13:46 15.12.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Як Алена і Юры Крэнь плануюць зрабіць беларускія гарады зелянейшымі

Фота ілюстрацыйнае

Лёгкія горада. Як Алена і Юры Крэнь плануюць зрабіць беларускія гарады зелянейшымі


Праекты “Лужайкі і сады на дахах” і “Двор як на малюнку: утульнае асяроддзе для жыхароў шматпавярховак” прымаюць удзел у рэаліці-конкурсе , прызавы фонд якога складае чатыры тысячы рублёў. У чым сэнс гэтых праектаў і навошта яны Беларусі?


Алена і Юры шмат гадоў займаюцца азеляненнем прыватных дамоў і даўно ўжо маюць жаданне дапамаць людзям у азеляненні двароў шматкватэрных дамоў.

“Мы гатовыя вучыць людзей, як даглядаць за раслінамі, даваць ім нейкія просты схемы пасадак і інш. Але ж разумеем, што проста ўдвох не можам асіліць такі праект, і перш за ўсё з-за фінансавага фактару. У нас няма вялікіх грошай, але ёсць вопыт працы.” – расказвае Алена.

Лужайкі і сады на дахах

Шмат гадоў яны з мужам вывучалі досвед іншых краін, і некалькі гадоў таму Юры рабіў праект па азеляненні дахаў у Мінску, але з-за шэрагу прычын, якія ад яго не залежылі, ініцыятыва не рэалізавалася. Цяпер Юры і Алена спрабуюць ажыццявіць задуманае ў Магілёве.

У цэлым жа, для Беларусі ідэя зялёных дахаў не зусім новая: у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя на даху аднаго з Мінскіх шматпавярховікаў з’явіўся сад. Тады праект не сталі развіваць, але сёння варта вярнуцца да старых задумак ці развіваць аналагі.

Галоўная мэта цяперашняга гучыць наступным чынам: папулярызацыя азелянення дахаў жылых, офісных і вытворчых будынкаў маленькіх і вялікіх гарадоў. Па словах Алены, найбольш складанае пытанне ў ажыццяўленні праектаў – гэта фінансы.

“ У нас ёсць вельмі сур’ёзная мэта: мы хочам дабіцца таго, каб мінімальнае азеляненне дахаў уваходзіла ў дзяржаўныя праграмы будаўніцтва і рэканструкцыі будынкаў. Каб гэта было нормай для кожнага дома, і каб дзяржава падтрымлівала тых уладальнікаў будынкаў, якія захочуць самі заняцца дадатковым азеляненнем даху. Каб былі хоць нейкі датацыі, якія стымулявалі б людзей займацца азеляненнем”.

Мусіць быць распрацаваны і рэалізаваны праект экстэнсіўнага азелянення плоскага альбо аднаскатнага даху як патэнцыйны тыповы бюджэтны спосаб азелянення кроўлі.

Камерцыйны патэнцыял асноўнага праекта па азеляненні дахаў абумоўлены тым, што наяўнасць прывабных зонаў адпачынку на дахах будынкаў будуць падвышаць кошт памяшканняў.

Безумоўна, стварэнне зонаў адпачынку не будзе тыповым і сапраўды масавым, але зацікаўленыя ўладальнікі і арэндатары будынкаў ці іх частак змогуць пра наяўнасці фінансавых магчымасцяў замовіць індывідуальны праект азелянення.

Алена рапавядае, што яны вялі перамовы з кампаніяй ZinCo, якая па ўсім свеце зрабіла ўжо 57 тысяч “зялёных” дахаў. Па яе словах, праекты азелянення не надта складаныя, і іх можна ў нас рабіць без асаблівых тэхнічных цяжкасцяў.

І не абавязкова гэта мусяць быць нейкія вельмі дарагія ў ажыццяўленні ідэі: калі браць мінімальнае азеляненне, дык бюджэт не надта вялікі, але карысці людзям будзе шмат.

Двор, як на малюнку

Арганізатары мяркуюць, што гэты мае эстэтычна-практычныя, сацыяльныя, экалагічныя і адукацыйныя мэты. Здавалася б, размова ідзе проста пра мілыя дворыкі.

Але ж яны і праўда будуць выконваць шмат функцый – стануць “радаваць вочы”, прыцягнуць увагу грамадзян да пытанняў неабходнасці азелянення тэрыторый і пасадкі раслін, зматывуюць гараджанаў быць больш ініцыятыўнымі, падымуць узровень ведаў мясцовых жыхароў аб асаблівасцях розных раслін, правілах іх пасадкі і дагляду.

Важна і тое, што тыповыя планы і схемы кампазіцый плануюць у выніку пакінуць у свабодным доступе, каб зацікаўленыя людзі маглі самастойна, без удзелу арганізатараў праекта, ажыццяўляць розныя задумы ў сваіх даварах. Каб самі абмяркоўвалі ідэі, пры неабходнасці дамаўляліся з жыллёва-камунальнай гаспадаркай і інш.

Што будзе ў тыповым праекце:

  • схема пасадкі раслін у маштабе 1:50 ці 1:100
  • спіс раслін
  • спіс матэрыялаў, неабходных для стварэння кампазіцыі
  • падрабязнае апісанне тэхналогіі правільнай пасадкі раслін
  • падрабязнае апісанне тэхналогіі стварэння кампазіцыі
  • каляндар догляду за раслінамі, выкарыстаннымі у кампазіцыі
  • трохвымерная мадэль кампазіцыі
  • каштарыс
  • рэкамендацыі па набыцці раслін і матэрыялаў

Арганізатары абяцаюць, што пры неабходнасці будуць падтрымліваць ініцыятыўных грамадзянаў, якія захочуць увасабіць праект у сваім двары, усімі патрэбнымі кансультацыямі.

Літаральна ў бліжэйшыя дні ў арганізатараў праектаў запланаваныя перамовы з чыноўнікамі. Пакуль што размовы будуць весціся з магілёўскімі ўладамі, а далей – як пойдзе.

“Нам самім зручней за ўсё рабіць гэта ўсё ў Магілёве, вядома, бо мы тут жывем, але ўвогуле, мы гатовыя працаваць і ў іншых гарадах, калі ў людей будзе зацікаўленасць. Па вялікім рахунку, геаграфія для нас – не прынцыповае пытанне. Галоўнае, каб праекты запрацавалі.”, - падсумоўвае Алена.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме