнік беларускага руху, але раз’езджаць па павеце забараніў, бо, як ён казаў, фронт i павет зусім на асобным палажэньні.

Вясьці-ж культурна-прасьветную працу ў Кублічах дазволіў. Карыстаючы гэтым, я сабраў сход бацькаўскага Камітэту 4-класнай школы, абвясьціў школу беларускай i я залічыўся, згодна з даручэньнем Школьнай Рады настаўнікам беларусазнаўства. Асеўшы, навёў зьвяз з усімі настаўнікамі павету, а ў Кублічах з усёй інтэлігэнцыяй. Адначасьне стаў вясьці перагаворы з Начальствам аб арганізацыі Павятовай Школьнай Рады i аб аткрыцьці беларускіх курсаў для настаўнікаў. Прынцыповую згоду на ўсе мае прапазыцыі начальство дае, але арганізацыя пакуль што затрымана, бо яшчэ ня ўсьпелі навесьці спраўкі аба мне ў Менску i ня выясьнілі погляд вышэйшай Улады.

Інтэлігенцыя i народ спаткалі мяне прыхільна, а частка нават з радасьцю, жалючыся, што к ім ніхто не прыезджае i яны нічога ня ведаюць. Сьвятам заезджаў у Глыбокае Дзісьненскага павету Віленскай губэрні. Адпаведных дакумэнтаў на права працы там я ня меў, а таму толькі вёў інфармацыйныя размовы з тамашней інтэлігенцыяй.

Усюды чуўствуецца патрэбнасьць заступіцца, патрэбнасьць абароны правоў жыхароў ад злачынства вайсковай i цывільнай Улады.

19.4.1920 г.

Мікола Пашковіч.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме