22:00 17.08.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Большасьць беларусаў — гэта людзі на дадзяржаўнай стадыі разьвіцьця, — сацыёляг

Госьць «Інтэрвію тыдня» — незалежны сацыёляг Сяргей Нікалюк. Ён лічыць, што 60 працэнтаў беларусаў — гэта архаічная большасьць, якая ўспрымае дзяржаву як сям’ю, якой павінен кіраваць «бацька», заяўляе, што Лукашэнка разумее, што любыя спробы рэформаў прывядуць яго да тых жа вынікаў, што і Гарбачова, і тлумачыць, у чым гістарычны шанец для Беларусі.


«Бацька» на тое і існуе, каб раздаваць каманды і потым пільнаваць, каб выконваліся


— Той , які наладзіў Лукашэнка беларускім чыноўнікам у Воршы, нагадаў, што кіраўнік Беларусі даволі доўгія гады эфэктыўна карыстаецца такім мэтадам. І ў значнай часткі беларускага грамадзтва гэты мэтад выклікае пэўны станоўчы водгук — «кіраўнік дзяржавы знаходзіць вінаватых, напэўна, нешта зьменіцца да лепшага». Якое ваша ўражаньне як аналітыка і сацыёляга: ці дзейнічае і цяпер — у момант эканамічных праблемаў, у момант прыкметнай стомленасьці насельніцтва ад Аляксандра Лукашэнкі — ці знаходзіць і цяпер гэты мэтад водгук у беларускім грамадзтве?

— Я мяркую, што адказ будзе станоўчы. Рэч у тым, што большасьць беларусаў — гэта людзі, якія знаходзяцца на дадзяржаўнай стадыі разьвіцьця. То бок яны ўяўляюць сабе дзяржаву як вялікую сям’ю. А ў вялікай сям’і такія паводзіны кіраўніка сям’і, «бацькі», цалкам натуральныя. «Бацька» на тое і існуе, каб раздаваць каманды і потым пільнаваць, каб выконваліся. Таму справа ня ў тым, стаміліся людзі ці не — большасьць зь іх ня можа сабе ўявіць іншага спосабу кіраваньня дзяржавай. Так што для іх гэта выглядае цалкам арганічна.

Сяргей Нікалюк

— Але ж ёсьць нейкая адэкватная ацэнка эфэктыўнасьці такіх мэтадаў кіраваньня. Калі Лукашэнка дае загад паправіць дах, а дах не папраўлены —то нават у ягоных прыхільнікаў могуць узьнікнуць пытаньні да сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня?

— Калі паглядзець на лёс Гарбачова ці Ельцына — яны на піку сваёй падтрымкі пратрымаліся гады два. Але гэта адбывалася ў той момант, калі эканоміка і звыклы лад жыцьця імкліва развальваліся. Таму і адносіны да гэтых лідэраў вельмі хутка мяняліся. І я хачу нагадаць, што пры Лукашэнку 15 гадоў, ад 1996 да 2010 году, эканоміка расла ў сярэднім на 7 працэнтаў у год, даходы насельніцтва расьлі двухзначнымі лічбамі ў год. І такі посьпех ня можа быць перакрэсьлены вельмі хутка. Ён у выніку будзе перакрэсьлены, таму што беларуская мадэль свой рэсурс вычарпала — але для гэтага людзям трэба больш часу.

— Вы неяк прыводзілі лічбы, што самы пік падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі прыпаў на 2011 год, калі адбылася дэвальвацыя і падзеньне даходаў. То бок калі дабрабыт падае — ніякі «бацькоўскі» стыль кіраваньня не дапамагае?

— У прынцыпе — так. Але ня трэба забываць, што пасьля 2011 году даволі хутка зноў пайшоў рост. І статыстыка бягучага году паказвае, што даходы насельніцтва сёлета вырасьлі на 7 працэнтаў. А насельніцтва разважае выключна па сваёй кішэні, а не па развагах эканамістаў.

Падзел беларускага грамадзтва на прасунутую, мадэрнізаваную меншасьць і архаічную большасьць даволі стабільны — 30 на 60 працэнтаў


— На пачатку размовы вы сказалі, што беларусы ўспрымаюць дзяржаву як вялікую сям’ю. Якая частка беларусаў мысьліць менавіта так, а якая ўспрымае дзяржаву па-эўрапейску, як балянс улады і розных інтарэсаў?

— Калі паглядзець на дадзеныя НІСЭПД цягам 20 гадоў, то гэты падзел беларускага грамадзтва на прасунутую, мадэрнізаваную меншасьць і архаічную большасьць даволі стабільны — 30 на 60 працэнтаў. І гэтыя суадносіны захоўваюцца цягам 20 гадоў працы НІСЭПД, сёньня яны прыблізна такія ж.

— Гэтая архаічная большасьць апошнія 20 гадоў паступова падвышае свой дабрабыт, купляе новую тэхніку, аўтамабілі, часьцей езьдзіць за мяжу. Чаму яна не мяняецца, застаецца патэрналісцкай?

— Рэч ня ў тым, ці ёсьць у іх сучасныя смартфоны. Рэч у тым, што на гэтыя смартфоны яны зарабілі на працы, якая залежыць ад дзяржавы. Праблема ў тым, што безь дзяржавы, бязь ейнай апекі яны ня могуць самастойна выжыць. Узровень даходаў тут другасны.

Для меншасьці, якая ў стане самастойна выбудоўваць свае жыцьцёвыя стратэгіі, такая ўлада — перашкода. А для большасьці гэта часам адзіная надзея на паляпшэньне свайго матэрыяльнага становішча.

Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб ходзе выканананьня даручэньняў па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну. 13 жніўня 2018 году

— Ці зьвязаны гэты разгром Лукашэнкам чыноўнікаў з пачаткам выбарчай кампаніі?

— Шчыра кажучы, у мяне няма такіх думак. Эканоміка павольна, няспынна пагаршаецца. Нас не павінны бянтэжыць паказчыкі гэтага году, якія дэманструюць пэўны рост. Гэты рост адбываецца за кошт нафтапрадуктаў і росту цэнаў на іх. Лукашэнка выдатна разумее, што практычна ўсе задачы, якія ставіліся ім па разьвіцьці галінаў ці прадпрыемстваў, не выконваюцца. Так што ў цэлым тое, што сытуацыя пагаршаецца, ён ня толькі разумее, але і адчувае.

Лукашэнка разумее, што любыя спробы рэформаў прывядуць яго да тых жа вынікаў, што і Гарбачова


— Лукашэнка можа сабе думаць, што апазыцыйныя эканамісты 20 гадоў кажуць пра гібель беларускай эканамічнай мадэлі, але яна ўсё жыве. І ён можа лічыць, што яна яшчэ 20 гадоў будзе жыць. Ці ён усё ж можа прыйсьці да думкі пра неабходнасьць эканамічных рэформаў?

— Я думаю, ён разумее, што любыя спробы рэформаў прывядуць яго да тых жа вынікаў, што і Гарбачова. У арсэнале Лукашэнкі, як у песьні Высоцкага, «кроме мордобития, никаких чудес». Усе апошнія выступы Лукашэнкі з пасланьнямі маюць разьдзел, прысьвечаны якасьці кіраваньня. Гэтаму пытаньню аддаецца максымум увагі як фактычна адзінаму рычагу, якім можна ажыцьцявіць эканамічны прарыў. Але выходзіць што выходзіць.

— Я ўсё ж хачу працягнуць размову пра тыя самыя 60 і 30 працэнтаў — «архаічных» і «мадэрнізаваных». Па-мойму, гэта не павінна нас весьці да перадвызначанасьці. У некаторыя пераломныя моманты гісторыі (як на пачатку 90-х) большасьць, якая мэнтальна глыбока не зьмянілася, прымае новую рэальнасьць. І ў рэфарматараў ёсьць некалькі гадоў, каб радыкальна зьмяніць жыцьцё. Ці магчымая такая сытуацыя ў Беларусі, калі тая самая архаічная большасьць на нейкі час забудзе пра свае архаічныя падыходы і прыме новыя павевы?

— Гэта ня толькі магчыма, гэта абавязкова адбудзецца. Іншае пытаньне, у які канкрэтна тэрмін — тут я варажыць ня буду. Але вы слушна адзначылі, што такі пераход магчымы толькі на пэўны час. На пачатку 90-х у постсавецкіх краінах, напрыклад, у закаўкаскіх рэспубліках, да ўлады прыйшлі народныя франты. Але пратрымаліся яны нядоўга.

Такія хвалі ўвесь час пракочваюцца па нашай гісторыі. І грамадзтва, стаміўшыся ад аўтарытарызму, захоча лібэралізму, дэмакратыі. Але трэба дакладна разумець, што адбудзецца ня зьмена каштоўнасьцяў, а проста зьмена настрояў. І яна будзе нядоўгая. Калі гэта адбудзецца — я ня ведаю. Але думаю, што адбудзецца абавязкова.

— Але за гэты нядоўгі пэрыяд гэтай зьмены настрояў можна зрабіць нешта такое, што кардынальна зьменіць геапалітычную сытуацыю — напрыклад, уступіць у Эўразьвяз.

— Гэта, па вялікім рахунку, адзіная надзея. І адсюль вынікаюць два чыньнікі. Па-першае, каб Эўропа нас хутка і рэальна падтрымала. Па-другое, важна, каб прыблізна тыя ж працэсы ў гэты момант ішлі ў Расеі. Бо Расея, «страціўшы» Ўкраіну, такіх самастойных дзеяньняў у Беларусі не пацерпіць. Але цяпер працэсы ў Расеі разьвіваюцца ў тым самым кірунку, што дае нам некаторы шанец. Бо калі там пачнецца раней, то для нас гэта паслужыць трыгерам для нашых унутраных падзей.

Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме