10:15 17.04.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

3. Беларусь як прадмет прэтэнзій і спрэчак (працяг)










3. БЕЛАРУСЬ ЯК ПРАДМЕТ ПРЭТЭНЗІЙ І СПРЭЧАК

1. Беларусь пасля Вялікай рэвалюцыі. На момант Вялікай рэвалюцыі Беларусь была разрэзана лініяй фронту, якая пралягала на ўсход ад Пінска, Баранавічаў, Наваградка, на захад ад Смаргоняў, Паставаў і Дзвінска.
У час вайны ўдвая вырасла насельніцтва Менска. Са жніўня 1915 г. тут размяшчаўся штаб Заходняга фронту з яго шматлікімі службамі. Тут знаходзіліся шпіталі, розныя вайсковыя склады, тылавыя армейскія падраздзяленні. Тут жа працавалі бежанскія арганізацыі, дзейнічала аддзяленне Земгора – створанага ўсерасійкімі саюзамі земстваў і гарадоў камітэта дзеля забеспячэння арміі.
Важным цэнтрам стаў Магілёў, дзе з 8 жніўня 1915 г. размясцілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Практычна ўсе беларускіх землі, не захопленыя нямецкімі войскамі, знаходзіліся на ваенным становішчы. Органы друку знаходзіліся пад жорсткай цэнзурай, палітычная дзейнасць была паралізаваная. Беларусам ды іншым нацыянальным супольнасцям дазвалялася мець толькі дабрачынныя арганізацыі. Гэтыя арганізацыі, як правіла, служылі прыкрыццём для структураў нелегельных палітычных аб’яднанняў.
Пасля адрачэння Мікалая ІІ палітычныя партыі легалізавалаіся. З’явілася мноства газет. Палітычнае жыццё актывізавалася.

2. Палітычныя арганізацыі ў Беларусі. Асаблівасцю палітычнага жыцця Беларусі было тое, што тут актыўна дзейнічалі агульнарасійскія, габрэйскія, летувіскія, польскія і ўкраінскія палітычныя арганізацыі і грамадска-палітычныя аб’яднанні.

А) Расійскія сацыял-дэмакраты. Сусветная вайна прынесла ў пэўныя змяненні ў партыйную структуру Беларусі. Калі да вайны ў Беларусі амаль непрыкметнаю была прысутнасць бальшавікоў, дык на пачатку 1917 г. яны ўжо сталі даволі ўплывовай сілай. Касцяк бальшавіцкай арганізацыі ў Беларусі складалі бальшавікі, мабілізаваныя ў войска, а таксама тыя, хто працаваў у Земгоры ды іншых арганізацыях.
Дзеяч бальшавіцкай партыі Вільгельм Кнорын (сапр. Кнорынг) сцвярджаў, што ў даваеннай Беларусі “бальшавіцкія арганізацыі заўсёды былі слабыя”, што “ў дробнарамесніцкім і мяшчанскім Менску... бальшавіцкіх традыцыяў ніколі не было” (с. 81), і ён жа пісаў, што ў нашай краіне заснавальнікамі камунізму як палітычнай плыні была “старая бальшавіцкая гвардыя, закінутая ў Беларусь вайной зь Ленінграда, Масквы, Іванава і г. д”.
Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1912 г. бальшавіцкая фракцыя Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі выдзеліліся ў асобную партыю, адразу пасля Вялікай рэвалюцыі ствараліся аб’яднаныя арганізацыі расійскіх сацыял-дэмакратаў. Першая такая арганізацыя на тэрыторыі Беларусі паўстала ў Магілёве. Хоць унутры арганізацый вяліся спрэчкі і хоць Красавіцкая канферэнцыя РСДРП(б) прызнала немагчымым існаванне аб’яднаных арганізацый, “аб’яднанкі” ў Беларусі існавалі і далей. Напрыклад, Менская аб’яднаная арганізацыя спыніла сваю дзейнасць толькі ў самым канцы ліпеня.

Б) Сацыялісты-рэвалюцыянеры. Самай масавай была ўсё ж Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па стану на лета 1917 г. у Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губернях, а таксама на Заходнім фронце дзейнічалі 22 эсэраўскія арганізацыі. Толькі на Заходнім фронце ў шэрагах ПСР налічвалася 32 тысячы сябраў.
У маі–чэрвені 1917 г. у партыі вылучылася блізкая да бальшавікоў левая плынь, абазначыліся рознагалоссі ў пытаннях вайны і міру, зямельным пытанні, а таксама ў пытанні аб адносінах да Часовага ўрада, аднак да расколу партыі яшчэ не дайшло.

В) Кадэты. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя, або Партыя народнай свабоды, у 1917 г. (да кастрычніцкага перавароту) прырастала і правела, не ведаючы ніякіх расколаў. Паправенне партыі тлумачыцца тым, што ў яе шэрагі ўвайшлі акцябрысты і прагрэсісты. Кадэцкі краёвы цэнтр у Беларусі і на Заходнім фронце быў створаны ў жніўні. На той час у Беларусі налічвалася 18 партыйных арганізацый кадэтаў.

Г) Бунд. Самая старая габрэйская сацыялістычная партыя была і самай масавай. З мая 1917 г. яна мела свой Паўночна-Заходні абласны камітэт. На І бундаўскай канферэнцыі Паўночна-Заходняга краю ў чэрвені было прадстаўлена больш як 7600 сябраў партыі з Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерняў.
Хоць у Бундзе, як і ў меншавікоў, былі свае інтэрнацыяналісты і абаронцы, партыі ўдалося захаваць сваё адзінства да кастрычніцкага перавароту.

Д) Сіянісцка-сацыялістычная і Сацыялістычная габрэйская рабочая партыі, якія мелі свае арганізацыі ў Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Друі, Магілёве, Менску, Оршы, Полацку і Рэчыцы, у ліпені 1917 г. стварылі Аб’яднаную габрэйскую сацыялістычную рабочую партыю.

Е) Габрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (Паалей Цыён, Работнікі Сіёна). Сіяністы-сацыялісты, як і іншыя левыя партыі, апроч бальшавікоў, выступалі ў падтрымку Часовага ўраду.

Ж) Польская сацыялістычная партыя. Як вядома, у 1906 г. гэтая партыя падзялілася на дзве арганізацыі: ППС-лявіцу і ППС-рэвалюцыйную фракцыю на чале з Юзафам Пілсудскім.
З кіраўнікоў ППС-лявіцы на тэрыторыі Расіі заставаўся Стэфан Крулікоўскі. Ён стварыў партыйную секцыю ў Петраградзе. Адмысловыя даследаванні аб дзейнасці партыйных структур ППС-лявіцы на падрасійскай тэрыторыі Беларусі ў 1917 г. не сустракаліся.
Не сустракаліся адмысловыя даследаванні і аб працы ў 1917 г. на падрасійскай тэрыторыі Беларусі структур ППС-рэвалюцыйнай фракцыі, але неабходна адзначыць, што ў Расіі працаваў Аляксандар Прыстар, выканаўца абавязкаў сябра Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта партыі і паплечнік Пілсудскага (у 1918 г. ён будзе сябрам Рады БНР).

З) Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы была прадстаўлена ў Беларусі асобнымі групамі Віцебску, Гомелі, Маладзечне, Менску ды інш. Гэтыя групы ядналіся з бальшавікамі. Дзеячы СДКПіЛ Фелікс Дзяржынскі, Браніслаў Весалоўскі, Томаш Магжык, Вінцэнты Матушэўскі, Станіслаў Трусевіч і Юзаф Уншліхт адыгралі прыкметную ролю ва ўсталяванні бальшавіцкага рэжыму ў Расіі. А Якуб (Якаў) Ганецкі і Карл Радэк сталі ў 1917 г. асабліва даверанымі асобамі Леніна.
У 1918 г. СДКПіЛ і ППС-лявіца створаць Камуністычную рабочую партыю Польшчы.

І) Нацыянальна-дэмакратычная партыя (эндэцыя, эндэкі). У час І сусветнай вайны на тэрыторыі Расіі заставаліся адзін з правадыроў гэтай правай нацыяналістычнай польскай партыі, дэпутат І, ІІ і ІІІ Дзяржаўнай думы Уладзіслаў Грабскі і яго брат Станіслаў, у расійскім войску служыў былы дзеяч маладзёжнага крыла партыі Уладзіслаў Рачкевіч, які ў 1917 г. адыграў важную ролю ў стварэнні польскіх вайсковых фармаванняў у Расіі. Аб працы эндэцкіх партыйных структур на падрасійскай тэрыторыі Беларусі ў 1917 г. звестак у нас няма.

Што тычыцца агульнарасійскіх партый, то ўсе яны, у тым ліку бальшавікі (латэнтна), адстойвалі адзінства і непадзельнасць Расіі. На гэтай жа пазіцыі стаялі і габрэйскія партыі. Самае большае, чаго яны жадалі, гэта ажыццяўлення прынцыпу нацыянальна-персанальнай аўтаноміі.

СДКПіЛ услед за сваім ідэолагам Розай Люксембург, ставіла на першае месца сацыяльнае вызваленне, вызнавала прынцып пралетарскага інтэрнацыяналізму і лічыла, што нельга дзеля нацыянальнага прынцыпу расхістваць шматнацыянальныя дзяржавы. Прыблізна на такой самай пазіцыі стаяла і ППС-лявіца.

ППС-рэвалюцыйная фракцыя, як і Нацыянальна-дэмакратычная партыя, стаяла за адраджэнне польскай дзяржавы. Пры гэтым і сацыялісты, і эндэкі лічылі, што ў склад адроджанай Польшчы належала ўключыць беларускія, летувіскія, украінскія і нават латвійскія землі (былыя Інфлянты).

3. Нацыянальнае пытанне ў Беларусі. У сакавіку 1917 г. Беларусь стала прадметам адкрытай барацьбы за валоданне ёю паміж Польшчай і Расіяй, Літвой і Расіяй, Латвіяй і Расіяй, Украінай і Расіяй. Фармальна яшчэ не было ні польскай, ні летувіскай, ні латвійскай, ні ўкраінскай дзяржаў, але ўсе жылі прадчуваннем распаду былой Расійскай імперыі, упэўненасцю ў тым, што адродзяцца колішнія і паўстануць новыя дзяржавы, і кожны нацыянальны рух выстаўляў свае пастулаты наконт межаў гэтых яшчэ ўяўных дзяржаўных утварэнняў.

А) Польска-расійская барацьба за Беларусь і Літву. Было відавочна, што Польшча для Расіі была страчана. Часоваму ўраду належала гэта канстатаваць. Аднак раней за Часовы ўрад гэта зрабіў Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які заявіў, што Польшча мае быць цалкам незалежнай. Часовы ж урад, прызнаўшы на два дні пазней права Польшчы на незалежнасць, зрабіў агаворку, што яе межы будуць вызначаны Ўстаноўчым сходам Расіі. У адказ створаная ў студзені 1917 г. аўстра-венгерскімі і нямецкімі ўладамі Часовая дзяржаўная рада ў Каралеўстве Польскім, якая засядала ў Варшаве, заявіла прэтэнзіі на тэрыторыю, якая ляжыць паміж этнаграфічнай Польшчай і Расіяй. Прэтэнзія абгрунтоўвалася тым, што гэтая тэрыторыя здаўна звязана з лёсам Польшчы. Інакш, кажучы, выказвалася польская прэтэнзія на землі, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў да першага яе падзелу ў 1773 г.

Дзеячы Часовай дзяржаўнай рады, вядома ж, разлічвалі на тое, што Польшча мае ў Беларусі і Літве моцную апору ў асобе памешчыкаў рыма-каталіцкага вызнання, якія ў большасці сваёй лічылі сябе або ў сапраўднасці былі палякамі, рыма-каталіцкі клер, які моцна ўдзейнічаў на сялян-католікаў, а таксама на вайскоўцаў.

На тэрыторыі Расіі дзейнічала канспіратыўная Польская вайсковая арганізацыя. Польскія дзеячы змагаліся за стварэнне ў расійскай арміі асобных польскіх злучэнняў, і ў ліпені 1917 г. на тэрыторыі Беларусі будзе сфармаваны І польскі корпус пад камандаваннем генерал-лейтэната Юзафа Доўбар-Мусніцкага.

Б) Летувіскія прэтэнзіі. Летувіскія дзеячы, нягледзячы на тое, што аб прэтэнзіі на іх краіну заявілі польскія палітычныя колы, самі марылі аб вялікай Літве і выказвалі прэтэнзіі на беларускія землі.
Паўсталы на тэрыторыі Расіі ў сакавіку 1917 г. Летувіскі нацыянальны камітэт выказаўся за тое, каб у склад будучай летувіскай дзяржавы цалкам увайшлі Ковенская і Сувалкаўся губерні. Пры гэтым не ўлічвалася, што ў Аўгустоўскім павеце Сувалкаўскай губерні паводле перапісу 1897 г. 49 адсоткаў насельніцтва складалі палякі, а 32,5 – беларусы. Апроч таго, летувісы былі меншасцю у Сувалкаўскім павеце (8,5 працэнта). Не улічваўся і этнічны склад Новааляксандраўскага павета Ковенскай, губерні: у Браслаўскай воласці беларусы былі большасцю.

Апроч Ковенскай і Сувалкаўскай, летувіскія дзеячы жадалі бачыць у складзе сваёй дзяржавы Віленскую губерню з Ашмянскім, Вілейскім, Віленскім, Дзісенскім, Лідскім і Свянцянскім паветамі. І гэта нягледзячы на тое, што паводле перапісу 1897 г. у Ашмянскім павеце беларусы складалі 80 працэнтаў насельніцтва, у Вілейскім – 86,9 працэнта, у Дзісенскім – 81 працэнт, у Лідскім – 73,2. Самай вялікай этнічнай групай былі беларусы ў Свянцянскім і Віленскім паветах (адпаведна 47,5 і 25,8 працэнта). Летувісы былі ў Свянцянскім павеце другой, а ў Віленскім – трэцяй этнічнай групай (пасля беларусаў і габрэяў). У самой жа Вільні асноўнымі этнічнымі групамі былі габрэі і палякі; беларусы складалі 4,2 працэнта насельніцтва, а беларусы – 2,1 працэнта. Да гэтага трэба дадаць, што мовамі віленскай вуліцы і рынкаў былі ідыш, беларуская і беларуска-польская ці беларуска-расійская трасянка, бо многія жыхары, якія лічылі сябе палякамі і рускімі, а таксама габрэі польскую і рускую мовы як след не ведалі.

В) Латвійскія прэтэнзіі. У адрозненне ад палякаў і летувісаў, латвійскія нацыянальныя дзеячы не імкнулся адразу аб’явіць незалежнасць свайго краю. Яны жадалі, каб у склад аўтаномнай Латвіі былі ўключаны Курляндская губерня і 4 паветы Ліфляндскай губерні. Апроч таго, яны жадалі далучыць да будучай Латвіі Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы Віцебскай губерні. У Люцынскім павеце беларусы складалі 20,5 працэнта насельніцтва, у Дзвінскім – 13,8, а ў Рэжыцкім – 5,4 працэнта. На падставе моўных дадзеных акадэмік Яўхім Карскі далучаў на сваёй мапе да беларускага арэалу часткі Дзвінскага і Люцынскага паветаў без павятовых цэнтраў.

Г) Украінскія прэтэнзіі. Паўсталая 4 сакавіка 1917 Украінская Цэнтральная Рада, заявіўшы, што ў склад аўтаномнай Украіны належыць уключыць усю Чарнігаўскую губерню, выказала такім чынам прэтэнзіі на Суражскі павет, у якім беларусы складалі 69,4 адсотка насельніцтва. Апроч таго, Я. Карскі лічыў цалкам або часткова беларускімі Мглінскі, Гараднянскі, Навазыбкаўскі і Старадубскі паветы Чарнігаўскай губерні.

Нельга не ўзяць пад увагу і тое, што лідар Украінскай Рады гісторык Міхайла Грушэўскі разглядаў як украінскую тэрыторыю значную частку Горадзенскай губерні: Бельскі, Берасцейскі і Кобрынскі паветы.

Найбольш смелыя летувіскія і ўкраінскія дзеячы пракладвалі будучую летувіска-ўкраінскую мяжу па тэрыторыі Пружанскага і Бельскага паветаў.

4. Патрэба беларускага адказу. Як бачым, адразу пасля падзення царызму Беларусь стала прадметам прэтэнзій і спрэчак яе суседзяў. Ці здолее Беларусь з аб’екту ператварыцца ў суб’ект, залежала ад саміх беларусаў. Паколькі ў той час у беларусаў мелася толькі адна палітычная арганізацыя – Беларуская Сацыялістычная Грамада, – многае, калі не ўсё, залежала ад умення дзеячоў гэтай партыі арганізаваць беларускае грамадства як на падрасійскай, так і на паднямецкай тэрыторыях і сфармуляваць мэты і задачы беларускага руху ў новых умовах.




Гл.: Кнорин В. Избранные статьи и речи. Мн., 1990. С. 46.Так у міжаваенны час бальшавікі лічылі патрэбным называць Санкт-Пецярбург, хоць горад у 1914 – 1924 гг. называлі Петраградам. Кнорин В. 1917 год в Белоруссии и на Западном фронте. Мн., 1925. С. 3.
* * *

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме